- Усё аказалася значна прасцей, чым я думала, - сказала Герміёна, калі яны ўліліся ў радасны натоўп на залітым сонцам лужку перад школай, - дарэчы, мне было не абавязкова вучыць ані пра Кодэкс Гонару Маладога Пярэваратня ад 1637 года, ані пра паўстанне Эльфрыка Энергічнага.
Герміёна хацела пасля іспытаў пазвяраць адказы, але Рон сказаў, што яму ад гэтага стане блага, таму яны папляліся да возера і плюхнуліся пад дрэва. Двайняты Уізлі разам з Лі Джорданам тузалі за шчупальцы гіганцкага кальмара, які плёскаўся на цёплай водмелі.
- Ніякіх больш заняткаў, - шчаслівым голасам прагаварыў Рон, расцягваючыся на траве. - Не будзь такім сумным, Гары, у нас ёсць цэлы тыдзень да таго, як мы даведаемся, што напісалі ўсё няправільна! А пакуль можна ні аб чым не думаць.
Гары пацёр лоб.
- Хацеў б я ведаць, што ўсё гэта значыць! - у сэрцах выклікнуў Гары. - Шнар жудасна баліць... Гэта і раней здаралася, але ніколі так часта, як зараз.
- Схадзі да мадам Помфры, - параіла Герміёна.
- Я не хворы, - паспрабаваў растлумачыць Гары, - мне падаецца, гэтае папярэджанне… Павінна здарыцца нешта страшнае…
Але Рона немагчыма было ўстрывожыць, для гэтага было занадта горача.
- Гары, хопіць табе, Герміёна мае рацыю: пакуль Дамблдор тут, з каменем нічога не можа здарыцца. І потым, у нас няма ніякіх падстаў думаць, што Снэйп выведаў, як прайсці паблізу Флуфі. Яму ўжо адзін раз ледзь не адарвалі нагу, наўрад ці ён так адразу сунецца зноўку. І хутчэй Нэвіл будзе гуляць за зборную Англіі, чым Хагрыд здрадзіць Дамблдору.
Гары кіўнуў, але ён не мог пазбавіцца ад няяснага адчування, што забыў нешта зрабіць, нешта важнае. Калі ён паспрабаваў падзяліцца гэтым адчуваннем з сябрамі, Герміёна сказала:
- Гэта з-за іспытаў. Мінулай ноччу я прачнулася і паўтарыла палову курсу ператварэнняў, і толькі потым успомніла, што гэты іспыт мы ўжо здалі.
Гары, аднак, быў упэўнены, што яго турбота не мае нічога агульнага з іспытамі. Ён задуменна назіраў, як па яркім блакітным небе да школы падлятае сава з занатоўкай, заціснутай у дзюбе. А вось яму лісты прыходзяць толькі ад Хагрыда. Хагрыд ніколі не здрадзіць Дамблдору. Хагрыд ніколі нікому не скажа, як прайсці паблізу Флуфі… ніколі… але…
Раптам Гары ўскочыў на ногі.
- Ты куды? - сонна прамармытаў Рон.
- Я тут сёе аб чым падумаў, - буркнуў Гары, - Трэба тэрмінова сустрэцца з Хагрыдам.
- Навошта? - спытала Герміёна, якая вырашыла пайсці разам з Гары.
- Табе не падаецца, што гэта трохі дзіўна? - Гары караскаўся ўверх па здзірванелым схіле, - Хагрыд марыць аб драконе, і вось невядома адкуль з’яўляецца незнаёмец, у якога выпадкова ў кішэні аказваецца яйка дракона? Пакажы мне хоць аднаго чалавека, які разгуліваў бы з драконавым яйкам у кішэні? Улічваючы, што гэта незаконна? Як удала, што яму пашчасціла сустрэцца менавіта з Хагрыдам, табе не падаецца? Чаму я раней гэтага не зразумеў?
- Аб чым гэта ты? - не зразумеў Рон, але Гары, які не горш усякага спрынтара бег па двары да ўзлеска, не адказаў.
Хагрыд сядзеў у крэсле перад халупай. Рукавы ў яго былі закатаныя, і ён лузаў гарох у вялізную міску.
- Прывітанне, - сказаў ён, усміхаючыся. - Іспыты здалі? Можа, гарбаты?
- Так, давай, - папрасіў Рон, але Гары перабіў яго.
- Не, мы спяшаемся. Хагрыд, мне трэба ў цябе сёе-тое спытаць. Памятаеш тую ноч, калі ты выйграў Норберта ў карты? Як выглядаў той незнаёмец, з якім ты гуляў?
- А я памятаю? - бестурботна кінуў Хагрыд. - Ён і плашча не здымаў.
Ён убачыў перад сабою тры здзіўленыя твары і прыўзняў бровы.
- А чаго, нармалёва, нічога незвычайнага, у "Башцы парсюка" заўжды хапае ўсякага цудоўнага народу - гэта ж вясковая піўная. Нелегальны гандляр драконамі, чаго такога? Твар я не бачыў, ён быў у каптуры.
Гары знясілена споўз на зямлю поруч з міскай з гарохам.
- А аб чым ты з ім гаварыў, Хагрыд? Ты згадваў "Хогвартс"?
- Можа, і згадваў… - Хагрыд нахмурыўся, успамінаючы. - Ага… Ён спытаў, чым я займаюся, ну, я сказаў, я, маўляў, тут ключнік…Ён спытаў, за якімі жывёлінамі мне даводзілася прыглядаць… Я назваў… Потым распавёў, як заўсёды жадаў дракона… а потым… не памятаю сапраўды, ён купляў мне пітво, яшчэ і яшчэ… Пачакайце… Так, потым ён сказаў, што ў яго ёсць драконава яйка і прапанаваў згуляць на яго ў карты… але ён жадаў упэўніцца, што я змагу з драконам зладзіць, не жадаю, казаў, каб яго потым выкінулі… Тады я і сказаў, маўляў, пасля Флуфі мне ніякі дракон не страшны…
- А ён - зацікавіўся Флуфі? - спытаў Гары, імкнучыся, каб яго голас прагучаў спакойна.
Читать дальше