Сама смерць заслухалася салаўём i толькi прамiж сябе паўтарала:
— Спявай, салавейка! Спявай яшчэ!
— А ты аддасi мне за гэта каштоўную сваю шаблю? I сцяг? I карону? — спытаў салавей.
Смерць згодна хiтнула галавой i аддавала адзiн скарб за другiм. А салавей усё спяваў i спяваў. Вось ён заспяваў песню пра цiхiя могiлкi, дзе зацвiў бузiннiк, шыкуюць белыя ружы i ў свежай траве на магiлах блiшчаць слёзы жывых, дзе чутны лiтаннi па сваiх блiзкiх. Тут смерцi так захацелася дадому, на цiхiя могiлкi, што яна захуталася ў белы халодны туман i шуснула ў акно.
— Дзякуй табе, мiлая пташка! — прамовiў iмператар. — Я пазнаю цябе. Калiсьцi я прагнаў цябе з маёй дзяржавы, а цяпер ты сваёю песняй прагнала ад маёй пасцелi Смерць! Чым узнагародзiць цябе за гэта?
— Ты ўжо ўзнагародзiў мяне за гэта, — сказаў салавей. — Я бачыў слёзы на тваiх вачах, калi першы раз спяваў для цябе, — пра гэта мне не забыць нiколi. Шчырыя слёзы радасцi — самая шчырая ўзнагарода для спевака!
I ён заспяваў iзноў, а iмператар заснуў здаровым, моцным сном. А калi ён прачнуўся, у акно ўжо свяцiла сонца. Нiхто з прыдворных i слугаў нават не заглядваў да iмператара. Усе думалi, што ён памёр. Адзiн салавей не пакiдаў хворага. Ён сядзеў за акном i спяваў яшчэ лепш, чым заўсёды.
— Застанься ў мяне! — папрасiў iмператар. — Ты будзеш спяваць толькi тады, калi сам захочаш. А штучную птушку я разаб’ю.
— Не трэба! — сказаў салавей. — Яна служыла табе, як магла. Пакiнь яе ў сябе. Я не магу жыць у палацы. Я буду прылятаць да цябе, калi сам захачу, i буду спяваць пра шчаслiвых i нешчаслiвых, пра дабро i зло, пра ўсё, што робiцца вакол цябе i чаго ты не ведаеш. Маленькая птушка-спявачка лётае паўсюль — залятае i пад дах беднай сялянскай хаткi, i ў домiк рыбака, якi стаiць так далёка ад твайго палаца. — Я буду прылятаць i спяваць для цябе! Але паабяцай…
— Усё, чаго захочаш! — усклiкнуў iмператар i прыўзняўся з пасцелi.
Ён паспеў надзець сваю iмператарскую амунiцыю i прыцiснуў да сэрца цяжкую залатую шаблю.
— Паабяцай мне нiкому не абмовiцца, што ў цябе ёсць маленькая птушачка, якая расказвае табе пра ўсё ў вялiкiм свеце. Так справы пойдуць лепш.
I салавей паляцеў.
Тут увайшлi прыдворныя, якiя спяшалiся паглядзець на аджыўшага свой век iмператара, ды так i знерухомелi ў парозе.
А iмператар прывiтаў iх:
— Добры дзень! Цi, дакладней, добрай ранiцы!
Цi бачыў ты калi-небудзь сапраўдныя старадаўнiя шафы, скрозь пачарнелыя ад старасцi, з драўлянымi завiтушкамi?
У адным жылым пакоi стаяла якраз такая шафа, якая засталася сваiм гаспадарам у спадчыну ад прабабкi. Шафа была зверху данiзу пакрыта разьбой драўлянымi ружамi ды цюльпанамi; маленькiя аленi высоўвалi свае рагатыя галоўкi з мудрагелiстых завiтушак, а на самым вiдным месцы майстар выразаў постаць чалавека. Забаўна было глядзець на яго: ён скорчыў мiну i выскалiўся; аднак нiяк нельга было сказаць, што ён смяецца. Ногi ў чалавечка былi казлiныя, на iлбе тырчэлi рожкi, доўгая барада звешвалася на грудзi. Дзецi заўсёды называлi яго «казланогi обер-унтэр-генерал-капiтан-сяржант». Хаця гэтае званне было вельмi цяжка вымаўляць i рэдка хто яго заслугоўваў; ды i выразаць чалавечка з дрэва каштавала вялiкай працы. Тым не менш ён красаваўся на шафе, вечна касавурачыся на падлюстэрнiк, бо там стаяла прыгожанькая маленькая фарфоравая пастушка ў чаравiчках з пазалотай i ў залочаным капялюшыку. Сукенка яе была прыгожа падабрана збоку i аздоблена чырвонай ружай, а ў руцэ яна трымала пастуховы посах. Пастушка была чароўная! Амаль зусiм побач з ёю стаяў маленькi камiнар, чорны, як вугаль, але таксама фарфоравы. Ён быў чысцюсенькi i прыгожы. Нiколечкi не горшы за ўсякага iншага, i павiнен быў толькi выяўляць камiнара, — майстар мог бы з аднолькавым поспехам зрабiць яго i прынцам; цi не ўсё адно — камiнар альбо прынц?
Камiнар стаяў, прыняўшы прыгожую паставу i трымаючы ў руках драбiнкi, белатвары i ружовашчокi, як дзяўчына, — але гэта, бадай што было памылкай: не шкодзiла б яго хоць трошачкi выпацкаць. Ён стаяў амаль побач з пастушкай, бо iх так паставiлi, а калi ўжо яны апынулiся побач, дык i заручылiся, — яны ж вельмi падыходзiлi адно да другога: абое маладыя, зробленыя з аднолькавага фарфору i аднолькава крохкiя.
На падлюстэрнiку побач з iмi стаяла яшчэ адна лялька, але яна была ў тры разы буйнейшая. Гэта быў стары кiтаец, якi ўмеў хiтаць галавой. Ён таксама быў фарфоравы i казаў, што даводзiцца дзедам маленькай пастушцы, i хаця, вядома, не мог гэтага давесцi, але сцвярджаў, што мае права распараджацца ейным лёсам, — таму ён кiваў казланогаму обер-унтэр-генерал-капiтан-сяржанту, якi пасватаўся да пастушкi.
Читать дальше