Я ўсёй душой цяпер пры сваім дзіцятку, і муж вельмі хоча, каб гэта быў сын. Удома я сплю на сваім дзявочым ложку ў сваім пакоі. Ноччу ў сьне прыходзіць да мяне жанчына, перад якою я адчуваю сябе вельмі й вельмі дробненькім зернем. У яе на чале тры цёмныя кругі, сярэдні вышэйшы. Упорна глядзіць яна на мяне й кажа мне, што буду мець сына, але на мне ляжыць вялікая адказнасьць за яго долю, каб я гэта памятала… Я прачынаюся. Мне неспакойна, і вобраз жанчыны са сну мяне перасьледуе. Я веру, што ў нас будзе сын, і мы ўжо ненароджанага яго назвалі Юркам.
I так нам 21/X 1935 г. радзіўся сын. Здавалася, што ўсе тыя непаладкі з ад’ездам, усе гэта толькі патое, каб шчасьліва, пры мужу нарадзіўся сын. А можа, яно так і было? Радзіўся ўдома ў нас, і роды былі вельмі цяжкія. Уся Зэльва з напружаньнем чакала, ці будзе сын, бо ж я сказала некалі, што раджу сына… Дзеці прыходзілі ў школу й апавяшчалі настаўнікам, што ў нас сын… Мы напісалі Маліцкім, як абяцалі, а за кума папрасілі харошага чалавека, маяго знаёмага яшчэ са школьных гадоў, ён, як і мы, беларус… А дзіцятка крычала, прагна ссала малако, варушыла энергічна ручкамі й нагамі, рвалася да жыцьця. Радзілася дробненькім — 2 кг 800 г, але хораша прыбывала. Я зьмянілася, мацярынства пранікла да глыбіні душы. Даць жыцьцё чалавеку раўнамерна цуду, перад якім моўкнуць усе іншыя справы. Нават мужчыны грубыя й бессардэчныя лагаднеюць і дабрэюць ля калыскі сваяго дзіцяці, такі ўжо мудры закон жыцьця.
Знаёмыя мяне адведвалі, але мы былі вельмі бедныя, і небагатаю была скромная выправа маяго сына. I вось паехаў тата на вакзал па гасьцей. Жонка інжынера Маліцкага была вельмі элегантнай дамай, і яе падаркі для хлопчыка вельмі прыгожымі й вельмі багатымі. Мне было няёмка, але вечар прайшоў хораша, бацюшка, старэнькі сьвятар Ян-сон, хрысьціў нам дзецятка ўдома, мы з мужам стаялі й плакалі…
I вось мужу далі дазвол выехаць. Ня проста так. Ён зьвярнуўся з просьбаю да аднаго памешчыка, а той да сваяго знаёмага міністра, і так толькі атрымаўся дазвол. Муж адвез мяне з сынам да маіх бацькоў, пабыў дзянек з намі, і мы разьвіталіся. Было ўжо халадно. Мне было яшчэ халадней, калі я ўсьведаміла сабе, што мы цяпер з сынам такія самыя. Я запаліла лямпу, узяла сшытак і пачала пісаць вершы, стала лягчэй. Я іх пісала ўвесь час, але нікуды не пасылала. Мне здавалася, што ўжо ад Сафо Словэнскай [13] Сафо (Сапфо) — старажытнагрэчаская паэтка (канец VII ст. да н. э. — 1-я пал. VI ст. да н. э.)
напісана так многа. Я пісала вершы для сябе й паказвала іх толькі сёстрам. Вершы мае ім падабаліся. Усе ў нашай хаце беглі да дзецятка. Мама з татам аддалі нам свой найцяплейшы пакой. Я спала, як птушка, — ледзь запішчала дзецятка, як я ўжо была на нагах. Я, здаецца, была як львіца, гатовая на страшнае ў абароне сваяго сына.
Аднойчы ў суботу я ўбачыла на падворку чужую фурманку, з яе выходзіў мой муж! Я думала, што гэта нейкая зьява, але гэта быў ён. Ён вярнуўся з Варшавы. Палякі разьбілі чэскі кансулят [14] Кансулят (польск. konsulat ) — консульства.
у Варшаве, і чэхі нікога пакуль што ў Прагу не пускалі. Загадалі прыехаць цераз пару тыдняў. I хоць грошай было вельмі мала, муж прыехаў да нас. Гэта было вельмі жадана, гэта было як сонца з-за хмар. Пару тыдняў пры калысцы сына мы былі вельмі шчасьлівыя, і гэты пражскі, эўрапейскі студэнт сказаў мне, што ня ведаў, як цікава можна жыць у глушы. I вось прыйшоў дзень, калі мы зноў разьвіталіся, і калі б я ведала, што гэта аж на два даўгія гады, я, напэўна, не змагла б стрываць гэтага. Сыночку было паўтара месяца. Цяжка было бяз мужа, яшчэ цяжэй было думаць, як там ён сам і бяз грошай і як яму там вучыцца ў такіх варунках, гэтаму цьвердаму маяму чалавеку, які першы з малой Зэльвы намагаўся напружаньнем усіх сіл стаць лекарам. Лекарам-беларусам з малой хаты сялянскай, з убогай лапінкі бацькавай зямлі. I ён дапяў свае мэты, хоць і галадаў, і працаваў на дарогах, на будоўлях, гдзе толькі змог. Ён стаў-такі лекарам, і гэта было як шчасьце.
А сыночак рос, быў гэта цудоўны, заўсёды чысьцюткі хлопчык, каханы ўсёй нашай сям’ёй. Найболей любілі яго малая Люсенька й мая мама. Хлопчык называў мяне «Ва-вацька» (Ларачка), а маму маю называў так, як усе мы — мамай. Прыехаў тата мужаў і цешыўся хлопчыкам, купіў мне й яму падаркі, пабыў крыху з намі. Муж пісаў часта, але вярнуцца ў Польшчу ня мог, яго тут ужо прасьледавалі й зусім не скрывалі, што пасадзілі б яго ў Картуз-Бярозу [15] Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, створаны ўрадам буржуазнай Польшчы ў мястэчку Бяроза-Картузская Палескага ваяводства, 1934–1939.
. Я была ў бацькоў, далей памагала тату нейк утрымаць нашыя Жлобаўцы. Былі залеглыя вялікія падаткі й даўгі ў воўпянскіх купцоў, пераважна тыя, за якія мы ўжо заплацілі. Тата мой моцна засумаваў. Было б доўга апісваць усё маё змаганьне, напады сэквэстратараў [16] Сэквэстратар (польск. sekwestrator ) — судовы выканаўца.
на нас і на сяло побач. Як валаклі каровы, цялушкі, палотны, дываны й лён. Як білі ботамі цяжарную жанчыну, аж скінула дзецятко на пятым месяцы, як раскрадалі дзявочыя скрыні, што маці наткалі ім за жыцьцё на пасаг… Ніхто не караў за крыўды, якія чынілі нашаму народу, чужым ад гэтага не балела сэрца. Гэта ж былі нелюдзі толькі, вось такія, якія й сяньня яшчэ бяскарна прасьледуюць і душаць астаткі жыцьця маяго й робяць з намі што хочуць. Нават ліст ад сына йдзе да нас два разы так доўга, як ходзіць звычайна, ну, альбо гэтых лістоў нам не аддаюць наагул… Здаецца часам, што жывем мы не сярод людзей…
Читать дальше