- Вы ж самi бачылi.
- Вы прыйдзеце заўтра ранiцай?
Яна праводзiць яго да дзвярэй - i адразу ж зачыняецца. Туман такi густы, што Мэгрэ не ведае, куды iсцi. Але брамку ўсё ж такi знаходзiць. Выйшаўшы з саду, ён адчувае спачатку, што iдзе па траве, пасля выходзiць на брук. Удалечынi чуваць нейкi гук, але нельга зразумець, што гэта такое.
Гук падобны на мычанне каровы, але нейкi роспачны.
- Во дзе дурань! - кажа раптам сам сабе Мэгрэ. - Гэта ж карабельны сiгнал, на туман...
Камiсар дрэнна арыентуецца. Далёка ўнiзе, пад нагамi, ён бачыць ваду - яна дымiцца. Мэгрэ i не ведае, што стаiць на сцяне шлюза. Недзе скрыпяць дзержакi. Камiсар не памятае, у якiм месцы яны пераехалi канал, i, убачыўшы вузенькi масток, ужо мерыцца ступiць на яго.
- Асцярожна! - чуе ён голас.
Ну i ну! Голас зусiм побач, Мэгрэ здаецца, што ён тут зусiм адзiн, а за тры метры ад яго, аказваецца, стаiць чалавек. Толькi пiльна ўгледзеўшыся, Мэгрэ распазнае сiлуэт.
Камiсар адразу ж разумее перасцярогу: масток, на якi ён ужо ледзь не ступiў быў, апускаецца. Гэта вароты шлюза. Неўзабаве вiдовiшча робiцца яшчэ больш фантасмагарычнае: побач, за некалькi метраў ад Мэгрэ, узнiкае ўжо не постаць чалавека, а сапраўдная сцяна вышынёю з добры дом. Уверсе, над сцяною цьмяныя агеньчыкi.
Зусiм побач з камiсарам, як выцягнуць руку, праплывае параход! Падае швартоў, хтосьцi падымае яго, цягне да кнехтаў i замацоўвае.
- Назад!.. Асцярожна! - зноў крычыць нехта, ужо на капiтанскiм мастку.
Яшчэ хвiлiну назад усё навокал здавалася мёртвым, пустынным. А цяпер, iдучы ўздоўж шлюза, Мэгрэ прыкмячае, што ў тумане рухаюцца чалавечыя постацi. Хтосьцi круцiць дзяржак, нехта цягне другi швартоў. Таможнiкi чакаюць, пакуль з борта спусцяць трап.
I ўсё гэта людзi робяць, лiчы, усляпую.
Мэгрэ дакранаецца да вусаў - на iх цяжкiя кроплi вiльгацi.
- Хочаце перайсцi? - крычыць яму зноў нехта.
Голас зусiм побач з камiсарам - Мэгрэ стаiць цяпер каля другiх варотаў шлюза.
- Давайце хутчэй, а то прыйдзецца чакаць хвiлiн пятнаццаць.
Мэгрэ пераходзiць, трымаючыся за парэнчы. Пад нагамi бурлiць вада, а ўдалечынi гэтаксама, як i раней, чуецца роспачны гудок. Чым далей праходзiць наперад Мэгрэ, тым больш узнiкае ў тумане постацей, тым жвавей вiруе ў порце загадкавае жыццё. Увагу камiсара прыцягвае недалёкi агеньчык. Мэгрэ падыходзiць блiжэй i ў прывязанай да пiрса лодцы бачыць рыбака, якi апускае i падымае вялiкiя сеткi, прымацаваныя да жэрдак.
Рыбак кiдае на камiсара абыякавы позiрк i зноў пачынае разбiраць у сваiм кашы дробную рыбу.
Побач з параходам трохi святлей. Вiдаць, як на палубе ходзяць людзi. На мастку ангельская гаворка. На краi пiрса мужчына ў форменнай фуражцы вiзiруе дакументы.
Начальнiк порта. Чалавек, якi замяняе цяпер Жарыса.
Як i той, гэты мужчына невысокага росту, але худзейшы i рухавейшы. Ён перакiдваецца жартамi з афiцэрамi на караблi.
Увогуле, свет цяпер раздзелены для Мэгрэ на дзве часткi: некалькi адносна светлых квадратных метраў порта i бясконцая цемра, у якой угадваюцца абрысы сушы i мора, што ледзь чутна шумiць злева.
Цi не ў такi вось вечар знiк з Вiстрэама Жарыс? Пэўна, ён правяраў дакументы, як гэта робiць цяпер яго калега, гэтаксама жартаваў, сачыў за шлюзам, за манеўрам судна. Бачыць нешта ў гэтым тумане яму не трэба было: ён выдатна арыентаваўся па прывычных гуках. У порце звычайна нiхто i не глядзiць сабе пад ногi, калi iдзе.
Мэгрэ распальвае люльку i хмурыцца: яму непрыемна адчуваць сябе тут няўклюдным, нязграбным сухапутнiкам, якога палохае i хвалюе ўсё, што мае дачыненне да мора.
Вароты шлюза адчыняюцца. Судна выходзiць у канал, толькi троху вузейшы за Сену ў Парыжы.
- Прабачце, вы - начальнiк порта? Камiсар Мэгрэ з крымiнальнай палiцыi... Я толькi што прывёз дадому вашага калегу.
- Жарыса?.. Значыць, гэта праўда ён?.. Сёння ранiцай мне расказвалi... Праўда, што ён?.. - кранае начальнiк порта пальцам скроню.
- У гэты момант... Звычайна вы ўсю ноч праводзiце ў порце?
- Не, не больш пяцi гадзiн запар: толькi ў прылiў. У гэты час узровень вады даволi высокi, каб судны маглi ўвайсцi ў канал або выйсцi ў мора. Час прылiву непастаянны... Сёння, напрыклад, ён толькi што пачаўся i закончыцца недзе а трэцяй гадзiне ночы...
Чалавек трымаецца проста, размаўляе з Мэгрэ як з роўным: урэшце ён - такi ж самы чыноўнiк на службе.
- Прабачце...
Ён глядзiць у мора, дзе i не вiдаць нiчога, аднак адразу ж аб'яўляе:
- Паруснiк з Булонi. Ашвартаваўся каля пiрса, чакае, калi адкрыюць шлюз.
- Вам паведамляюць пра судны, якiя прыбываюць?
Читать дальше