– А вы як думаеце, калі пытаецеся?
Мне захацелася вось такой моўнай гульні, неабавязковай, лёгкай, дзе можна схавацца за паўжартам, дзе дапускалася двухсэнсоўнасць, а ўся гульня ахутвалася воблакам неабавязковасці, робленай раўнадушнасці – маўляў, як будзе, так і добра…
– Думаю, апетыт у вас наўрад ці быў, – зноў сур’ёзна адказала Надзея.
– І зараз няма, – развёў я рукі ў бакі. Сапраўды, я не мог думаць пра ежу, мне здавалася, быццам ад мяне і цяпер тхне тым смуродам з пажарышча. І ўявіць сабе які кавалак каўбасы, што будзе сквірчэць на патэльні, – не, тое было ўжо амаль выпрабаваннем, якое мне над сабой не хацелася ладзіць. – Але кавы пап’ю з вамі з задавальненнем. Вось толькі абмыю працоўны пыл і копаць… – вырвалася ў мяне прызнанне. Пятнаццаць хвілін – і я вас чакаю. Вы абяцалі ўчора, – нагадаў я строга.
– Абяцала, значыць, прыйду, – паціснула плячыма Надзея, быццам я засумняваўся ў нечым непахісна стабільным і моцным. – Ідзіце, мыйцеся…
Яна пастукала ў расчыненыя дзверы і зайшла ў пакой, калі я, прыняўшы душ і пераапрануўшыся ў свой стары спартовы касцюм, ставіў чайнік.
Мае паўдома, якія я здымаў, складаліся з невялічкай веранды з двума выхадамі – на вуліцу і ў агарод, і даволі вялікага пакоя, частка якога была адгароджаная лёгкай фіранкай з тканіны – тут стаяў стол, два крэслы, газавая пліта і мыйка. Атрымлівалася нібыта кухня. Тут жа ў куце быў устаноўлены сучасны душ, на сцяне вісеў вялізны электрычны воданагравальнік. Як кажуць, усе выгоды, акрамя яшчэ адной, якая знаходзілася ў самым дальнім куце садка, сярод двух вялізных, бы копы сена, кустоў чорных парэчак. У пакоі – вялікая канапа, першая набытая мной асабістая рэч з нерухомасці, а таксама два фатэлі, часопісны столік і вялікі стол з кампутарам—усе мае набыткі. Старая плеценая з лазы этажэрка засталася ад гаспадароў – яны прапаноўвалі прыбраць яе, як будзе замінаць, але мне этажэрка спадабалася: яна вельмі ўмяшчальная для кніг, ды і было ў ёй нешта самавітае. Пэўна, матэрыял – лазовыя пруткі рознай таўшчыні – выклікаў пачуццё датычнасці да мінулага, нечага сапраўднага.
Надзея зайшла з пакетам і, не пытаючыся, стала выкладаць на стол бохан хлеба, бутэльку гарэлкі і нешта ў цэлафанавым мяшэчку.
– Навошта вы? – па-сапраўднаму разгубіўся я.
– Ну, будзем лічыць, на ўлазіны прыйшла, першы раз у вашай хаце, нельга ж з пустымі рукамі. Як раней людзі хадзілі: хлеба бохан цэлы абавязкова… Ну, а гарэлка… Вам выпіць трэба, мабыць, дык паясце трохі. Я катлет сёння нарабіла, не разагравала… мне самой смачна іх халоднымі есці, можа і вам даспадобы будзе… закусіце.
– Я люблю халодныя катлеты. Дастанеш такую з каструлі ў халадзільніку, на ёй тонкая белаватая паска застылага тлушчу… Смаката! А вось разагрэтыя не люблю. Як гарачыя – дык толькі каб адразу з патэльні, – зачасціў я, каб схаваць сваю ўзрушанасць, наразаючы хлеб і дастаючы талеркі. – А ў мяне… няма чарак, – разгублена ўсміхнуўся я Надзеі. – Але ёсць два кубкі… для кавы.
– Ух ты, які асаблівы мужчына, – пляснула ў ладкі яна, ці то сапраўды надта здзіўленая, ці то прыкідваючыся. – Зараз прынясу…
Я не паспеў запярэчыць, як яна павярнулася і выйшла. І толькі цяпер я заўважыў, а правільней – зразумеў сапраўдную прычыну свайго ўзрушэння і хвалявання: на ёй была сукенка! Няхай не новая, не святочная, але не тая майка і спартовыя штаны, у якіх яна стаяла ля плота чвэрць гадзіны таму. «Эх ты, следчы…» – паўшчуваў я сам сябе, хутка пераапрануўся ў джынсы і чыстую сарочку з кароткімі рукавамі. Паспеў аднесці ўсё на часопісны столік – тут нам будзе зручна ў крэслах.
Надзея быццам і не заўважыла майго пераапранання. Мы выпілі, і я пачаў есці, адчуўшы сапраўдны голад. Яна ж толькі злёгку прыкусіла.
