— О! Каб такім чынам, — сказаў дзядзька, — можна было пакараць усіх злых духаў, што шкодзяць людзям!
— Спалохаўся каменя шатан, — сказаў Родзька, — але ёсць яшчэ на небе перуны страшнейшыя за яго. А таму, паніч, не пакідай нашую зямлю: будуць лепшыя часіны і лепей будзе жыць між сваіх.
— Часы мяняюцца, і ў людзях перамена, — сказаў дзядзька. — Даўней наша моладзь не ведала і ведаць не хацела, што там дзеецца дзесьці ў далёкіх краінах, жылі ўсе спакойна і шчасліва; цяпер і на адукаваных нападае нейкі смутак: ледзь закончыў вучобу — ужо яму самотна, пакідае родныя палеткі, выпраўляецца ў далёкае падарожжа, мяркуючы, што чужы вецер развее яго неспакойныя думкі.
Маю сыноў, і ім, пэўна, гэты мой дамок будзе цесны, уробленыя маёю працаю палі і гэтыя гаі не задаволяць іх жаданняў; не буду, аднак, пярэчыць ім, абы толькі Бог падмацаваў іх сэрцы любасцю да бацькавых звычаяў.
— Даўней і пра тых асташоў нікому і не снілася, а цяпер хутка забяруць у нас зямлю і ваду, так што і нам трэба будзе ўжо ўцякаць куды далей.
Родзька ўздыхнуў, узяў шапку і сак, у якім прынёс рыбу.
— Спяшаешся дахаты? Аднак яшчэ не так позна, — сказаў дзядзька.
— Ужо схавалася сонца, неба змрочнае, ноч будзе цёмная — трэба спяшацца.
— Цяпер вялікі пост, калі зловіш што-небудзь, не забывай на мяне.
Як было ўжо зусім цёмна, усхадзіўся і шумеў за сцяною моцны вецер; падаў мокры снег.
— Нешчаслівы той падарожны, — сказаў дзядзька, — якога заспела гэтая завейная ноч пасярод возера. Дарога цяпер цяжкая, ды і яе можна згубіць, блукаючы ў такой цямрэчы.
Прамовіўшы гэта, ён паставіў запаленую свечку на падваконні, але ўбачыўшы, што мокры снег наліп на шыбы і ўсё вакно белае, быццам замураванае, паклікаў да сябе парабка і загадаў:
— Запалі свечку ў ліхтары, прымацуй яго да доўгае жэрдкі і добра, каб не сарваў вецер, прывяжы да брамы; выходзь часцей з хаты і, як пачуеш галасы падарожных, адразу паведамі мне: ноч цёмная і завейная — лёгка можа спаткаць няшчасце.
Калі парабак прымацоўваў ліхтар, Завальня надзеў футра і сам выйшаў з дому прасачыць, каб усё было зроблена хутка і як мае быць.
Праз гадзіну на панадворку пачалі скуголіць сабакі, і хоць выў вецер ды шумелі густыя дрэвы вакол дома, можна было, аднак, пачуць галасы падарожных на самым беразе возера, і доўга на адным месцы паўтараліся крыкі, як быццам людзей там нешта трымала. Дзядзька паслаў парабкаў на дапамогу. Вада падмыла багністы бераг возера, і першы конь з цяжкім возам, збіўшыся з дарогі, трапіў на тое месца і ўваліўся ў ваду. Ды так, што яго ледзь выцягнулі ўсе разам на бераг. Пасля гэтага заязджае на падворак некалькі белых ад снегу вазоў. Выпраглі коней; падарожныя зайшлі ў хату. Дзядзька, каб іх сагрэць і падмацаваць, кожнаму наліў ёмісты кілішак гарэлкі і загадаў даць вячэру, з умоваю, каб кожны з іх расказаў байку або гісторыю са свайго жыцця.
Пасля вячэры дзядзька прыладзіўся на ложку, я — каля яго, парабкі паселі на лаве. Адзін з тых падарожных — ужо ў вяку, з бледным тварам, але ў моцнай і стройнай постаці відаць была фізічная і маральная моц — пачаў сваё апавяданне.
Апавяданне дванаццатае. Стогадовы стары і чорны госць
У маладосці я ведаў старога, які жыў па суседству з намі; зваўся ён Гараська, быў сапраўды старасвецкі чалавек. (Цяпер такіх людзей няма ўжо ў нашым краі.) Прамінула гадоў дваццаць, як ён памёр, але жыццё і смерць яго былі такія дзіўныя і так запалі ў маю памяць, што, здаецца, нібыта ўчора ўсё гэта бачыў.
Жонка і ўся яго сям’я даўно ўжо выбраліся на той свет, адзін толькі ўнук быў яму памочнік у штодзённай працы на полі, а нанятая кабета гатавала есці і даглядала адзіную карову, якой досыць было травы вакол самотнага дома, што стаяў на пагорку і быў цераз за поле вярсту ад нашае вёскі.
Гараська добра памятаў сваю маладосць. У святы або ўвечары, калі вернуцца з поля аратыя і касцы, ён прыходзіў да нас і, седзячы на прызбе, апавядаў, як жылі даўней нашыя продкі, — проста, без прыдумак і ўсялякіх пышных аздобаў; палеткі і авечыя чароды задавальнялі ўсе іхнія жаданні; не зайздросцілі яны жыхарам далёкіх краін, не ішлі да іх набываць багацце, бо не мелі ў тым патрэбы, без таго былі шчаслівыя і спакойныя.
У восемдзесят гадоў ён быў яшчэ не змардаваны працаю, — з сошкаю на полі і з касою на сенажаці апярэджваў маладых. Сілу меў нечалавечую. Калі не было добрага ўлову, складваў нерат ў човен і, несучы яго на плячах, пераходзіў з усімі сваімі прычындаламі на другое возера. У такой сіле і заўсёды з добрым здароўем прычакаў соты год жыцця і быў яшчэ моцны, як вячысты зялёны дуб. Прыйшла маркотная восень. Доўгімі і цёмнымі вечарамі ўся наша сям’я, сабраўшыся пры лучыне, рабіла тое, што адпавядае гэтай пары года. Мой бацька плёў нерат, кабеты пралі, а я гнуў абручы да розных дзежак. У часе работы пачалася гаворка пра старога Гараську.
Читать дальше