Апрача згаданых цудаў, ёсць яшчэ, як мяркуюць жыхары таго краю, чароўныя зёлкі. Разрыў-трава можа дзівосна ўздзейнічаць на жалеза, разрывае нібыта замкі і кайданы ў вязняў; калі каса натрапіць на яе на лузе ў час сенакосу, дык расколецца на некалькі частак. Пералёт-трава , або лятучае зёлка; расказваюць пра яе, што яна мае здольнасць пераносіцца з месца на месца, яе вясёлкавая кветка надзвычай жывая і прыгожая, а ў сваім палёце часам блішчыць, быццам зорачка. Шчаслівы, хто яе сарве, бо не зазнае ён перашкодаў у сваім жыцці, усе яго жаданні неадкладна здзейсняцца, і гэтая зёлка — зёлка шчасця. Людзі, марачы пра шчасце на гэтай зямлі, малююць яго ў розных вобразах; грэкі і рымляне верылі ў сляпую Фартуну, што, круцячы вечнае кола, уздымае людзей пад аблокі і зноў апускае ў бяздонне. Беларускі народ уявіў сабе нейкае лятучае зёлка, гонячыся за якім не адзін збіўся з дарогі і не вярнуўся да свае роднае хаты. І я, шукаючы яе далёка, пакінуў гэтую родную старонку, дзе прайшлі самыя прыемныя дні майго жыцця, і цяпер у паўночнай сталіцы [25] У Пецярбурзе Я. Баршчэўскі жыў з 1817 да 1847 г.
, паглядаючы на тэатр вялікага свету, чытаю кнігу, што часам смешыць, часам прымушае ліць слёзы, і гэта — кніга чалавечых сэрцаў і характараў [26] Гэты нарыс друкаваўся таксама асобна ў альманаху «Rocznik Literacki» (Т. І. 1843 г.) і ў перакладзе Л. Кавеліна на рускую мову ў газеце «Иллюстрация» (Т. ІІ. 1846 г. № 10).
.
Край мой, дзе горы паўсталі узнёсла,
Край сініх вод, чаратамі зарослых,
Пушчаў, дзе ў голлі хаваецца сонца,
Колькі прыгадак ты будзіш штодзённа,
Ў промнях вясновых, у барвах зялёных
Ты мне з’яўляешся казкай бясконцай.
Згадваю сумную песню ратая
Ці пастуха, што па-простаму грае,
Часам, калі у лясах ля азёраў
З кобзаю рэха гамоніць паўторам
Ці калі люд пасля дзённае працы
Гучна спяшае ля хаты сабрацца,
Чуючы мяккі палон прахалоды,
Слухаць ад старца сівога прыгоды
Прашчураў слынных, асілкаў, герояў.
Слава і дзіва паданне старое,
Што аж ад продкаў па бацькавым краі
З вёскі да вёскі вандруе, блукае! [27] Тут i далей у «Шляхцiцы Завальнi» вершы даюцца ў перакладзе Сяржука Сокалава-Воюша.
Дзядзька мой пан Завальня, досыць заможны шляхціц на загродзе [28] Шляхціц на загродзе — дробны шляхціц, які меў невялікі маёнтак з абгароджанай сядзібаю.
, жыў у паўночным і дзікім баку Беларусі. Яго сядзіба стаяла ў чароўнай мясціне. На поўнач паблізу жылля — Нешчарда, велізарнае возера накшталт марское затокі. Калі ўсходзіцца вецер, ад возера плыве роўны шум і відаць праз вакно, як пакрытыя пенаю хвалі падымаюць угору і зноў кідаюць уніз рыбацкія лодкі. На поўдзень ад дому нізіны зелянеюць кустамі лазы, дзе-нідзе ўзгоркі, парослыя бярозамі і ліпамі, на захад — разлогія лугавіны, і рака бяжыць з усходу — пераразаючы гэтыя ваколіцы, уліваецца ў Нешчарду. Вясна там надзвычай прыгожая, калі па лугах разальецца вада, і ў паветры над возерам і ў лясах зазвіняць галасы птушак, што вяртаюцца з выраю.
Пан Завальня любіў прыроду, найбольшай прыемнасцю для яго было садзіць дрэвы, і таму, хоць дом яго стаяў на гары, за паўвярсты нельга яго ўбачыць, бо быў з усіх бакоў прыкрыты лесам. Толькі рыбакам, што плавалі па возеры, адкрывалася ўся пабудова. Ён таксама меў прыроджаную душу паэта і хоць сам не пісаў ні прозай, ні вершам, але кожнае апавяданне пра разбойнікаў, герояў, пра чары і цуды надзвычай яго займала, і кожную ноч ён засынаў не іначай, як слухаючы чарадзейныя гісторыі. Таму ўжо было звычайным, што, пакуль ён не засне, хто-небудзь з чэлядзі мусіў апавядаць яму якую простанародную аповесць, і ён слухаў цярпліва, хоць бы адна і тая ж гісторыя паўтаралася некалькі дзесяткаў разоў. Калі хто прыязджаў да яго, маючы якую патрэбу, які-небудзь падарожны ці квестар [29] Квестар — манах, які збірае ахвяраванні на кляштар.
, ён найласкавей яго прымаў, частаваў, пакідаў начаваць і выконваў усе жадункі, узнагароджваў, абы толькі той расказаў яму якую казку. А асабліва ўвосень, калі ночы доўгія. Той госць быў для яго наймілейшы, які меў у запасе найбольш гісторый, розных здарэнняў і показак.
Калі я прыехаў да яго, ён быў вельмі мне рады, распытваў пра шаноўных людзей, у якіх я праслужыў столькі гадоў [30] Колькі гадоў служыў Я. Баршчэўскі ў «шаноўных людзей» сёння нам невядома.
, расказваў пра сваю гаспадарку, пра бярозы, ліпы і клёны, якія шырока распасцёрлі свае галіны над дахам. Некаторых суседзяў хваліў, іншых жа ганіў, што яны займаліся толькі сабакамі і паляваннем. Нарэшце, пасля доўгае размовы пра сёе ды тое, кажа мне:
Читать дальше