Шарль Пэро
Чарадзейныя казкі
Жылі сабе кароль з каралевай, і не было ў іх дзяцей. Так яны сумавалі праз гэта, так сумавалі, што і сказаць няможна. Ужо і ўсе святыя крыніцы на свеце пааб'ездзілі, і маліліся, і бажыліся, і пацеры ўвесь час казалі — чаго толькі не рабілі, а ўсё дарма. Але нарэшце каралева такі зацяжарыла і нарадзіла дачку. Хрэсьбіны справілі пышныя. За хросных маці да маленькай прынцэсы паклікалі ўсіх чараўніц, якіх толькі ўдалося знайсці ў каралеўстве (а іх аказалася сем). Бацькам хацелася, каб кожная паводле звычаю, які тады быў у чараўніц, надзяліла іх дачку якім-небудзь дарам і каб прынцэса, такім чынам, мела ўсе найлепшыя якасці, якія сабе можна ўявіць.
Пасля хрэсьбінаў госці ўсёй кампаніяй вярнуліся ў каралеўскі палац, і там чараўніцам зладзілі вялікі банкет. Перад кожнай паклалі раскошны футарал з чыстага золата, а ў ім ляжалі залатыя лыжка, відэлец і нож, аздобленыя дыяментамі і рубінамі. Калі ўсе сядалі за стол, у залу раптам увайшла старая варажбітка, якую ніхто не запрашаў, бо яна больш за пяцьдзесят гадоў не выходзіла са сваёй вежы і ўсе лічылі, што яна памерла ці ляжыць там зачараваная.
Кароль загадаў прынесці кувэрт і ёй, але залатога футарала больш не знайшлося: іх зрабілі толькі сем — столькі, колькі было запрошана чараўніц. Варажбітка палічыла, што яе зняважылі, і пачала бурчаць скрозь зубы розныя праклёны. Маладая чараўніца, якая сядзела побач, пачула гэтае бурчанне і зразумела, што старая можа наклікаць на прынцэсу якое-небудзь ліха. І таму, калі ўсе ўсталі ад стала, яна адразу адышла ўбок і схавалася за фіранкай, каб гаварыць апошняй і мець такім чынам магчымасць крыху ўхіліць ліха, якое зробіць старая.
Тым часам чараўніцы пачалі надзяляць прынцэсу дарамі. Сама маладая паабяцала, што прынцэса будзе найпрыгажэйшая дзяўчына ў свеце; другая — што розум у яе будзе светлы, як у анёлка; трэцяя — што яна будзе майстрыха на ўсе рукі; чацвёртая — што яна будзе цудоўна танцаваць; пятая — што голас у яе будзе, як у салавейкі; а шостая — што яна будзе дзівосна граць на сама розных інструментах. Калі ж настала чарга старой варажбіткі, яна, трасучы галавой — не так ад старасці, як ад злосці, — сказала, што прынцэса ўколе руку верацяном і памрэ.
Ад такога страшнага выраку госці аж скалануліся, і ніхто не здолеў стрымаць горкіх слёз. У гэтую хвіліну з-за фіранкі выйшла маладая чараўніца і гучна прамовіла:
— Супакойцеся, кароль з каралеваю! Вашая дачка не памрэ. Праўда, я не маю такой улады, каб зусім зняць чары старой варажбіткі, і прынцэса ўсё ж уколе руку верацяном. Але яна не памрэ, а толькі засне глыбокім сном, які будзе доўжыцца сто гадоў. А потым прыйдзе малады каралевіч і разбудзіць яе.
І ўсё ж, нягледзячы на гэтае абяцанне, кароль вырашыў зрабіць усё, каб запабегчы бяды, наканаванай старой варажбіткай. Ён выдаў загад, які пад пагрозаю смерці забараняў усім і кожнаму прасці верацяном ці нават проста трымаць верацёны дома.
Гадоў праз пятнаццаць ці можа шаснаццаць кароль з каралевай паехалі ў адзін свой летні маёнтак; і аднойчы прынцэса, бегаючы там па палацы — з пакоя ў пакой, з паверха на паверх, — залезла аж пад самы дах адной вежкі, дзе ў невялічкай каморцы ўбачыла старую бабульку, якая прала на верацяно. Гэтая бабулька і чуць не чула, што кароль наклаў на верацёны строгую забарону.
— Бабуля, што вы тут робіце? — спытала прынцэса.
— Праду, маё дзіцятка, — адказала бабуля, якая не ведала, што перад ёю прынцэса.
— Ах, як гэта цудоўна! — сказала прынцэса. — А як гэта вы робіце? Дайце, я паспрабую, можа і ў мяне выйдзе.
Узяла прынцэса ручайку — а дзяўчына яна была няўрымслівая, дый гарэзніца добрая, а тут яшчэ над ёй панавала воля чараўніц, і таму — ледзь толькі яна гэта зрабіла, як адразу ўкалола руку верацяном і ў той самы момант самлела.
Бабуля вельмі спалохалася, пачала крычаць, клікаць на паратунак. На крык з усіх бакоў збегліся людзі — і ў твар вадой прынцэсе пырскаюць, і гарсэт распускаюць, і па далонях пляскаюць, і скроні вугорскім воцатам труць, ды ніяк да памяці яна не прыходзіць.
Тады кароль, які таксама прыйшоў у вежу на крык, успомніў пра наканаванае чараўніцамі ды падумаў, што, калі ўжо яны так сказалі, дык усё роўна ад лёсу нікуды не дзенешся. І загадаў ён, каб прынцэсу паклалі ў найлепшым пакоі ў палацы на ложку, вышываным золатам і серабром.
Читать дальше