У святле паходні яе зноў уразіў усёразумеючы погляд доктара. Але разуменне гэтае застыла, яно назаўсёды застанецца нязменным. Яна адвяла вочы, потым глянула зноў, але нічога не змянілася. «Я не думала нават, што яму так блага. Мне нельга тут заставацца». Яна нават падумала, ці не абвінавацяць яе ў яго смерці. Гэтыя чужаземцы, з незразумелай ёй мовай, здатныя на ўсё. Але з нейкай дзіўнай цікаўнасці яна марудзіла, пакуль не дагарэў скрут. «Ці была ў яго калі ў жыцці дзяўчына?» Ад гэтай думкі ён страціў колішнюю значнасць і паважнасць і ўжо не быў для яе жахлівым мерцвяком. Яна разглядала яго твар уважлівей, чым адважылася б калі-небудзь раней. Непахіснасць сышла ад яго разам з жыццём. Яна ўпершыню заўважыла, што рысы яго твару былі надзіва рэзкія. Калі б яго твар не быў такі худы, ён не рабіў бы гэткага агіднага ўражання: пэўна, толькі вечныя клопаты і мізэрнае харчаванне надавалі яго твару глыбакадумнасць і пэўную адухоўленасць. Нават на смяротным ложы, у мігатлівым блакітным святле скрута з газеты, твар яго здаваўся вельмі сур'ёзным. «Напэўна, у адрозненні ад большасці мужчын, у яго ніколі не было дзяўчыны. Калі б ён быў блізкі з жанчынай, якая хоць крышку пакпіла б з яго, ён не ляжаў бы цяпер тут, не браў бы ў жыцці ўсё так блізка да сэрца, навучыўся б не злавацца, дазволіў бы падзеям ісці сваім парадкам — толькі так і трэба было яму жыць». Яна дакранулася да яго доўгіх вусаў. Яны былі смешныя, яны былі кранальныя, і таму знешні выгляд яго ніколі не быў трагічны. Потым скрут дагарэў, і для яе доктар быў ужо пахаваны, — ад усяго, што яна прачытала на яго твары, і ад усяго, што яна потым думала пра яго, яе ўвагу адцягнуў няясны гук блізкай машыны і нечых крокаў. Значыць, яе крык усё-такі пачулі.
Вузкая палоска святла пранікла праз няшчыльна зачыненыя дзверы. Пачуліся галасы. Нейкая машына ехала па дарозе з ціхім бурчаннем. Крокі пачалі аддаляцца, недзе адчыніліся дзверы, і скрозь тонкія сцены пуні яна пачула, як нехта ходзіць паміж мяхамі ў суседнім пакоі, паблізу забурчаў сабака. Ёй прыйшлі на памяць пляскатыя, аднастайныя палі каля Нотынгема, нядзеля, маленькая кампанія шахцёраў, з якімі яна некалі пайшла паляваць на пацукоў, сабака па мянушцы Спот. Сабака то забягаў у свіран, то выбягаў адтуль, а яны стаялі ўсе кружком, узброеныя палкамі. Цяпер знадворку пра нешта спрачаліся, але яна не магла пазнаць ніводнага знаёмага голасу. Машына спынілася, хоць рухавік працягваў ціха працаваць.
Потым дзверы пуні адчыніліся, і святло скокнула ўверх на мяхі. Яна прыўзнялася на локці і ўбачыла скрозь шчыліну ў сваёй барыкадзе бледнага афіцэра ў пенснэ і таго салдата, які стаяў на варце каля дзвярэй залы чакання. Яны накіраваліся да яе, і тут нервы яе здалі: яна не змагла вытрываць тых пакутлівых хвілін, пакуль яны будуць яе шукаць. Яны былі ўжо зусім блізка ад яе, і, калі яна ўсхапілася і крыкнула: «Я тут!» — афіцэр скокнуў да яе, выхапіўшы рэвальвер. Потым ён убачыў, хто гэта, і задаў ёй нейкае пытанне, застыўшы пасярод пуні з накіраваным на яе рэвальверам. Корал здалося, што яна зразумела яго, і яна сказала:
— Ён памёр.
Афіцэр нешта загадаў — салдат падышоў і пачаў павольна раскідваць мяхі. Гэта быў той самы салдат, які спыніў яе па дарозе да вагона-рэстарана, і ў першы момант яна адчула да яго нянавісць, пакуль ён не ўзняў галавы і не ўсміхнуўся ёй сарамлівай усмешкай, нібыта просячы ў яе прабачэння, у той час як афіцэр, стоячы ззаду, падганяў яго рэзкімі нецярплівымі загадамі. Раптам, калі салдат адцягнуў ад выхаду з пячоры апошні мех, іх твары амаль сутыкнуліся, і ў гэтую секунду ў яе ўзнікла такое пачуццё, быццам ён збіраецца выдаць ёй нейкую тайну.
Калі маёр Петкавіч убачыў, што доктар ляжыць нерухома, ён перасек пуню і накіраваў свой ліхтарык на яго мёртвае цела. Доўгія вусы зрабіліся светлымі ад моцнага промня, а расплюшчаныя вочы адлюстравалі яго, быццам металічныя пласцінкі. Маёр працягнуў рэвальвер салдату. Лагоднасць, рэшта немудрагелістага шчасця, якія хаваліся за беднасцю, рассыпаліся ўшчэнт. Здавалася, усе падлогі ў нейкім будынку праваліліся, толькі сцены заставаліся стаяць. Салдата агарнуў жах, яму было не па сіле вымавіць ні слова, не мог зварухнуцца з месца. Рэвальвер так і застаўся на далоні ў маёра Петкавіча. Маёр стрымаў сябе. Ён цвёрда глядзеў на салдата, з цікаўнасцю вывучаючы яго скрозь залатое пенснэ. Маёр дасканала ведаў усе пачуцці людзей, якія жывуць у казармах. Апроч пашарпаных кніг па германскай стратэгіі, на яго паліцах стаялі некалькі томікаў па псіхалогіі: ён, як спаведнік, ведаў самыя інтымныя падрабязнасці іх жыцця. Ведаў, наколькі яны жорсткія, наколькі добрыя, наколькі хітрыя і прастадушныя, ведаў, як яны весяляцца — ракія, гульні ў карты, віно і жанчыны, ведаў іх славалюбныя мары, хоць, вядома, яны зводзіліся да таго, каб расказаць жонцы якую цікавую ці кранальную гісторыю. Ён ведаў лепей за ўсіх, як пакараць кожнага з іх і як зламаць волю падначаленага. Раней ён злаваўся, калі салдат марудна адцягваў мяхі, але цяпер злосць прайшла. Ён пакінуў рэвальвер у сябе на далоні і зусім спакойна паўтарыў загад, гледзячы скрозь залатую аправу пенснэ.
Читать дальше