З-за адчыненых дзвярэй пацягнула холадам, і доктара перасмыкнула.
— Ноч выдалася пакутлівая, — сказаў ён.
Яна адмахнулася ад яго слоў стомленым жэстам вялікай, грубай рукі.
— Толькі ўявіце сабе, — сказала яна з захапленнем. — Пакуль прысяжныя засядалі, ён выйшаў з залы суда на вачах у паліцыі. Яны сядзелі і нічога не маглі зрабіць, пакуль не вернуцца прысяжныя. Ох, магу прысягнуць, што бачыла загад пра арышт Цынера, які тырчаў з кішэні ў Хартэпа. А Цынер знік, нібыта яго і не было зусім. Далей усё пайшло па-ранейшаму. Нават у Камнеца.
Доктар не здолеў схаваць сваю поўную горычы цікаўнасць.
— На самой справе? Нават у Камнеца?
Яна скарыстала спрыяльную сітуацыю і загаварыла сіплаватым голасам, даўшы волю сваёй фантазіі:
— Так, калі б ён зараз вярнуўся, дык знайшоў бы, што нічога не змянілася: гадзіннік можна было б перавесці назад. Хартэп усё гэтаксама займаецца хабарніцтвам, Камнец юрліва вышуквае маленькіх дзяўчынак, тыя самыя трушчобы, тыя самыя кавярні, дзе даюць канцэрты ў шэсць і ў адзінаццаць гадзін. Карл звольніўся з «Масковы», вось і ўсе навіны, а на яго месцы працуе афіцыянтам француз. Адкрыўся, праўда, новы кінатэатр каля парку. Ах, вось яшчэ навіна: забудавалі сад з піўной Кругера, там зараз кватэры для дзяржаўных чыноўнікаў.
Ён прамаўчаў, не ведаючы, чым адказаць на гэты новы ход праціўніка. Значыцца, піўной Кругера больш няма, а з ёй зніклі і казачныя ліхтарыкі, і яркія парасоны, і цыганы, якія ціха ігралі ў прыцемку, пераходзячы ад століка да століка. І Карла няма. На імгненне ён здольны быў аддаць у рукі гэтай жанчыны сваю бяспеку і бяспеку сваіх сяброў у абмен на звесткі пра Карла. Можа, ён сабраў усе свае чаявыя, і жыве самотна ў адной з тых новых кватэр каля парку, і раскладае сурвэткі на сваім стале, выцягвае корак з бутэлькі, каб напоўніць свой келіх? Ён разумеў, што яму трэба перапыніць размову з гэтай п'янай, небяспечнай жанчынай, што сядзіць насупраць, але ён не быў здольны вымавіць ніводнага слова, пакуль яна паведамляла яму навіны пра Белград, тыя навіны, пра якія яго сябры ніколі не пісалі яму ў сваіх штотыднёвых зашыфраваных лістах.
Было і яшчэ нешта, пра што яму дужа карцела спытацца ў яе. Яна сказала, што трушчобы такія самыя, як і былі раней, і ён нібыта адчуў пад нагамі крутыя прыступкі, якія вялі ў вузкія цясніны вулачак, упоперак якіх была развешана бялізна, ён прыкладаў да носа насоўку, каб перабіць пах сабак, дзяцей, пратухлага мяса і чалавечых экскрэментаў. Яму хацелася ведаць, ці памятаюць там доктара Цынера. Ён быў знаёмы там з кожным жыхаром, знаёмы так блізка, што яны маглі б палічыць такую дасведчанасць у іх жыцці небяспечнай, калі б поўнасцю не давяралі яму, калі б па паходжанні ён не належаў да іх. І таму яго там абкрадалі, давяралі яму свае тайны, гасцінна сустракалі, сварыліся з ім і любілі яго. Пяць гадоў — доўгі тэрмін. Яго маглі ўжо і забыць.
Тут міс Уорэн перавяла дух.
— Аднак бліжэй да справы. Я хачу ўзяць у вас інтэрв'ю выключна для сваёй газеты. «Як я ўцёк?» Ці: «Чаму я вяртаюся на радзіму?»
— Інтэрв'ю?
Ён паўтараў яе словы, і гэта дзейнічала на нервы, у яе галава расколвалася ад болю, адчувала яна сябе пагана. Яна часта карысталася гэтым словам, каб выказаць сваю нянавісць да мужчын, да ўсіх іх выкрутасаў і хітрыкаў, да таго, як яны нахабна растоптваюць прыгажосць, а потым, крадком, уцякаюць прэч, — яны абуджалі ў ёй толькі агіду. Яны заўсёды выхваляюцца жанчынамі, якія далі ім асалоду. Нават гэты пажылы мужчына з пабляклым тварам, што сядзіць перад ёй, у свой час бачыў прыгажосць голага жаночага цела, яго рукі, якія зараз абхапілі калені, гладзілі, дамагаліся, атрымлівалі асалоду. А ў Вене яна страціць Джанет Пардаў, якая трапіць у свет, дзе пануюць мужчыны. Яны будуць гаварыць ёй ліслівыя словы, дарыць квяцістыя танныя падарункі, нібыта яна нейкая дзікунка, якую можна спакусіць люстэркам і шклянымі пацеркамі з «Вулворта» [11] Універсальная крама ў Лондане, дзе гандлююць таннымі таварамі.
. Аднак больш за ўсё яе бянтэжыла тое, што сама Джанет будзе атрымліваць асалоду — да ўцех мужчын ёй не было ніякай справы. Не кахаючы яе зусім — не пакахаўшы яе нават на гадзіну, на дзень, на год, — мужчыны будуць прымушаць яе млець ад асалоды, рыдаць ад здавальнення плоцкіх жаданняў. А вось яна, Мейбл Уорэн, якая ўратавала яе ад мізэрнага лёсу гувернанткі, карміла яе, адзявала, гатовая кахаць яе з нязменнай страсцю бясконца, да скону жыцця, магла толькі пацалункамі выказаць сваю любоў, ёй заўсёды наканавана ўсведамляць, што яна не здатная прынесці ёй поўную асалоду і сама не адчувае нічога, апроч незадаволеных жаданняў. І вось зараз, калі ў яе трашчыць ад болю галава, калі ад яе нясе п'яным смуродам, калі яна разумее, як агідна выглядае яе счырванелы твар, Мейбл Уорэн моцна ненавідзела гэтых «паганых» мужчын, іх настырнасць і штучную прывабнасць.
Читать дальше