Ён зірнуў на стары зношаны гадзіннік, які калісьці належаў Фабіяну Прывіту.
— Ужо амаль адзінаццаць, вам лепш сесці ў цягнік.
Не забудзь сказаць Нэвілу, як мы яго любім — сказала Джыні Джэймсу, абдымаючы яго.
— Мам! Я не магу сказаць прафесару, што яго любяць!
— Але ж ты ведаеш: Нэвіл....
Джэймс закаціў вочы.
— Па-за школай — так, але ж у школе ён прафесар Лонгбатам, ці не праўда? Я не магу прыйсці на травалогію і перадаць яму, што яго любяць...
Абураны матчынай неразумнасцю, ён спагнаў свае пачуцці на тым, каб піхнуць Альбуса:
— Пабачымся, Ал. Асцярожней з фестраламі.
— Я думаў, яны нябачныя. Ты казаў яны нябачныя!
Але Джэймс толькі засмяяўся, дазволіў маці пацалаваць яго, хуценька абняў бацьку і ўскочыў у цягнік, які імкліва напаўняўся. Хлопчык махнуў рукой бацькам і пабег у калідор шукаць сваіх сяброў.
— Наконт фестралаў няма чаго хвалявацца, — сказаў Гары Альбусу. — Яны лагодныя істоты, і ў іх няма нічога страшнага. Ува ўсякім разе, ты не паедзеш у школу ў брычцы, ты паплывеш у чоўне.
Джыні пацалавала Альбуса на развітанне.
— Убачымся на Каляды.
— Бывай, Ал, — сказаў Гары, калі сын абдымаў яго. — Не забудзься, што Хагрыд запрашае цябе на гарбату ў наступную пятніцу. Не дурэй з Піўзам. Не выклікай нікога на дуэль, пакуль не навучышся гэтаму. І не дазваляй Джэймсу нерваваць цябе.
— А што, калі я буду ў Слізэрыне?
Ціхія словы прызначаліся адзінаму бацьку, і Гары ведаў, што толькі момант ад’езду мог прымусіць Альбуса паказаць, якім моцным і шчырым быў яго страх. Гары схіліўся так, што твар Альбуса быў крыху вышэйшы за ягоны. У адзінага з траіх дзяцей Гары ў Альбуса былі вочы Лілі.
— Альбус Сэверус, — ціха сказаў Гары, каб не пачуў ніхто, акрамя Джыні, але яна была дастаткова тактоўнай, каб рабіць выгляд, што махае рукой Розе, якая была ў цягніку. — Табе далі імя ў гонар двух дырэктараў Хогвартса. Адзін з іх быў слізэрынцам, і, магчыма, ён быў самым мужным чалавекам з усіх, каго я ведаў.
— Але скажы толькі…
— І Слізэрын атрымае выдатнага студэнта, ці не так? Гэта не мае значэння для нас, Ал. Але калі гэта важна для цябе, ты зможаш выбраць Грыфіндор ці Слізэрын. Капялюш-размеркавальнік дазволіць табе выбраць.
— Сапраўды?
— Ён даў выбар мне, — сказаў Гары.
Ён ніколі не казаў гэтага сваім дзецям, і таму ўбачыў здзіўленне на твары Альбуса. Але паколькі ва ўсім пунсовым цягніку пачалі бразгаць дзверы, і затуманеныя абрысы бацькоў зтоўпіліся для апошніх пацалункаў і напамінаў, Альбус ўскочыў у вагон, а Джыні зачыніла за ім дзверы. З бліжэйшых вокнаў звешваліся студэнты. Вельмі шмат твараў і ў цягніку, і на вуліцы, здавалася, былі павернуты да Гары.
— Чаму яны ўсе ўтаропіліся? — выпытваў Альбус, калі яны з Розай выцягвалі шыі,
разглядаючы іншых студэнтаў.
— Не турбуйся, — адказаў Рон. — Гэта праз мяне. Я надзвычай знакаміты.
Альбус, Роза, Х’юга і Лілі засмяяліся. Цягнік пачаў рухацца, Гары крочыў побач, гледзячы на худы твар сына, які ўжо гарэў ад хвалявання. Гары працягваў усміхацца і махаць, хаця бачыць, як сын пакідае яго, было нібыта невялікая страта…
Апошнія рэшткі пары знікалі ў восеньскім паветры. Цягнік павярнуў. Рука Гары ўсё яшчэ была паднятая ў развітанні.
— З ім усё будзе добра, — прамармытала Джыні.
Гары паглядзеў на яе і бяздумна апусціў руку, дакрануўшыся да маланкавага шнару на ілбе.
— Я ведаю.
Шнар не балеў ужо дзевятнаццаць гадоў. Усё было добра.
Канец