Усё гэта я даведаўся пазней. А ў той вечар яна доўга не затрымалася, спасылаючыся на маю стомленасць. Не дала мне выпіць кавы: «Спаць не будзеце». Пайшла, і я, як кажуць, вырубіўся – заснуў, ледзь прыпаў тварам да падушкі, спаў усю ноч, і вось дзіва – нічога не сніў. Зазвычай жа пасля выезду на месца забойства мне снілася ўсялякая дрэнь.
На працягу месяца мы амаль штодзень сустракаліся з Надзеяй, віталіся, перакідваліся парай слоў, часам разам пілі каву ў садку ці вячэралі ў мяне ў пакоі. Мы абое жадалі сустрэч, наталяючы сябе мяккімі адчуваннямі ўтульнасці і спакою за вячэрнім сталом, шчырых сяброўскіх стасункаў. Не ведаю, як так атрымалася, але пасля аднаго вечара ў садзе я адчуў: у наступны раз у нас будзе сэкс, і яна таксама адчула, я быў упэўнены ў гэтым. Мы дасягнулі ў сваіх адносінах такой напоўненасці, калі магчымая блізкасць рабілася не нечым надзвычайным, а ўсяго толькі абавязковым завяршальным штрыхом. І мы развіталіся тады першы раз кароткім сціплым, напалову жартоўным, напалову сяброўскім пацалункам у куткі вуснаў, быццам стрымліваючы сябе да заўтрашняга і адначасова абяцаючы адно аднаму будучы вечар.
Так і атрымалася. Не будзённа-банальна, але і не як дасягненне нейкай вышыні пачуццяў, як кажуць, з эмацыйным выбухам. Мы быццам ішлі разам праз лес пакручастай сцежкай, якая вяла ўверх досыць строма, віхляла між старых дрэваў, нырцавала ў густы зараснік, спускалася ў балотца, караскалася на выспу жоўтага пяску з чэзлым сасоннікам; ішлі, даверліва трымаючыся за рукі, і нам абаім важна было не проста дайсці да роўнай паверхні, а дайсці з тым сяброўскім даверам і чалавечай павагай, з якімі мы рушылі ў дарогу.
Тады Надзея выйшла з майго душа, загорнутая ў вялікі ручнік, прысела на ўскрайчык канапы і прамовіла ціха:
– Ты выбачай… Прыкідвацца з табой не буду… У мяне пасля разводу не было мужчын … – І тут жа прымружылася, у вачах успыхнулі агеньчыкі: – Забылася, што ўмела! Але і стрымлівацца не буду, як успомню!.
Сённяшняя гвалтоўная смерць маладой жанчыны была другой за час маёй працы ў пракуратуры. Вяртаўся дадому і думаў: як добра, што ёсць Надзея! За кароткі час я зразумеў, як многа яна значыць у маім жыцці. І не толькі як жанчына, а дакладней, зусім не столькі, а больш як сябар, якога паважаеш за яго розум, уменне слухаць, патрапляць у размове з табой на адну хвалю, разумець пачуцці і жаданні і не крыўдаваць, калі яны не супадуць з тваімі.
Пабачыў Надзею здалёк – на ёй была яе заўсёдная для работ на агародзе яркая жоўтая майка. Яна палівала грады са шланга: хмурныя дні ішлі адзін за другім без дажджу, вільготнасць часам вісела ў паветры, але зямля сохла. Абапёрся аб агароджу, павітаўся, адзначаючы для сябе: у такі позні час Надзея спецыяльна выйшла паліваць агарод – чакае мяне.
Яна кінула шланг, абцерла рукі аб запэцканыя шорты, падышла.
– Чайнік пастаўлю. Пасядзіш са мной?
Я не проста запрашаў, Надзея не магла не адчуць у маіх словах сапраўдную просьбу.
– Выпіць ты выпіў, а чым закусваў? – строга спытала яна. – Пачакае чайнік. Давай да мяне заходзь, я зварыла суп фасолевы з грыбамі. Заходзь, не мніся, не панясу ж я каструлю да цябе!
Я падпарадкаваўся. У Надзеінай хаце я ўжо быў два разы, то рушыў смела.
Яна не пыталася ні пра што, сядзела насупраць, глядзела, як я еў. Пасля супу паставіла на стол талерку з бульбяным пюрэ і кавалкам смажанай курыцы.
– Я наеўся, – квола засупраціўляўся я.
– Еш! – строга загадала Надзея, і дадала мякчэй: – Ты ж галодны ўвесь дзень…
– Ты, пэўна, чула пра сённяшняе?
– Знаю, расказвалі, – са скрухай уздыхнула Надзея. – Так шкада…
– Ты ведала Насцю Грыцук? – здагадаўся я аб прычыне скрухі.
– Так, – сумна пацвердзіла Надзея. – Ведзьма ведзьму ведаць павінна…
– Ты пра што? – са здзіўленнем зазірнуў я ў Надзеіны вочы.
– Я ж сказала табе: ведзьма ведзьму ведае. Насця – ведзьма, дачка ведзьмака. І я ведзьма, калі верыць былой свякрусе. Бо я чары навяла на яе сына, і той дапіўся да белай пены і сутаргаў…
Надзея памаўчала трошкі, сустрэла мой дапытлівы позірк і дадала:
– У мяне бабка, мама бацькі, казалі, была вядзьмаркай. Вучыла жанок рознаму, каб сваіх мужыкоў утрымліваць, каб сурокі наводзіць на разлучніцу… Вось, бачыш, як я цябе хутка да сябе прыманіла, – усміхнулася сумна, а потым дадала сур’ёзна: – Мы некалі разам у адным кіёску працавалі прадавачкамі. Пасябравалі. Яна мне спадабалася, хоць і была трошкі… дзіўная. Дарэчы, ты не смейся, я дык нічога не ўмею, ва ўсякім разе, не вучылася і мяне не вучылі, але нешта ад бабулькі мне перадалося. Я ў Насці адразу сілу пачула. І яна мяне адразу адчула. Мы трошкі сакрэтнічалі. Бацька яе многаму навучыў…
Читать дальше