Снедаць раніцой Рыкі прыехаў на веранду верхам на Тэдзевым плячы. Яму далі банан і кавалачак яйка. Ён перабываў на каленях ва ўсіх, бо добры мангуст ніколі не губляе надзеі зрабіцца мангустам хатнім. Усе яны з маленства мараць пра тое, што яны будуць жыць у чалавечых дамах і бегаць з пакоя ў пакой.
Пасля снедання Рыкі-Цікі выбег у сад — паглядзець, ці няма там чаго надзвычайнага. Сад быў вялікі, толькі напалову расчышчаны. Ружы раслі ў ім вялізныя, і апельсінавыя дрэвы, і лімонныя, і густыя зараснікі высокай травы. Рыкі-Цікі нават аблізнуўся.
— Нядрэннае месца для палявання! — сказаў ён.
І ледзь толькі падумаў пра паляванне, як хвост у яго надзьмуўся, што круглая шчотка. Ён шпарка абабег навакольную мясцовасць, нюхнуў тут, нюхнуў там, і раптам да яго данесліся з цярноўніку нечыя засмучоныя галасы. Гэта былі Дарзі, птушка-кравец, і яго жонка. У іх было прыгожае гняздо: яны сшылі яго з двух вялікіх лістоў тонкімі валакністымі дубчыкамі і напоўнілі мяккім пухам і бавоўнаю. Гняздо гушкалася ва ўсе бакі, а яны сядзелі на беражку яго і ўголас плакалі.
— Што здарылася? — спытаў Рыкі-Цікі.
— Вялікае няшчасце! — адказаў Дарзі. — Адно з нашых птушанятак вывалілася ўчора з гнязда, і Наг праглынуў яго.
— Гм, — сказаў Рыкі-Цікі, — гэта вельмі сумна… Але я тут нядаўна… Я нетутэйшы… Хто такі Наг?
Дарзі і яго жонка шмыгнулі ў гняздо і нічога не адказалі, бо з густой травы, з-пад куста пачулася прыцішанае сіпенне — страшны, халодны гук, які прымусіў Рыкі-Цікі адскочыць назад на цэлых два футы. Потым з травы ўсё вышэй і вышэй, вяршок за вяршком, пачала падымацца галава Нага, вялікай чорнай кобры [3] Кобра — атрутная змяя. На шыі ў яе малюнак, падобны да акуляраў. Калі яна злуецца, яна раздзімае шыю так, што атрымліваецца нешта накшталт капюшона.
, — і меў гэты Наг пяць футаў у даўжыню — ад галавы да хваста.
Калі трэцяя частка яго тулава паднялася над зямлёй, ён спыніўся і пачаў гойдацца, як адуванчык пад ветрам, і глянуў на Рыкі-Цікі сваімі злоснымі змяінымі вочкамі, якія астаюцца заўсёды аднолькавымі, пра што б ні думаў Наг.
— Ты пытаеш, хто такі Наг? Глядзі на мяне і дрыжы! Бо Наг — гэта я…
І ён раздзімаў свой капюшон яшчэ больш, і Рыкі-Цікі ўбачыў на капюшоне акулярную метку, якраз такую, як стальная пятля ад стальнога кручка.
Рыкі зрабілася страшна — на хвіліну. Але больш як адну хвіліну мангусты наогул нікога не баяцца, і хоць Рыкі-Цікі ніколі не бачыў жывой кобры, бо матка карміла яго мёртвымі, — ён добра разумеў, што мангусты на тое і існуюць на свеце, каб ваяваць са змеямі, перамагаць іх і есці.
Гэта было вядома і Нагу, і таму ў глыбіні яго халоднага сэрца быў страх.
— Ну дык што! — сказаў Рыкі-Цікі, і хвост у яго пачаў надзімацца зноў. — Ты думаеш, калі ў цябе акуляры на капюшоне, дык ты маеш права глытаць птушанят, якія вываляцца з гнязда?
Наг думаў у гэты час пра другое і пільна прыглядаўся, ці не варушыцца трава за спіной у Рыкі. Ён ведаў, што, калі ў садзе з'явіліся мангусты, значыць, і яму і ўсяму змяінаму роду хутка прыйдзе канец. Але цяпер яму патрэбна было адцягнуць увагу ворага. Таму ён крышку нагнуў галаву і, схіліўшы яе набок, сказаў:
— Давай пагаворым. Ты ж птушыныя яйкі ясі, хіба не праўда? Дык чаму ж мне не паласавацца птушкамі?
— Ззаду! Ззаду! Агляніся назад! — спяваў у гэты час Дарзі.
Але Рыкі-Цікі добра разумеў, што вылупліваць вочы ўжо няма калі. Ён падскочыў як мага вышэй і ўбачыў унізе пад сабою сыклівую галаву Нагайны, злоснай жонкі Нага. Яна падкралася ззаду, пакуль Наг размаўляў з ім, і хацела яго прыкончыць. Яна таму і сіпела, што Рыкі ўцёк ад яе. Падскочыўшы, Рыкі бухнуўся прама да яе на спіну, і калі б ён быў крышку старэйшы, ён ведаў бы, што цяпер самая пара пракусіць ёй спіну зубамі: раз куснуў — і гатова! Але ён баяўся яе страшнага джала. Усё ж ён куснуў яе, але не так моцна, як трэба было, і адразу ж адскочыў ад выгінаў яе хваста, пакінуўшы яе разлютаванай і параненай.
— Брыдкі, брыдкі Дарзі! — сказаў Наг і выцягнуўся ўгору колькі мог, каб дастаць да гнязда, што вісела на шыпшынавым кусце. Але Дарзі знарок будуе сваё гняздо так высока, каб змеі не дасталі да яго, і гняздо толькі загойдалася на суку.
Рыкі-Цікі адчуваў, што вочы ў яго робяцца ўсё чырванейшыя і гарачэйшыя, а калі вочы ў мангуста чырванеюць, гэта значыць — ён вельмі злосны. Ён сеў на хвост і на заднія лапы, як маленькі кенгуру, і, паглядзеўшы на ўсе бакі, забалбатаў ад злосці. Але ваяваць не было з кім: Наг і Нагайна шмыгнулі ў траву і зніклі. Калі змяі здарыцца прамахнуцца, яна не гаворыць ніводнага слова і не паказвае, што яна збіраецца рабіць. Рыкі-Цікі нават не спрабаваў даганяць іх, бо ён не быў упэўнены ў тым, што зможа справіцца з абодвума ворагамі адразу. Ён пабег трушком у напрамку да дома, сеў на пясчанай сцежачцы і глыбока задумаўся. Ды і было над чым падумаць.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу