Дзiўна, але яна то здаецца прыгожай i нават вытанчанай, то невядома чаму робiцца раптам няўклюдай, манеры якой проста бянтэжаць.
Цяпер яна папраўляе парык на галаве ў капiтана, свайго "гаспадара", як сама яго называе. Робячы гэта, Жулi глядзiць на Мэгрэ, нiбыта заяўляе: "Гэта маё права - даглядаць яго!"
Сям'i ў Жарыса няма. Ужо шмат гадоў Жулi жыве ў яго доме. Капiтан называў яе сваёй ахмiстрыняй.
"Ён любiў мяне, як родную дачку", - усхвалявана падкрэслiла Жулi.
Ворагаў у яго не было! Чалавек самавiты, нiякiх благiх звычак не меў.
Пасля трыццацiгадовай службы на моры ён не змог прывыкнуць да бяздзейнасцi i, нягледзячы на пенсiйны ўзрост, папрасiў назначыць яго начальнiкам вiстрэамскага порта. Збудаваў сабе ў гарадку маленькi домiк...
I вось увечары шаснаццатага верасня ён раптам знiкае, а праз паўтара месяцы аказваецца ў Парыжы ў гэтакiм выглядзе!
Жулi проста сумелася, калi ўбачыла свайго гаспадара ў шэрым крамным гарнiтуры. Яна прывыкла бачыць яго толькi ў форме марскога афiцэра.
Яна нервуецца, ёй не па сабе. Кожны раз, калi глядзiць на капiтана, на твары ў яе i замiлаванасць, i няясны страх, i нейкая неадольная трывога. Гэта, вядома, ён, яе "гаспадар", але ў той жа час i не зусiм ён.
"Ён паправiцца, праўда?.. Я буду яго даглядаць..."
Па шкле сцякаюць цяжкiя кроплi. Вагон уздрыгвае, i масiўная галава Мэгрэ кiваецца з боку на бок... Камiсар спакойна назiрае за спадарожнiкамi. Жулi, мусiць, думае, што можна было ўсё-такi абысцiся, як яна казала, вагонам трэцяга класа - гэтак яна звычайна i робiць. Жарыс час ад часу прачынаецца i азiраецца, нiчога не разумеючы, па баках.
Яшчэ адзiн прыпынак у Кане, пасля - Вiстрэам.
"У гэтым гарадку каля тысячы жыхароў, - сказаў камiсару адзiн саслужывец, родам з тых мясцiн. - Порт невялiкi, але важны, бо звязаны з Канам каналам, па якiм праходзяць караблi ў пяць тысяч тон i болей".
Мэгрэ не спрабуе ўявiць сабе гэты гарадок. Ён ведае па вопыце, што ўсё роўна памылiцца. Пакуль што ён проста едзе туды, i позiрк яго раз-пораз падае на парык, якiм прыкрыты ўсё яшчэ ружовы шрам.
Да таго, як капiтан знiк, у яго былi густыя, вельмi цёмныя валасы з ледзь прыкметнай сiвiзною на скронях. Яшчэ адна прычына адчаю Жулi: яна бачыць не можа гэты голы чэрап! I кожны раз, калi парык спаўзае, яна спяшаецца паправiць яго.
"Я так думаю, што яго хацелi забiць", - сказала Жулi ў кабiнеце.
У яго стралялi, гэта факт! Але потым давялi да ладу такiя выдатныя дактары...
Калi ён знiк, грошай пры iм не было. А знайшлi яго з пяццю тысячамi франкаў у кiшэнi!
Ёсць над чым падумаць.
А тут яшчэ Жулi адкрывае раптам сумачку.
- Зусiм забылася! Я прывезла карэспандэнцыю гаспадара.
Пошта не дужа багатая. Праспекты фiрм, якiя гандлююць марацкiмi таварамi, квiтанцыя на ўплату сяброўскiх унёскаў у прафсаюз капiтанаў гандлёвага флоту... Паштоўкi ад сяброў, якiя яшчэ плаваюць, адна - з Пунта-Арэнас*...
* Горад i порт у Чылi.
Лiст з Нармандскага банка ў Кане. Бланк запоўнены на машынцы:
"...маем гонар паведамiць вам, што праз пасрэднiцтва Нiдэрландскага банка ў Гамбурзе на Ваш рахунак 14 173 пераведзена сума ў 300 000 франкаў".
А Жулi ўжо колькi разоў казала, што капiтан небагаты! Мэгрэ глядзiць па чарзе на абаiх спадарожнiкаў.
Трасковая iкра... Гамбург... Чаравiкi нямецкай вытворчасцi...
Адзiн толькi Жарыс мог бы ўсё растлумачыць! Жарыс, якi шырока i зычлiва ўсмiхаецца, як толькi прыкмячае, што Мэгрэ глядзiць на яго.
- Кан. Цягнiк iдзе да Шэрбура. Пасажыры на Вiстрэам Лiён-сюр-Мэр, Люк...
Сем гадзiн вечара. Туман такi густы, што святло лiхтароў на платформе ледзь прабiваецца праз яго малочную заслону.
- Чым цяпер паедзем? - пытаецца Мэгрэ ў Жулi, прабiраючыся праз шчыльны натоўп пасажыраў.
- Больш няма чым. Цяпер прыгарадны ходзiць толькi два разы на дзень.
Каля вакзала стаяць таксi, можна садзiцца. Але Мэгрэ хоча есцi. Ён не ведае, што чакае яго ў Вiстрэаме, i прапануе Жулi павячэраць у буфеце.
Капiтан Жарыс усё такi ж памяркоўны. Есць усё, што яму даюць, усё роўна як паслухмянае дзiця. Нейкi чыгуначнiк круцiцца каля iх стала, разглядвае Жарыса, пасля пытаецца ў Мэгрэ:
- Цi не начальнiк гэта вiстрэамскага порта?
I круцiць пальцам каля скронi. Мэгрэ кiвае, i той адыходзiць. Вiдаць, яму нялёгка паверыць у тое, што ён бачыць.
А Жулi ўсё незадаволеная:
- Дванаццаць франкаў за гэтакую вячэру! Дый згатавана не на масле. Нiбыта нельга было павячэраць дома...
Мэгрэ думае: "Стрэл у галаву... Трыста тысяч франкаў..." Ён пiльна ўзiраецца ў нявiнныя вочы Жарыса - разгледзець бы ў iх, якая такая загадка за ўсiм гэтым...
Читать дальше