— Ну вось і думай. А цяпер пайшлі! Рассоўваючы пругкія галіны кустоў, Антак
і Болцікаў сталі прабірацца да прасекі, па якой праходзілі слупы тэлефоннай лініі. Каля аднаго са слупоў Антак спыніўся. Ён дастаў з кішэні манцёрскія абцугі-кусачкі і палез на слуп.
— Што ты там забыўся? — задраўшы галаву, пацікавіўся Болцікаў. Але, убачыўшы, як спачатку адляцеў адзін провад, спрытна перашчоўкнуты Антакам, а за ім і другі, здагадаўся: — Правільна робіш. Каб ніякай сувязі ў іх не было.
— А ты думаў, мы лыкам шытыя? — саскокваючы са слупа і самазадаволена ўсміхаючыся, сказаў Антак. — Мы школу добрую прайшлі.
— А ты паведаміў туды, каб нас чакалі? — Болцікаў паказаў рукой на захад.
— Паспеецца, — і, злёгку падштурхнуўшы свайго саўдзельніка ў спіну, Антак дадаў: — Ну, ідзі ж! Не бойся!
* * *
Гэтая ноч — трэцяя ноч у лесе, непадалёк ад будаўнічай пляцоўкі дрэваапрацоўчага камбіната, — для Зінаіды Антонаўны была асабліва трывожнай. Спяць дзеці. Доўгі, багаты на ўражанні дзень змарыў усіх. Ды яны і не ведаюць тых трывог, якія не даюць спаць іх настаўніцы.
Недзе там, у крайнім будане, мірна сапе ў сне Васілёк. Няхай спіць. Ён шмат перажыў і мінулай ноччу, і сёння пасля абеду, калі ў іх у лесе сам сабой адбыўся піянерскі збор. Ну і дасталася ж яму ад таварышаў. Амаль усе прапаноўвалі адправіць яго дадому. Ведалі, што горшага пакарання не прыдумаць, і ўсё роўна прапаноўвалі. Ёй самой давялося заступіцца за яго. Вядома, учынак яго заслугоўваў такой кары. Але ж ён сам ва ўсім сумленна прызнаўся. І акрамя таго — пра гэта Зінаіда Антонаўна, вядома, змаўчала, — Васільку трэба было яшчэ сустрэцца з гэтым высокім шафёрам, забраць у яго дзённік Сцяпана Казімірава.
Зінаіда Антонаўна ляжала ў будане побач з Нінай, Нэляй і іншымі дзяўчынкамі, якія моцна спалі. Ляжала, але не спала. І не таму, што над вухам тонка і пранізліва звінелі камары, — іх яна нават не заўважала. Настаўніца, як гэта яна заўсёды рабіла, кладучыся ў пасцель, у думках падводзіла вынік прайшоўшага дня, ацэньвала свае ўчынкі, словы, прынятыя рашэнні. Яна не баялася назваць сваім імем любую памылку або промах, але заўсёды старалася не паўтараць падобнага ў іншы раз. Ці не таму Зінаіда Антонаўна лічылася лепшай настаўніцай у школе?
Вось хаця б Васілёк… Недагледзела ж, лічыла, што ўсіх сваіх выхаванцаў ведае як нельга лепш. Гэта ад залішняй самаўпэўненасці. А ён усё ж малайчына. Не пабаяўся нічога, нават пагроз. А чаму гэты шафёр яму пагражаў? І якія наогул падазроныя людзі гэты шафёр і той, кульгавы… Трымаюцца разам. Што паміж імі агульнага? І чаму так падазрона ён раптам захварэў, гэты Казіміраў? Ці не Казіміраў? Сёння ж раніцай яны размаўлялі, і нічога не было прыкметна, а вечарам Зінаіда Антонаўна застала яго з павязанай апухлай шчакой, жаласнага і няшчаснага. Вядома, у такім стане яму было не да размоў. Але нешта хутка яму так разнесла шчаку. І тут Зінаідзе Антонаўне давялося прызнаць яшчэ адну сваю памылку. Ёй трэба было не пісьмо пісаць Мірону Васільевічу, а пазваніць па тэлефоне. Так, промах, вельмі вялікі промах. Але яго можна выправіць. Не толькі можна — трэба. Заўтра ж у першую чаргу пазваніць Мірону Васільевічу і пра ўсё расказаць, — аддала сабе ў думках загад Зінаіда Антонаўна. «А чаму заўтра? — раптам задумалася яна. — Заўтра можа быць позна. Не, гэта трэба зрабіць сёння, зараз жа! У Мірона Васільевіча ёсць дома тэлефон. Нічога, што ўжо ноч. Я ж не па дробязях яго турбую».
Зінаіда Антонаўна паспешліва пачала апранацца. Паспешліва і ў той жа час асцярожна: ёй не хацелася трывожыць дзяўчынак.
Цяпер, калі пытанне з Казіміравым было, можна сказаць, вырашана, Зінаіда Антонаўна зноў у думках звярнулася да шафёра, стараючыся знайсці лагічнае тлумачэнне яго паводзінам. Але як яна ні старалася, нічога рэальнага ў галаву не прыходзіла. Навошта яму спатрэбілася запалохваць хлопчыка? І наогул, што ён хацеў знайсці ў дзённіку? Учора яна, вядома, не прыглядалася да гэтага шафёра, але сёння ўжо назірала за ім больш уважліва, бо ведала пра яго загадкавую просьбу. Зінаіда Антонаўна паспрабавала аднавіць яго партрэт у сваёй памяці. І раптам… раптам пальцы ў яе задрыжэлі: ёй здалося, што яна бачыла некалі гэтага чалавека, недзе сустракалася з ім. Гэты нядобры, палохаючы позірк… У каго ж быў такі позірк? Зінаіда Антонаўна з усіх сіл напружыла памяць і… з яе грудзей ледзь не вырваўся крык. Яна ўспомніла. Такі цяжкі, злосны позірк быў у начальніка паліцыі Вышамірскага. Калі яна хавалася ў кустах з сакваяжыкам доктара Долахава, а ён — Антак Вышамірскі — шукаў яе, у яго быў вось такі ж позірк. І гэты позірк запомніўся ёй на ўсё жыццё. Няўжо гэта ён? Начальнік паліцыі іх раёна? Нельга марудзіць ні хвіліны. Хутчэй да тэлефона!
Читать дальше