— Вы доктар Цынер.
Ушчэнт раззлаваная міс Уорэн заўважыла, што ён нават і не імкнецца схаваць, хто ён на самой справе, а проста нахабна паведамляе ёй прозвішча, пад якім падарожнічае.
— Маё прозвішча — Джон.
— Доктар Цынер, — гыркнула яна, прыкусіўшы зубамі ніжнюю губу, каб не страціць самавалодання.
— Рычард Джон, настаўнік, еду адпачываць.
— У Белград?
— Не. — Ён хвілінку павагаўся. — У Вену.
Яна яму не паверыла, але з усяе сілы прымусіла сябе быць ветлівай.
— І я еду да Вены. Калі хочаце, я пакажу вам некаторыя выдатнасці горада? — У дзвярах з'явіўся мужчына, і яна паднялася. — Выбачайце, калі ласка. Гэта ваша месца. — Яна ўсміхнулася, гледзячы ў канец купэ, ледзь устаяла на нагах, калі цягнік прагрукацеў на стыку рэек, не стрымаўшы адрыжкі, якая імгненна запоўніла ўсё купэ смуродам джыну і таннай пудры, што пасыпалася з яе твару. — Мы яшчэ сустрэнемся да Вены, — паабяцала яна і, зрабіўшы некалькі крокаў па калідоры, прыхілілася гарачым тварам да сцюдзёнага, бруднага акна, адчуваючы, як яе агортвае агіда да самой сябе за тое, што яна напілася і выглядае неахайнай. «І ўсё-такі я яго дастану, — падумала яна, пачырванеўшы ад сораму за сваю адрыжку, нібыта паненка на званым абедзе. — Чаго б мне гэта ні каштавала, чэрці б яго задралі!»
Ласкава-лагоднае святло заліло ўсё купэ. На хвілінку здалося, што сонца ўвасабляе штосьці, поўнае любові і спагады да людзей. Чалавечыя істоты плавалі нібыта рыбы ў залацістай вадзе, вызваленыя ад зямнога прыцяжэння, празрыстыя і ясныя, яны нібыта луналі без крылаў у шкляным акварыуме. Пачварныя твары і выродлівыя фігуры, можа, і не зрабіліся прыгожыя, але ператварыліся ў нейкія дзівосныя формы пад уплывам гэтых незвычайных абставін. У гэтай залацістай плыні яны ўзляталі ўгору і падалі ўніз, перашэптваліся і аддаваліся марам. Яны не былі зняволеныя, бо ў гэты ранні час яны не адчувалі сябе ў палоне.
Корал Маскер ізноў прачнулася. Яна адразу ж паднялася і падышла да дзвярэй. Майет стомлена драмаў, вочы ў яго зрэдку расплюшчваліся ў такт цягніку. Яе свядомасць заставалася надзвычай ясная, нібыта гэтае залацістае святло пранікала паўсюль, і ёй рабіліся зразумелыя звычайна схаваныя жаданні, памкненні і ўчынкі, на якія яна, як правіла, не зважала. Цяпер, калі яна назірала за ім і ён усвядоміў яе прысутнасць, Корал убачыла, як ён памкнуўся рукамі зрабіць нейкі жэст, але спыніўся. Яна зразумела, што ён свядома затрымаў гэты жартаўлівы жэст, характэрны людзям яго нацыянальнасці.
— Я свіння. Вы прабылі на калідоры цэлую ноч, — мякка сказала яна.
Ён вінавата паціснуў плячыма, нібы ліхвяр, які назначыў надта нізкую цану за дарагі гадзіннік ці багатую вазу.
— Той бяды! Я хацеў, каб вы адпачылі спакойна. Мне ўсё адно трэба было дачакацца кандуктара. Можна мне ўвайсці?
— Калі ласка. Гэта ж ваша купэ.
Ён усміхнуўся, не ўтрымаўся і шырока развёў рукі, схіліўшы перад ёю галаву ў лёгкім паклоне.
— Прашу прабачэння. Яно ваша. — Ён дастаў з рукава насоўку, узмахнуў рукамі: — Увага! Глядзіце! Білет першага класа.
Білет вылецеў з насоўкі і ўпаў на падлогу паміж імі.
— Ён — ваш.
— Не, ваш.
Ён весела засмяяўся, убачыўшы яе здзіўлены твар.
— Што вы? Я не магу ўзяць яго. Слухайце, відаць, ён каштуе дорага.
— Дзесяць фунтаў, — выхваляючыся, сказаў ён. — Дзесяць фунтаў. — Ён паправіў гальштук і нядбала кінуў: — Мне гэта дробязь.
Аднак яго самаўпэўненасць і самахвальства насцярожыла яе.
— Чаго гэта вы дамагаецеся? Вы за каго мяне прымаеце? — спытала яна з непрыхаваным глыбокім падазрэннем. Білет ляжаў каля іх ног. Нішто не прымусіла б яе падняць яго. Яна тупнула нагой — золата патухла і зрабілася жоўтай плямаю на шкле і падушках. — Я іду на сваё месца.
— Мне няма ніякай справы да вас. Хапае мне свайго клопату. Калі вам білет не патрэбны, можаце яго выкінуць, — з выклікам сказаў ён.
Корал бачыла, што ён назірае за ёй. Яго плечы зноў самаўпэўнена ўзняліся, самаўпэўнена і нядбала. Яна адвярнулася да акна, да ракі і да моста, што праплывалі міма, да аголенай бярозкі, усыпанай раннімі пупышкамі, і ціха заплакала. «Вось уся мая ўдзячнасць за спакойную, доўгую ноч салодкага сну, вось як я прымаю падарункі. — І яна з сорамам і смуткам нагадала свае дзявочыя сны пра цудоўных, славутых куртызанак, якія прымалі падарункі ад прынцаў. — А я лаюся на яго, як стомленая афіцыянтка».
Яна пачула, як Майет паварушыўся ў яе за плячыма, і зразумела, што ён нахіліўся па білет. Яна хацела павярнуцца да яго, падзякаваць яму, сказаць: «Як цудоўна было б ехаць увесь час на гэтых мяккіх падушках, спаць на гэтым месцы, забыцца на тое, што едзеш працаваць, уявіць, што ты багатая. Ніколі і ніхто не быў да мяне такі добры, як вы». Але словы, сказаныя раней, вульгарнасць яе падазрэнняў нібыта класавы бар'ер паўсталі паміж імі.
Читать дальше