Яна павярнулася да мяне, я пабачыў зноў яе твар, на якім нос павіс амаль да падбародка, і рот з вялікімі зубамі. Зубы здаваліся асабліва вялікімі, бо былі адкрыты разам з дзяснамі, як быццам на твары не хапіла скуры на тое, каб прыкрыць рот.
— Рыцар, чаму б вам не сцерці гэты пыл, з верхняй паловы трумо? Я хацела б бачыць сябе ва ўвесь рост. Ва ўсёй прыгажосці.
Я толькі хацеў было выканаць гэта, як яна раптам сказала:
— А вы вельмі падобны да майго нябожчыка мужа. Ух, які гэта быў чалавек! Ён жыўцом узнёсся на неба, першы з людзей пасля Іллі-прарока. А Раман жывым трапіў у апраметную. Гэта ўсё злы геній яноўскага наваколля — дзікае паляванне караля Стаха. З таго дня я пакінула прыбіраць у гэтым доме на знак сваёй жалобы. Праўда, прыгожа? І так рамантычна!
Яна какетліва ўсміхнулася да мяне і пачала строіць вочкі па няпісаных правілах пансіёнаў высакародных дзявіц: «Вочкі на субяседніка, пасля ўбок з лёгкім нахілам галавы, зноў на субяседніка, у верхні кут залы і ў зямлю».
Гэта была злосная пародыя на чалавечыя пачуцці. Усё адно як малпа пачала б нечакана спяваць песню Афеліі ў англійскім арыгінале.
— Тут прыгожа. Толькі жахліва! Уй, як жахліва! Бр-р-р!… Бр-р-р!…
Яна раптам кінулася ад мяне на падлогу і залезла галавою пад купу нейкіх брудных ануч.
— Прэч! Прэч адсюль! Вы кароль Стах!
Жанчына білася і крычала, яе жоўтая нага выглядала з пыльных рызманоў. Я з жахам падумаў, што, магчыма, такі будзе лёс усіх людзей наваколля, калі незразумелы жах будзе і далей чорным крылом вісець над гэтай зямлёй.
Я збіраўся адступіць, як нечая рука лягла на маё плячо і грубы мужчынскі голас сказаў:
— Чаго вы тут? Хіба вы не бачыце, што яна трохі… дзівачка?
Хлоп пайшоў у перадпакой, прынёс адтуль прадзёрты партрэт мужчыны ў фраку і з «Уладзімірам» у пятлічцы і паставіў яго на стол. Пасля выцягнуў жанчыну з рызманоў, пасадзіў яе перад партрэтам.
— Пані Кульша, гэта не кароль Стах, не. Гэта з'явіўся пан фельдмаршал паглядзець на славутую тутэйшую красуню. А кароль Стах, вось ён, на партрэце, ён зусім мёртвы і нікога не можа забіць.
Жанчына паглядзела на партрэт. Сціхла. Мужчына дастаў з-за пазухі кавалак хлеба, чорнага, як зямля. Старая паглядзела на невядомага, засмяялася радасна і пачала шчыкаць пальцамі хлеб і класці яго ў рот, усё гледзячы на партрэт.
— Кароль Стах. Мужанёк ты мой. Што вароціш свой твар?!
Яна то драпала партрэт, то радасна нешта шаптала яму і ўсё ела хлеб. Мы атрымалі магчымасць размаўляць. Я глядзеў на мужчыну, апранутага ў сялянскую світку і поршні — скураныя палескія лапці, а ён глядзеў на мяне.
Мужчына быў год пад трыццаць, выключна высокі і добра складзены, з магутнымі пукатымі грудзьмі, трохі гарбаватай, калі сядзеў, спіною і загарэлай шыяй. Доўгія вусы рабілі твар суровым і жарсткаватым. Гэтаму ўражанню дапамагалі яшчэ дзве зморшчкі паміж броваў і шырока пастаўленыя пякучыя вочы. Белая магерка была насунута нізка на лоб. Чымсьці вольным, лясным веяла ад яго.
— Вы, пэўна, Рыгор, вартаўнік Кульшы?
— Так, — адказаў ён з іроніяй. — А вы, напэўна, новы госць пані Яноўскай? Чуў я пра такую птушку. Добра спяваеце.
— І вы заўжды так з ёю? — Я паказаў на старую, якая засяроджана плявала ў партрэт.
— Заўжды. Вось ужо два гады, як яна такая.
— А чаму вы яе не завязеце ў павет лячыць?
— Шкода. Як была здаровая, дык госці ездзілі, а зараз ніякая сабака… Шляхта! Паночкі нашы, туды іх…
— І цяжка даводзіцца?
— Ды не, калі я на паляванні, дык Зося глядзіць за ёю. Ды яна не часта шалее. І не патрабуе многа. Толькі хлеба вельмі многа есць, а так нічога не хоча. Ён выцягнуў з кішэні яблык і працягнуў старой:
— На, пані шаноўная.
— Не хачу, — адказала тая, упісваючы хлеб. — Паўсюль атрута, толькі хлеб чысты, божы.
— Бачыце, — сказаў Рыгор змрочна. — Сілком раз на дзень гарачым кормім. Пальцы мне часам пакусае, калі даём, так і схопіць. А нядрэнная была пані. Ды хоць і дрэнная, нельга кідаць божую душу.
І ён усміхнуўся такой вінаватай дзіцячай усмешкаю, што я здзівіўся.
— І чаго гэта яна?
— Спалохалася пасля смерці Рамана. Усе яны тут у чаканні жывуць, і, я скажу, большасці так і трэба. Мудрагелілі над нашым братам.
— Ну, а Яноўскай таксама?
— Пра Яноўскую не скажу. Добрая баба. Яе шкада.
Я нарэшце асмеліўся. Я зразумеў — гэта не здраднік.
— Слухай, Рыгор, я прыйшоў сюды, каб спытаць пра тое-сёе.
— Пытай, — сказаў ён, таксама пераходзячы на «ты», што мне вельмі спадабалася.
Читать дальше