— Трэба будзе пайсці туды, — заўважыў я.
— Не, толькі без глупстваў. Там будуць мае людзі. І няхай пан прабачыць, але калі мы спаймаем гэтых паршыўцаў, мы зробім з імі як з канакрадамі.
Твар яго з-пад доўгіх касмылёў глядзеў на мяне з нядобрай усмешкаю:
— Мужыкі церпяць, мужыкі даруюць, мужыкі ў нас святыя. Але тут я сам патрабую, каб з гэтымі… як з канакрадамі: прыбіць асінавымі цвікамі да зямлі рукі і ногі, а пасля такі самы кол, толькі большы, — у задні праход, да самага нутра. І ад хат іхніх нават жарынкі не пакіну, усё пушчу попелам, каб духу нават… каб духу іхняга смярдзючага не засталося. — Падумаў і дадаў: — І ты сцеражыся. Можа, і ў тваёй душы калісьці панскі дух зашыбуе. Тады і з табою так… пане.
— Дурань ты, Рыгор, — холадна працадзіў я. — Свеціловіч таксама панам быў, а ўсё сваё кароткае жыццё вас, ёлупняў, ад прагнай шляхты ды пыхатых суддзяў абараняў. Чуў, як над ім лямантавалі? І я магу так загінуць… за вас. Маўчаў бы лепей, калі Бог розуму пазбавіў.
Рыгор крыва пасміхнуўся, пасля дастаў аднекуль са світкі канверт, такі скамечаны, быццам яго з ваўчынай зяпы выцягнулі.
— Добра, не крыўдуй… Вось табе ліст. У Свеціловіча тры дні як ляжыць, бо так на канверце… І паштар казаў, што сёння занёс табе да Балотных Ялін яшчэ і другі. Бывай, заўтра прыйду.
Я на месцы раздзёр канверт. Ліст быў ад вядомага знаўцы мясцовай генеалогіі з губерні, да якога я пісаў. І ў ім быў адказ на адно з самых важлівых пытанняў: «Шматпаважаны гасудар мой, пан Беларэцкі. Дасылаю вам звесткі пра чалавека, якім вы цікавіцеся. Нідзе ў генеалагічных маіх спісках, як і ў аксамітных кнігах, пра даўнасць роду Берманаў-Гацэвічаў я не знайшоў. Але ў адным старым акце я натрапіў на звестку, не пазбаўленую цікавасці. Выяўляецца, што ў 1750 годзе ў справе вядомага вальнадумца Нямірыча ёсць звестка пра нейкага Бермана-Гацэвіча, які быў за ганебныя ўчынкі вырачаны на баніцыю — выгнанне за межы былога каралеўства польскага і пазбаўлены шляхецкіх правоў. Гэты Берман быў зводным братам Яраша Яноўскага, што насіў мянушку «Схізмат». Вы павінны ведаць, што са зменаю ўлады старыя выракі пазбаўлены чыннасці, і Берман, калі гэта нашчадак таго Бермана, можа прэтэндаваць на прозвішча «Яноўскі», калі галоўная галіна гэтага сямейства згасне. Прыміце запэўненне…» і г.д.
Я стаяў як аслупянелы і ўсё перачытваў радкі ліста, хоць ужо моцна сцямнела і літары расплываліся перад маімі вачыма.
— Ч-чорт!… Усё ясна. Берман, наследнік Яноўскай, агідны мярзотнік, адмысловы нягоднік.
І раптам мне цюкнула ў галаву:
— Рука… адкуль рука. Ага! У Малога Чалавека, калі ён глядзеў на мяне праз акно, была рука, як у Бермана, такія самыя доўгія нялюдскія пальцы.
І я кінуўся ў палац. Па дарозе зайшоў да сваёй спальні, але ліста там не было. Ахмістрыня казала, што ліст быў тут, павінен быў быць тут. Яна вінавата квахтала перада мною: яна наогул стала пасля той ночы ў архіве вельмі ліслівай і мяккай.
— Не, пан, я не ведаю, дзе ліст. Не, на ім не было паштовага кляйма. Не, хутчэй за ўсё ліст даслалі з яноўскага наваколля, а можа, з павятовага мястэчка. Не, тут не было нікога… Вось хіба толькі пан Берман, які заходзіў сюды, думаючы, што пан дома.
Я не слухаў яе далей. Вочы мае прабеглі па бюро, дзе ляжалі раскіданыя паперы, у якіх, відаць, капаліся. Пасля гэтага я выбег з пакоя і пабег да бібліятэкі. Там не было нікога, толькі кнігі цэлым стосам ляжалі на стале. Іх нечакана кінулі для нейкай больш важлівай справы. Тады я накіраваўся да Бермана.
І тут сляды паспешлівасці, нават дзверы не зачынены. Слабы агеньчык серніка кінуў кружок святла на стол, і я заўважыў на ім адну пальчатку і разарваны наўскос канверт, такі самы, як і ў Свеціловіча тады, у той жахлівы вечар.
«Пан Беларэцкі, паважаны брат. Я мала і кепска ведаю пра дзікае паляванне. Але ўсё ж я магу сказаць табе нешта цікавае. Да таго ж, я магу раскрыць табе адзін сакрэт, таямніцу некаторых цёмных падзей у вашай хаце… Магчыма, гэта проста выдумка, але мне здаецца, што ты шукаеш не там, дзе трэба, любенькі. Небяспека ва ўласным палацы пані Яноўскай. Калі хочаш ведаць тое-сёе пра Малога Чалавека Балотных Ялін — прыходзь сёння ў сем гадзін надвячоркам на тое месца, дзе загінуў Раман і дзе ляжыць яго крыж. Там твой невядомы дабрадзей раскажа табе, у чым корань смяротных падзей».
Я на хвіліну завагаўся, прыпамятаўшы лёс Свеціловіча, але доўга вагацца нельга было: гадзіннік паказваў без пятнаццаці сем. А тут яшчэ Бермана няма… Куды пайшоў? Калі ён і Малы Чалавек, і кіраўнік дзікага палявання, ён павінен вельмі занепакоіцца, прачытаўшы перлюстраваны ім ліст. Ці не пайшоў ён замест мяне на спатканне з незнаёмцам, каб замкнуць яму рот? Цалкам магчыма. А тут яшчэ вартаўнік на маё пытанне пра Бермана паказаў рукою на паўночны захад, якраз у напрамку алеі і дарогі, што вяла да крыжа Рамана Старога.
Читать дальше