Дзікі пошчак капытоў раздзёр ноч. Коні імчалі як шалёныя. Дубатоўк, відаць таксама зразумеў, чым гэта пахне, і, азваўшыся шалёным крыкам, пабег з хуткасцю роспачы балотнай сцежкай. Ён бег, а коні за ім, прывучаныя да гэтага тым, хто зараз уцякаў ад іх.
Мы бачылі, што шалёна імчала дзікае паляванне караля Стаха, пазбаўленае коннікаў. Развяваліся ў паветры грывы, твань ляцела з-пад капытоў, і зорка гарэла над галовамі коней.
Бліжэй! Бліжэй! Адлегласць паміж Дубатоўкам і шалёнымі коньмі змяншалася. У адчаі ён збочыў са сцежкі, але звар'яцелыя коні збочылі таксама.
Крык, споўнены смяротнага жаху, даляцеў да нас:
— Ратуйце! О, кароль Стах!…
У той самы момант ногі ягоныя з маху ўскочылі ў бездань, а коні наздагналі яго і пачалі правальвацца. Першы дрыкгант змяў яго капытамі, уціснуў глыбей у смярдзючую багну і загігатаў. Забулькацела, загаварыла дрыгва.
— Кароль Стах!… — даляцела да нас.
Пасля нешта вялізнае заварочалася ў глыбіні, глытаючы ваду.
Пасля коні і чалавек зніклі, і толькі вялікія булькі засіпелі на паверхні.
Як свечка, палаў палац апошняга «рыцара», рыцара начных разбояў і воўчага сонца. Мужыкі ў вывернутых кажухах і з віламі ў руках стаялі вакол дома, залітыя чырвоным трывожным святлом.
Я з'явіўся дадому брудны, стомлены і, калі вартаўнік адчыніў мне дзверы, адразу прайшоў да сябе. Нарэшце ўсё было скончана, нарэшце раздушылі чыгунную дзікую сілу. Я быў такі выснажаны, што, запаліўшы свечку, ледзь не заснуў на ложку, напалову сцягнуўшы адзін бот. А калі я лёг, усё паплыло перад маімі вачыма: балоты, полымя над домам Дубатоўка, мерны пошчак капытоў, коннікі, жудасныя крыкі, твар Рыгора, які апускае цяжкія габлі-трайчаткі. І толькі потым цяжкі сон зваліўся на мяне, уціснуў галаву ў падушку, як конь капытом галаву Дубатоўка. Нават у сне я жыў падзеямі ночы: бег, страляў, скакаў і адчуваў сам, што ногі мае рухаюцца, бягуць у сне.
Дзіўным было маё абуджэнне, хоць і нельга было назваць абуджэннем мой стан. Яшчэ ў сне я адчуваў, што нешта цяжкае, вельмі нядобрае робіцца вакол, што ў пакоі гусцее цень нейкай невымоўнай, апошняй бяды. Быццам нехта сядзеў у мяне на нагах, так наліліся яны цяжкім. Я адкрыў вочы і пабачыў смерць пад руку з Дубатоўкам, які смяяўся. І я разумеў, што яны ў сне, што вочы я адкрыў у сне, што бяда па-ранейшаму жыве ў гэтым пакоі, рухаецца, што яна ўсё набліжаецца і набліжаецца.
Балдахін навісаў, плыў на мяне, душыў, і кутас яго вісеў проста перад маімі вачыма. Сэрца шалёна калацілася. Я адчуваў, што невядомае ідзе на мяне, што яго цяжкія крокі гучаць на пераходах, і я адчуваў, што я быў слабы, бездапаможны, што ўся мая сіла зараз дарэмная, што нейкае дурное страшыдла зараз схопіць мяне, або нават не мяне, а яе, і хрупнуць тонкія, слабыя яе костачкі. А я буду толькі глядзець. Я круціў галавою і мыкаў, не ў змозе адбіцца ад кашмарнага цяжкага сну.
І раптам полымя свечкі пацягнулася да столі; стала чэзнуць, чэзнуць, знікаць і згасла нарэшце, знясіленае барацьбою з цемрай.
Я глянуў на дзверы — яны былі прыадчынены. Зноў цяжкі кашмар. Месяц распляскаў святло па сценах пакоя, паклаў квадраты на падлогу, блакітным туманом курыўся ў праменнях дымок ад згаслай свечкі.
Застагнаў, не маючы змогі варухнуцца. І раптам пабачыў два вялікія бессэнсоўныя вокі, якія глядзелі на мяне з-за парцьеры. Гэта было жахліва! Я хітнуў галавою: твар жанчыны глядзеў на мяне. І яшчэ каб вочы яе глядзелі, а то яны ўтаропіліся кудысьці за мяне, быццам бачылі мяне наскрозь і ў той жа час не заўважалі.
Пасля невядомая істота паплыла да мяне. Я глядзеў на яе, на Блакітную Жанчыну Балотных Ялін, і валасы мімаволі ўставалі дыбарам на маёй галаве, хоць я і не ведаў, ява гэта ці сон, сон майго знясіленага цела. Гэта была яна, жанчына з партрэта, падобная на Надзею Яноўскую і адначасова зусім не падобная: даўжэйшы твар, спакойны, як смерць, зусім не той выраз на ім, постаць больш высокая і моцная. І вочы глядзелі мёртва і пранікнёна, глыбокія, як вір.
Блакітная Жанчына плыла. Вось яна ў сваім дзівосным блакітным уборы, які зіхацеў пераліўчатымі хвалямі пад туманным святлом месяца, выплыла на сярэдзіну пакоя, выцягнула рукі, мацаючы імі паветра.
Я адчуваў, што канчаткова прачнуўся, што ногі мае скутыя, што дзівосная здань рухаецца да мяне, цягне свае рукі.
«Што здарылася з гаспадыняй, можа, яна мёртвая зараз, нездарма ж такі невымоўны жах ахапіў маю істоту толькі што, у сне?»
Читать дальше