– Здарованькi! – баба хапалася за сэрца.
– Твая? – Верка кiўнула на дзеўчыну.
– Мая, – Iванаўна перавяла дух. – Дачка на сесiю паехала. Вучыцца значыцца, а гэту недарэчнасць мне падкiнула. Не дзiценак, а чорт! Пасядзi, кажу адна ў хаце, пакуль у магазiн збегаю. Дык не! Я за дзверы i яна следам. А каб сышла куды? Што б я рабiла? Дзе б я яе шукала?
– Шустрая яна ў цябе, – заўважыла Верка.
– Шустрэй не прыдумаеш, – Iванаўна падпiхнула ўнучку i патопала дадому.
Верка нейкi час глядзела, як старая i малая кавыляюць па дарозе. Старая мацюкаючыся, а малая штосьцi весела рассказваючы.
Паглядзела, неяк сумна уздыхнула i зноў прынялася корпацца са сваiмi кветкамi.
Выхадны скончыўся. Назаўтра, накiроўваючыся на работу, Верка не прамiнула пагледзець на свае цюльпаны. Кветкi пачалi распускацца. На самой справе яны аказалiсь яшчэ прыгажэйшымi, чым на фатаграфii. Цемна-чырвоныя, амаль чорныя пялесткi з белымi пражыкамi i махровымi краямi. Два з iх ужо поўнасцю распусцiлiся, а трэццi быў ужо нагатове раскрыць свой венчык насустрач сонейку.
– Гэта ж якi трэба мець розум, каб такое вывесцi! – Верка не магла налюбавацца кветкамi. – Усе. На наступны год выпiшу яшчэ. Чорт iх бяры грошы! На такое хараство нiякiх грошай не шкада.
Верка паправiла ўтыканыя ў зямлю колышкi, кiнула развiтальны позiрк на цюльпаны i няспешна пайшла па пыльнай дарозе ў напрамку бiблiятэкi.
Дзесцi пад абед у дзвярах бiблiятэкi з'явiлася Лiзка.
– Так ты тут працуеш? – не прывiтаючыся запытала дзеўчына.
– Тут, – кiўнула галавой Верка.
– А ты разумная, – дзяўчына абвяла позiркам палiцы з кнiгамi.
– З чаго ты узяла?
– Столькi кнiжак! I ты iх усе прачытала?
– Не, не ўсе.
– А я чытаць яшчэ не ўмею, – больш з гонарам, чым з жалем прагаварыла малая.
– Навучышся, – запакоiла яе Верка.
– Ага! – дзеўчына кiўнула галавой i стала разглядваць палiцы.
– А ты зноў ад бабы збегла? – пацiкавiлась Верка.
– Не. Яна сама сказала – каб мае вочы цябе больш не бачылi. Ну я i пайшла. Дома ў цябе закрыта. На вулiцы гуляць не з кiм.
– А сюды як завiтала?
– Па дарозе.
Верка ўсмiхнулася.
– А з карцiнкамi ў цябе кнiжкi есць? – малая зачаравана глядзела на доўгiя палiцы, застаўленыя тоўстымi i тонкiмi кнiжкамi.
– Есць, – Верка накiравалася да шафы. – Табе казкi, альбо яшчэ што?
– Не. – Лiзка закруцiла носам. – Казкi не трэба. Я iх не люблю.
– Першы раз бачу чалавека, якi не любiць казкi, – Верка зачынiла шафу i падыйшла да дзеўчыны. – А што ты тады любiш?
– Мне лепш што-небудзь з кветкамi. Дзе малюнкаў многа.
– Добра. Вось табе з кветкамi, – Верка падала малой некалькi часопiсаў. – Тут глядзець будеш, цi дома?
– Тут пагляджу, – дзеўчына ўзлезла на стул i пачала гартаць часопiсы. – А тут няма такiх, якiя ў цябе растуць. Твае цюльпаны ўжо цвiтуць. Я бачыла. Прыгожыя. Ты iх у вазачку пастаў – будзе яшчэ прыгажэй.
– Навошта? – здiвiлася Верка. – У вазе яны хутка завянуць. А так будуць доўга цвiсцi.
– Цэлы год?
– Ну не год, а тыдзень. Мо i боле.
– I ўсе? – Лiзка насупiлася.
– I ўсе. Кветкi доўга не цвiтуць.
– Цукерку хочаш? – малая забылася пра часопiсы, дастала з кiшэнi дзве пакамячаныя шакаладныя цукеркi i працянула iх Верцы.
– Еш сама, – пачала аднекiвацца тая.
– Я ўжо наелася. У бабы iх многа, – Лiзка запiхнула цукеркi назад у кiшэню i зноў пачала гортаць старонкi. – А ты ў госцi любiш хадзiць?
– У госцi? – здзiўлена пераспрасiла Верка.
– Ну. У госцi.
– Не ведаю. Я пра гэта нiколi не думала.
– Якая ты смешная! Усе любяць хадзiць у госцi. Хочаш, я да цябе ў госцi прыйду? Ты не хвалюйся. Я ведаю, як у госцi ходзяць. Канфеты ў мяне есць, а кветак я знайду. Ты кветкi любiш?
– Люблю.
– Ну, ўсе! – малая паклала часопiсы на месца, злезла са стула i накiравалася да выхаду. – Чакай мяне у госцi.
– А часопiсы? Ты iх з сабой браць не будзеш?
– Некалi мне! – зусiм па даросламу адказала дзяўчына i знiкла за дзвярамi.
– Ну i дзiце! – Верка паклала часопiсы на месца. – Бедная Iванаўна! I як яна з ей спраўляецца? Даў бог на старасцi гадоў падарунак.
Верка села на месца i прынялася лiстаць новы каталог кветак, прыкiдваючы на якiя яшчэ цуды прыроды i айчыннай цi замежнай селекцыi яна адшкадуе грошай. Ейны позiрк зноў прыцягнулi цюльпаны. На гэты раз яны былi нейкага непаразумелага сiняга колеру.
– Няўжо такiя бываюць на самой справе? – падумала Верка i штосьцi екнула ўнутры. Яна адклала каталог у бок, зачынiла бiблiятэку i бягом кiнулася дадому. Пачуцце яе не падманула. На месцы, дзе ранiцой квiтнелi дзiвосныя галандскiя цюльпаны зараз былi адны тычкi.
Читать дальше