Вецер. Як і ў твайго і майго народа.
Пракажоны. Але я яшчэ й хворы. Кепска рухаюся. Двойчы за гэты час на нас рабілі аблавы, калі абрыдала паляванне на ваўкоў. Панская забава! Я самы адрынуты, самы загнаны.
Вецер. Як твой і мой народ. Без хлеба, без страхі, без волі, без мовы, зацкаваны, як звер, загнаны ў нару (паклаў пракажонаму руку на плячо). Ты не плач. Маці ведала, што рабіла. Можна жыць асобна і біцца асобна... Праз некалькі год праказа з’явіцца на лобе ці на плячы. Яна не дасць мне пацалаваць жонку і маці, падаць руку другу. Але нават праказа не забароніць мне ўсе гэтыя гады біць, душыць, рэзаць, паліць гэтых мярзотнікаў. Нішто не шкодзіць і пракажонаму загінуць як след. Бо лепей загінуць нават у катоўні, нават у агні, чым згнісці жыўцом.
Пракажоны. Чаго ты хочаш?
Вецер. Я ведаў, чаго хачу я. Працаваць у сваім двары, любіць дзяцей і суседзяў. Нічога гэтага не дадуць, як не далі табе. Цяпер я ведаю, чаго хачу. Смерці гэтых гадзюк, каб не паганілі зямлі.
Пракажоны. Чаго яны хочуць ад нас? Чаго яны ўсе-ўсе хочуць ад нас?!
Вецер (устае). Не плач, браце. Ніводная сляза твая не застанецца без помсты. Бывай, брат.
Абдымае яго і цалуе.
Маці сказала праўду: “У гэтым лесе... У яры... У гэтай нары беа святла – Чалавек. Помні, там Чалавек”.
Ноч. Стомлены тупат каня.
Песня
Супраць іхніх пякельных законаў
Коннік ляціць у агонь.
З ім – загнаны народ ягоны,
I бог на сцягах у яго...
Безнадзейнасць вачыма сталёвымі
У вочы мае глядзіць
З кожнай роднай пахмурнай дубровы.
Нельга жыць. Але што ж, будзем жыць.
Тое самае падвор’е, што і ў першай карціне. Толькі агні ў хаце згаслі. На ганку стаіць Агна Вецер. Здалёк далятае і сціхае ля брамы конскі тупат. Пасля з’яўляецца з цемры, асабліва густой перад світаннем, Васіль Вецер.
Агна. Было?
Вецер. Было.
Агна. Ненавідзіш мяне?
Вецер (спакойна). Ужо не.
Агна. Чаму?
Вецер. Разумею цябе. Гэта сапраўды жахліва, калі маці Ветру, а сын у яе не Вецер, а такі вось баязлівы вусень. I кожны мае права плюнуць...
Агна. Не, не зразумеў ты мяне. Не баязлівы – ты знайшоў бы ўрэшце сілы. Але нас давялі да краю, нас загналі ў норы. I калі ўжо лепшыя паўстаюць за свой аб’яўлены пракажоным народ...
Вецер. Ну.
Агна. То нельга, каб чалавек, які носіць прозвішча Вецер, не быў лепшы з лепшых. Мы для гэтага зашмат пакутавалі. Мы пакутамі купілі права на гэта. I калі іншыя ў бунце могуць быць проста ветрам, то шэлег табе цана, Вецер, калі ты не будзеш ураганам.
Вецер. Я і гэта разумею. Цяпер муру паміж мною і ворагам няма. Але ёсць мур паміж мною і табой. Учора я абдымаў цябе ў апошні раз. I не ведаў... Але пра гэта хопіць. Ты толькі помні, што яны паплоцяцца і за цябе, а ты заўсёды будзеш са мной. I вось што... скажы пра ўсё жонцы. Мне цяжка будзе растлумачыць Надзеі ўсё. Я лягу тут.
Агна. Дурны ты. Добра. Падумай яшчэ.
Павярнулася і пайшла ў хату. Вецерсцеле пад дубам плашч. Пайшоў у хату і ўзяў з падвокання пляшку. Вяртаючыся, запнуўся аб Лаўрэна, які спіць пад прызбай. Той узвыў праз сон:
Як якому смаркачу –
Я й за грошы не хачу.
Як якому блазну –
Па зубах я бразну.
Замармытаў і сціхнуў. Вецерсядае на плашч. П’е.
Вецер. Зоры... Як бы гэта сказаць: “Коціцца зорамі ноч. Вечны абег сусвету. Даўно насяляць я пакінуў анёламі неба гэта”. Кепска.
Падае знічка.
Упала нечае шчасце. Маё. (П’е.) Бог хоча прыкуць шчасце толькі да неба. А мятлушкі хапаюць яго і нясуць да людзей. Толькі са шчасцем маёй зямлі яны нешта замарудзілі. А, выдумка... Небу няма канца. (П’е) I я такі малы перад гэтай безданню. Толькі каханне рабіла так, што цёпла. А зараз і яго няма. Памру і развеюся... ільдзістым пылам. I сусветы памруць. Якая ж я пясчынка, выключаны з сусвету... Будзе бітва. Яны палягуць або мы... і кожны будзе нас ганьбіць. Што да гэтага зорам? Пройдуць тысячы год. Што тут будзе тады? Напэўна, ніхто не будзе адбіраць у іншага хлеб і гонар. Не будзе большага і меншага, эліна або іудзея. I кожная мова будзе панскай, а таго, хто яе саромеецца, будуць закідваць багном. (П’е). Не можа быць, каб яны не зразумелі нас, зняслаўленых і абылганых. Яны ж будуць... як багі, як лебедзі, як людзі. (П’е.) I я буду сярод іх, хворы, замучаны, адрынуты. А пажадаю – буду дзе хачу. (Ён плача, а вусны ўсміхаюцца.) Хто сказаў, што я малы? Сусвет у вачах, зоры ў мозгу, галасы ўсіх людзей у сэрцы. Я пажадаю – і хутчэй настане час людзей, што магутныя, як багі.
Читать дальше