А навакол мяне пяшчотна марыва,
Праменнямі асветленае, зыбіцца,
Лагодзіць грудзі мне… Яно ўздымаецца,
У воблачка згушчаецца і робіцца
Юначых кроз маіх чароўным вобразам…
Няўжо крынічыць сэрца зноў па-весняму,
Няўжо цяпер паўсталі зноў у памяці
Жыццёвы золак, і любоў юнацкая,
І першы позірк, колісь ледзь улоўлены,
Які цяпер мне скарбам стаў над скарбамі?
Імкнецца ўвысь, як хараство душэўнае,
Прывабны гэты прывід, забіраючы
Усё, што ў сэрцы ёсць маім найлепшае.
Ступае сямімільны бот, за ім другі. З ботаў сыходзіць Мефістофель. Боты бягуць далей.
Мефістофель
Фу! Як змарылі праменады!
Скажы, чаму сярод пячор
Спыніўся? Скальныя грамады
Я ведаю з тых даўніх пор,
Калі ў клубах геенскай пары
Тут балявалі чэрці і пачвары.
Фаўст
Табе легенду дай у рукі,
І ты прымаешся за штукі.
Мефістофель (сур’ёзна)
Калі гасподзь за нейкі дробны грэх
У апраметную наш род паверг,
Няўтульна жыць нам стала і нясыта,
Бурчала ў чэраве несамавіта.
І нейк прыпёрла ўсім чарцям адразу,—
Мы як далі! — хоць з пекла прэч ад газу!
Той серны газ як грымнуў угару,
Ушчэнт зямную трушчачы кару!
Дзе спод тады быў, пад нябёсы
Цяпер спічастыя імкнуцца ўцёсы,
А дзе быў верх, цяпер там спод —
І там жыве чарцячы наш народ.
Пазней мужы вучоныя з тых выбухаў-грымотаў
Вам вывелі тэорыю пераваротаў…
Вось так прарвалі чэрці пекла нетры
І ўжо гуляюць вольна на паветры.
А тайну вызвалення нашага пазней
Адкрыў апостал Павел для людзей {241} 241 Адкрыў апостал Павел для людзей . — Пасланне св. Паўла да эфесянаў, 6, 12: «Бо наша змаганне не супраць крыві і плоці, а супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць светаўпраўцаў цэлага свету цемры, супраць духаў злосці паднябесных».
.
(Пасланне да эфесян, 6,12.)
Фаўст
Я асаблівага не бачу дзіва,
Што высяцца тут горы ганарліва.
Прырода склалася з сябе сама
Разумна, мэтазгодна. Нездарма
Гара з гарою зводзіцца — у горы,
Рака з ракой зліваецца — у моры.
Заканамерна, што адхоны гор
Нахілены да рэчак і азёр.
На перамены творчыя прыродзе
Няма патрэбы ў чортавым смуродзе.
Мефістофель
Заўсёды ясна нам усё, аднак
Я сам пабачыў, што было і як —
Я добра помню, як смала
Кіпела тут, як кузня тут гула,
Калі Малох у вогненным гарніле
Каваў камлыгі ў тысячы пудоў.
І валуны дасюль яшчэ ў пяску і ў пыле
Ляжаць як сведкі тых гадоў.
Чаму? Хто скажа вам талкова —
Ці з пэўнай мэтаю, ці выпадкова
Напісана вучоных прац без ліку?
Вось толькі просты, цёмны люд
Не проста збіць, мой пане, з панталыку,
Люд ісціну даўно спазнаў: яна —
Ні больш ні менш як яркі цуд,
Які стварыў калісьці сатана;
Не без прычыны ж кажуць: «ведзьмін хвост»,
«Чарцячы палец», «чортаў мост».
Фаўст
Карысна ўведаць і спадсподу
Твой самабытны погляд на прыроду.
Мефістофель
Ды што мне на яе глядзець! —
Галоўнае, што чорт быў маладзец!
У нас, чарцей, наогул — вечна так.
Мы любім выдумку і кавардак.
А ты? Няўжо, спазнаўшы таямніцы,
Яшчэ не маеш яснасці пазіцый?
Няўжо твае вандроўкі па зямлі
Табе нічога так і не далі?
Ты ж зведаў без уплываў нічыіх
«Зямныя царствы ўсе і веліч іх» {242} 242 «Зямныя царствы ўсе і веліч іх» . — Цытата з Евангелля паводле Мацвея, дзе расказваецца, як д’ябал спакушаў Хрыста.
.
(Матв., 4, 8.)
Так, ты з няўрымслівых! Урваўшы дробку,
Не мог на пошуках паставіць кропку.
Фаўст
Я маю мэту! А якую,
Сам адгадай!
Мефістофель
Што ж, паспрабую.
Каб мог сабой ты ганарыцца,
Табе спатрэбіцца сталіца:
Крывыя вулачкі, бажніца,
Дамы, пастаўленыя густа,
Базар — цыбуля і капуста —
І яткі — там мясныя тушы,
Гудзенне мух, аж глухнуць вушы,—
У гэтым тлуме дзень пры дні
Смуроду шмат і штурхатні.
Далей — багатыя кварталы:
Палацы пышныя, парталы,
Шырокія бульвары, храмы.
А дальш ад гарадское брамы,
Там, дзе ўзвышаецца сцяна,—
Прадмесцяў людных гамана…
Замілавана будзеш ты
Глядзець на брычкі і карэты,
На люд, які сюды-туды
Снуе па вуліцах без мэты.
А варта там табе з’явіцца,
Няхай сабе гады ў рады,
І будуць тысячы дзівіцца
Пачціва на цябе тады.
Фаўст
Як можна думаць так, ну што ты!
Хто вам аддзячыць за турботы?
Народ вучы, кармі, а ён гатоў
Табе замест узнагароды
Пладзіць зацятых бунтароў.
Читать дальше