Розгаю дух святы дзетак біць радзіць,
Розга аніяк здароўю не вадзіць [36] Пачатак беларускае «Каляды для малых дзетак», папулярнага твора XVIII ст., які гучаў так: Розкаю дух святы дзетачкі біць радзіт, Розкаю бінамне здоров не завадзіт; Розка папужае розум да галовы; Учыт пісьма; а бароніт злой мовы; Розка родзічам паслушнымі чыніт; Розка выпушчает а учыт латыні; Розкаю хоць б’е, не паломіт косці; Дзетак гамует ат ўсякай злосці… На малых добра розка беразовая, А старым карбач, або насека дубовая. Звязда дзеткам тую каляду дае, Прето ж ей за нюю нех жадзен не лае.
.
О, гэта цудоўныя вершы — розга вучыць розуму і веры. Сёй-той з нашых панічоў, якіх песцяць у бацькоў, толькі і бавіцца з коньмі і сабакамі, а прыйдзе які ў касцёл, дык нават не перажагнаецца. Якая ўцеха бацькам — толькі кара Божая!
Ужо былі першыя дні лістапада. Самотны, седзячы ля вакна, я слухаў завыванне асенніх вятроў і пошум бяроз і клёнаў, якія густа ўздымаліся над дахам. Віхор круціў па двары жоўтае лісце і ўзнімаў яго ўгору. Усюды глуха, толькі зрэдку забрэша сабака, калі мінае прахожы або пакажацца з лесу звер. Думкі мае былі занятыя нейкімі тужлівымі марамі. Тут уваходзіць кабета, што за гаспадыню ў майго дзядзькі. Гэта сястра яго жонкі-нябожчыцы, ужо ў сталых гадах. Убачыўшы, што я задумаўся, сказала:
— Нудзішся ты ў нас, пане Янка. Ты малады чалавек, а адпаведнае кампаніі не маеш, а можа, ужо і гэтыя начныя апавяданні апрыкралі. Крышку патрывай, — як толькі замерзне Нешчарда, паўз гэты фальварак праз возера будзе вялікая дарога. О! Тады пан Завальня запросіць да сябе шмат гасцей, каб расказвалі, што каму заманецца.
Прайшло колькі дзён. Яснымі і пагодлівымі начамі заіскрыліся маразы. Заснула возера пад тоўстай лядовай глыбай, пасыпаўся снег з аблокаў — і ўжо зіма. Уздоўж Нешчарды з’явілася шырокая дарога, праходзяць падарожныя і цягнуцца ў Рыгу вазы, гружаныя лёнам і пянькою, паказаўся гурт рыбаловаў на лёдзе. Мы з дзядзькам любілі часта наведваць тоні і глядзець на багаты ўлоў, а тут яшчэ і тая была карысць, што ён, прабыўшы цэлы дзень на марозе, хутка засынаў, і я вечарамі быў вольны. Да таго ж мы часцей мелі і заезджых гасцей, перад якімі дзядзька вельмі хваліў мяне і езуіцкія навукі, расказваючы, што чуў ад мяне шмат новых і такіх разумных аповесцей, што і запомніць цяжка. Быў і я рады гасцям, бо сёй-той з іх заступаў маё месца, і мне ўжо было прыемней слухаць, чым гаварыць.
Вечар быў цёмны, неба пакрыта хмарамі, нідзе аніводнае зоркі, падаў густы снег. Раптам пачынае дзьмуць паўночны вецер, навокал страшная бура і завіруха, вокны засыпала снегам, за сцяною завылі сумным голасам віхуры, быццам над магілаю самое прыроды, за адзін крок вока нічога не бачыць, і сабакі на падворку брэшуць: кідаюцца, быццам напалі на нейкага звера. Выходжу з дому, слухаю, ці не падышла зграя ваўкоў, бо ў такую завіруху гэтыя драпежныя звяры найчасцей шукаюць сабе здабычу, гойсаючы тут і там каля вёсак. Узяў набітую стрэльбу, каб хоць папужаць іх, калі здолею заўважыць зіхатлівыя воўчыя вочы. Раптам пачуў крык на возеры, там і тут пераклікаліся паміж сабою мноства адчайных галасоў, быццам не могучы даць рады ў страшнай небяспецы. Я вяртаюся ў хату і кажу пра гэта дзядзьку.
— Гэта падарожныя, — адказаў ён, — дуйка снегам замяла дарогу, і яны, блукаючы па возеры, не ведаюць, у які бок падацца.
Гаворачы гэта, ён узяў запаленую свечку і паставіў яе на падваконні.
Пан Завальня меў звычай рабіць гэта кожную завейную ноч ужо таму, што жыла ў ягоным хрысціянскім сэрцы любоў да бліжняга, і ён рады быў заўсёды гасцям, каб з імі пагаварыць і паслухаць іхнія гісторыі. Падарожныя, што заблудзіліся, заўважыўшы з возера агонь у вакне, цешыліся, як мараходы, змучаныя марскімі хвалямі, калі ўгледзяць здалёк сярод начное цямрэчы святло партовага ліхтара, цешыліся і з’язджаліся ўсе да сядзібы майго дзядзькі, быццам да прыдарожнае карчмы, каб пагрэцца і даць адпачынак коням.
Вецер не сціхаў, і дом, быццам высокія валы, акружалі снежныя сумёты; сярод шуму буры чуваць рыпенне снегу пад нагружанымі вазамі, стукаюць у зачыненыя вароты і крычаць:
— Рандар! рандар! Адчыні вароты; ахці, якая мяцеліца, саўсём перазяблі, і коні прысталі, чуць цягнуць. Рандар! Рандар! Адчыні вароты!
На гэты крык выходзіць парабак, незадаволены, што ўваліўся ў глыбокі снег:
— Пагадзіця, адчыню, чаго вы крычыця, тут не рандар жывець, а пан Завальня.
— Ах, паночык ( думалі, што гэта сам гаспадар), пусці нас піраначаваць, ноч цёмная, нічаго не відна, і дарогу так замяло, што і найці няможна.
Читать дальше