– Вы ешце, не саромейцеся мяне, мы ж суседзі. Потым падхапілася:
– Ой, на салату забылася!
З поўным ротам я замахаў рукамі, але яна ўжо была ля дзвярэй. Вярнулася хутка – з салатай са свежых агуркоў.
Мы вячэралі, выпівалі; правільней, еў і піў больш, натуральна, я, бо Надзея з’ела адно палову катлеты і колькі скрылікаў агурка ў смятане. У двух словах расказаў пра сябе, слухаў Надзею.
Яна не многа расказвала ў той вечар, кароткімі рысамі. Вывучылася на настаўніцу, але пасля нараджэння і смерці дзіцяці працуе прадавачкай у прыватніка.
Многа пазней, у нетаропкіх і шчырых размовах пад старой яблыняй перада мной пакрысе, бы з асобных пазлаў, складвалася Надзеіна мінулае жыццё. Замужжа ў дзевятнаццаць гадоў – ці то закахалася, ці то падалося, бо ўсё было ў першы раз: і само ўспыхнулае пачуццё, і хлапечыя заляцанні, і абдыманні, і пацалункі, і першая, пякучая ад сарамлівасці і страшная ад няведання сапраўднай глыбіні адчуванняў, блізкасць. Кінулася пасля вяселля ствараць свой сямейны куточак, перавялася на завочнае аддзяленне – вучылася на гістарычным факультэце. Жылі ў Мінску, закончыла вучобу – пераехалі сюды, на сваю радзіму, бо тут мужу бацькі купілі і падарылі аднапакаёўку. І раней здараліся крыўдныя спрэчкі быццам на пустым месцы, а тут варожасць свякрухі стала адкрытай – тая ад пачатку не ўпадабала выбар сына, надта ж незалежнай ёй падалася нявестка, ганарлівай… То калі пераязджалі ў кватэру, Надзею папярэдзілі: жыллё падоранае, а значыць, яе адсюль у любы момант могуць выкінуць. Змаўчала. Уладкавалася настаўніцай, выкладала гісторыю. Муж пайшоў у будаўнічую арганізацыю кіроўцам. Яго старыя сяброўскія сувязі добрай справы не зрабілі – пачыналася два разы на тыдзень партыямі ў більярд у кавярні, а пазней перайшло ў амаль штовечаровыя пасядзелкі ці ў кавярні, ці недзе ў інтэрнацкіх пакоях, іншы раз муж вяртаўся толькі пад раніцу. Спрабавала ўтрымаць – і адданай пяшчотай, ласкай, цярпеннем, і ўсёдазволенасцю ў ложку, – ды хутка адчула, што перад ёй нібыта не муж, а яго бяздушны вялізны грузавік, які яна нічым спыніць не зможа. Яна стала аднойчы на яго шляху, а пасля доўга не магла ачомацца. І не з-за болю ў пабітых спіне і галаве, а таму, што раптоўна стала пуста ў душы – так пуста, так холадна, што фізічны боль фактычна не заўважаўся, а на сінякі на твары яна ўвагі не звяртала. Добра, тое здарылася летам – не трэба было ісці ў клас да вучняў. Надзея ляжала на канапе доўгія вечары, амаль фізічна адчуваючы пустату ўнутры. Муж не прыходзіў некалькі дзён, але яна, падпарадкаваная галоўнаму правілу гаспадыні – якая б у сям’і ні была сварка, а абед павінен быць, – гатавала. У нейкі дзень, стоячы ля пліты, адчула, як невыносна смуродзіць смажаная рыба. Яе званітавала. Спуджаная, выйшла з туалета, а ў нос шыбанулі ў тысячу разоў узмоцненыя брыдотныя пахі такой знаёмай кухні. І ў чарговы раз укленчыўшы ў спазмах над унітазам, яна ўспомніла пра свае месячныя – і здагадка агаломшыла яе. У яе вось ужо другі тыдзень – затрымка. Надзея не спяшалася казаць пра цяжарнасць мужу і не памылілася: ён амаль ніяк не адрэагаваў на навіну. У тыя дні ён рэдка бываў цвярозым. Амаль усю сваю цяжарнасць Надзея праляжала ў гінекалогіі праз пагрозу выкідыша. Муж іншы раз наведваў яе, часцей нападпітку, колькі разоў яна не выходзіла да яго, бо ёй пераказвалі: моцна п’яны. І там жа вырашыла: народзіць – адразу да бацькоў. Нарадзіла. Парвалася вельмі, ледзь спынілі кроў. Хлопчык памёр; і дзякуй Богу, што забраў яго маленькім, такога… А яна пайшла да маці. Муж і не паказваўся, нават не званіў. І на развод не прыходзіў, суддзя зачытаў яго заяву-просьбу разглядаць справу ў яго адсутнасць і згоду на скасаванне шлюбу. І вось Надзея адна. Цяпер зусім адна: нядаўна памерла маці, бацьку пахавалі раней…
Читать дальше