— Без шуму, без шуму…
— Можна і без шуму. — Болцікаў хутка схапіў стрэльбу за ствол, узмахнуў прыкладам, але Зінаіда Антонаўна нейкім цудам паспела ўхіліцца ад удару і кінулася бегчы. Вядома, бандыт у адзін момант дагнаў бы яе, калі б не раптоўны роў матора машыны непадалёк. Гэта адцягнула яго ўвагу, але не спыніла…
Паядынак вартаўніка з Зінаідай Антонаўнай убачыў Васілёк. Ён, не раздумваючы, выскачыў з прахадной і, схапіўшы на хаду вялікі камень, кінуўся на дапамогу да настаўніцы…
Прабягаючы па кучы бітай цэглы, Зінаіда Антонаўна спатыкнулася і ўпала. Болцікаў быў ужо ў трох кроках ад яе. Ён ужо зноў занёс прыклад для ўдару, але моцны штуршок зваліў яго з ног. Гэта Васілёк з усяе сілы тыцнуў яго галавой у спіну. Болцікаў паваліўся ад нечаканасці і выпусціў стрэльбу. Васілёк спрытна схапіў яе і хацеў адскочыць убок, каб узяць бандыта на прыцэл, але той паспеў учапіцца яму ў нагу. Страціўшы раўнавагу, Васілёк упаў. Ён яшчэ бачыў, як бліснуў нож у руцэ ў бандыта, як закрыла твар рукамі Зінаіда Антонаўна… У наступную хвіліну пальцы яго аслабіліся. Болцікаў, не марудзячы, падхапіў стрэльбу і кінуўся да настаўніцы.
— Цяпер ты ад мяне не ўцячэш!
І зноў ён не паспеў нанесці ўдару: зусім блізка, побач, прагучаў кароткі стрэл. Болцікаў схапіўся за бок рукамі і паваліўся.
— Мы, здаецца, ледзь не спазніліся?..
Зінаіда Антонаўна з тысячы іншых пазнала б гэты голас. Вядома, гэта Мірон Васільевіч, дзядзька Мірон, яе партызанскі камандзір. А вось падыходзіць і маёр Шэвелеў. Ён, быццам апраўдваючыся, гаворыць:
— Затрымаліся, пакуль з тым бандытам справіліся. Ледзь не ўцёк на машыне. А сябрука кінуў…
Толькі тут Зінаіда Антонаўна зразумела, што ўсё гэта не сон, што прыйшло выратаванне. Яна ўскочыла на ногі і кінулася да Васілька.
— Вася!
А над Васільком ужо схіліўся маёр Шэвелеў. Ён прыклаў вуха да грудзей хлопчыка і слухаў.
— Жывы! — нарэшце радасна паведаміў ён. — Хутчэй у бальніцу!
Непрыкметна праляцела лета. На дрэвах з'явілася першае жоўтае лісце, раней стала адыходзіць на адпачынак сонца, ночы зрабіліся больш цёмнымі і доўгімі. У школе празвінеў першы званок, які паклікаў вучняў у светлыя, абноўленыя пасля рамонту класы.
Сабраліся разам і героі нашай аповесці, цяпер ужо васьмікласнікі: Толік, Жэнька і Васілёк. Васілёк з'явіўся ў вёсцы зусім нядаўна, перад самым пачаткам заняткаў. Ён доўга праляжаў у бальніцы, а потым, выпісаўшыся, яшчэ цэлы месяц правёў у санаторыі.
Васілька было не пазнаць. Куды падзелася яго заўсёдная мітуслівасць, гарачнасць. Ён быццам адразу пасталеў. Ды тое ж можна было сказаць і пра яго таварышаў.
У жыцці бывае па-рознаму. Жыве сабе хлопчык, падлетак. Паступова — дома, у школе, сустракаючыся з дарослымі,— убірае ў сябе тое, што потым стане яго характарам, і неяк увесь час застаецца самім сабой. І толькі калі вырасце, заўважыць хто-небудзь: бач, чалавек вырас. А бывае і інакш: прашуміць над гарэзлівай хлапечай галавой навальніца, прымусіць задумацца, скалане — і не пазнаць хлопца. Нешта падобнае здарылася і з нашымі героямі.
Першага верасня, накіроўваючыся ў школу, ні Толік, ні Жэнька, ні Васілёк нават не здагадваліся, што гэта будзе для іх адзін з самых памятных дзён. На перапынках яны ўвесь час былі разам, але гаварылі аб дробязях. Толік хваліўся новым пяром, якое ледзь не само піша, Жэнька расказваў, што ён набыў лёску «сатурн» і можа падзяліцца з таварышамі, а Васілёк раптам успомніў, што, правёўшы цэлы месяц у Крыме, ён так і не пабачыў дэльфінаў. Можа, гэта рабілася знарок, таму што ўся школа глядзела на іх, як на герояў, і яны саромеліся.
Але перад апошнім урокам высветлілася, што як ні скромнічай, а сёння ім усё ж давядзецца пахадзіць у героях. У клас зайшла Зінаіда Антонаўна і аб'явіла, што пасля ўрокаў адбудзецца ўрачысты збор дружыны.
— У першы дзень? — здзівіўся нехта.
— Значыць, трэба, — адказала Зінаіда Антонаўна і таямніча ўсміхнулася.
Калі дружына пастроілася на лінейку, у залу ўвайшлі дырэктар школы, Мірон Васільевіч Дубатаўка, маёр Шэвелеў і яшчэ адзін мужчына з сівымі валасамі і маладым тварам. Гэта быў сакратар райкома партыі. Ён і пачаў гаварыць першы.
— Сябры! Мы прыйшлі сказаць вам дзякуй за вашы добрыя піянерскія справы. Асабліва мы ўдзячны тым, хто ўдзельнічаў у пошуках папер доктара Долахава. Рад паведаміць, што мы паслалі запіскі доктара ў Акадэмію медыцынскіх навук і днямі атрымалі адказ. Прэзідэнт Акадэміі піша, што праца доктара Долахава — цэлае адкрыццё для навукі.
Читать дальше