— Больш выпрабаванняў, больш пакутаў; некалі былі адны дзівосы, у будучым — будуць іншыя.
Сказаўшы гэта, ён склаў паперы і пачаў наліваць сабе гарбату. Сядзячы побач і чуючы з ягоных вуснаў польскія словы, я, каб даведацца, хто гэта такі, загаварыў з ім:
— Пан прыезджы ці тутэйшы жыхар?
— Я жыхар-падарожнік, як і ўсе людзі, а ўжо гадоў дзесяць вяду размову з гэтым краем.
— Не магу, — кажу я, — знайсці кватэру пана Рыльца, ніхто яго тут не ведае.
— Гэта спакайней для чалавека, калі яго ніхто не ведае; а навошта ты яго шукаеш? — сказаў ён, прыглядаючыся да мяне, нібы жадаючы пазнаць альбо нешта выпытаць.
— Быў на Ўкраіне ў садзе Гайнара і маю ад яго нейкія каляровыя воды для пана Рыльца.
— Я — Рылец, — паведаміў ён, і твар ягоны праяснеў. — Ты быў на Ўкраіне, пазнаёміўся з Гайнарам, бачыў ягоны сад? Ну, што раскажаш мне пра гэта. А тыя каляровыя воды вельмі мне патрэбныя. Калі ласка, хадзем у хаціну: прыемна мне будзе даведацца пра ўсё падрабязна.
Сказаўшы гэта, ён паспяшаўся выпіць гарбату; потым мы выйшлі з тракціру. Ён узяў у мяне на кватэры дзве бутэлечкі каляровых водаў, і мы селі на дрожкі; не даехаўшы да херсонскае рагаткі, завярнулі да марскога берагу.
Дом пана Рыльца стаяў наводшыбе, за паўвярсты ад горада, ад паўночных і ўсходніх вятроў быў заслонены гушчаром акацый. Мы ўвайшлі ў пакой, дзе было некалькі старых крэслаў, дзве старасвецкія дубовыя шафы і два дубовыя сталы; на адным з іх ляжалі нейкія груды пяску рознага колеру, кавалкі вапны з закасцянелымі ракавінамі, рыбаю і гадамі, косці, шкілеты нейкіх звяроў ды птушак, нейкія малюнкі страшных пачвараў, дзіўных і нябачаных стварэнняў; на другім стале — кнігі ў старой і новай аправе. Пан Рылец пачаў гаворку:
— Вось гэта маё самотнае жытло; у вакне — малюнак бурлівага мора; я люблю тут часам слухаць шум хваляў, глядзець на гэтыя чорныя пеністыя валы і на чароды белых крачак, што падымаюцца ў паветра; я люблю часам чытаць і паэзію нашых украінскіх вешчуноў. У мяне ёсць кніжка Багдана Залескага [194] Залескі Юзаф Багдан (1802–1886) — польскамоўны паэт-рамантык, для якога Украіна і ейны люд сталі прадметам любові і настальгіі.
, з якім ніхто не параўнаецца ў лёгкасці і пекнасці верша; ёсць чуллівая народная аповесць Мальчэўскага [195] Мальчэўскі Антон (1793–1826) — польскамоўны паэт-рамантык. Паходзіў з Валыні. Аўтар выдадзенае ў 1825 г. паэмы «Марыя», названай ў падтытуле «ўкраінскаю аповесцю».
«Марыя»; ёсць вершаваныя творы Гашчынскага [196] Гашчынскі Севярын (1801–1876) — польскамоўны паэт-рамантык. Родам з Украіны. Самы славуты ягоны твор — паэма «Канёўскі замак», у якой апавядаецца пра часы гайдамаччыны.
, народныя песні Падуры [197] Падура Тамаш (1801–1871) — польскамоўны і ўкраінскамоўны паэт. Вывучаў і выкарыстоўваў у сваёй творчасці ўкраінскі фальклор.
; ёсць вершаваныя творы Канстанціна Піятроўскага [198] Піятроўскі Канстанцін — польскамоўны паэт і перакладчык. Аўтар выдадзенага ў 1836 г. у Бярдзічаве зборніка вершаваных твораў. Добры сябра Я. Баршчэўскага.
, яго аповесць «Юля Патоцкая», дзе ў страшных, але праўдзівых малюнках паказаны казацкія войны, ёсць поўныя чуцця вершы і яго пераклады асобных санетаў Шэкспіра на польскую мову — у іх захавана ўся чароўнасць арыгінала і з вялікім талентам пераадолены цяжкасці гэтага роду верша. Аднак паэтаў чытаю, толькі каб развеяць маркотныя думкі, звычайная ж мая праца — даследаванне прыроды мінулага; дапамагаюць мне ў гэтым груды зямлі, косці, шкілеты, чарапы, усялякія акамянеласці. Каляровыя вадкасці, якія ты прывёз, мне вельмі патрэбныя: вось сапфіравая — гэта вада холаду, яна ўсё збірае ды сціскае; чырвоная вадкасць — вада агню, яна ўсё ажыўляе. Заўтра пачну выпрабаванні, калі табе будзе цікава ўбачыць дзівосы, прыходзь да мяне, ты даведаешся пра таямніцу водаў і цудоўную іх моц.
Потым мы доўга яшчэ размаўлялі з панам Рыльцам пра Ўкраіну, пра Гайнара і ягоны сад і пра мае вандроўкі па Падоллі. Ён прыгадваў даўнія знаёмствы ў тых краях, апавядаў пра розныя здарэнні ў сваім жыцці, якім чынам трапіў у Адэсу і якая выпала яму тут доля; так размаўлялі мы да позняга вечара.
На другі дзень у прызначаны час я прыйшоў да пана Рыльца; ён працаваў з каляровым пяском і рознымі акамянеласцямі, якія тоўк, перабіраў, аддзяляў ад іх нейкія часткі ды раскладаў на стале. Ён папрасіў мяне дапамагчы. Я прасяваў пясок, прамываў дробныя часткі вапны ды перасыпаў іх у шкляныя слоікі; так доўжылася наша праца аж да самага захаду сонца. Калі ўжо звечарэла, мы селі каля вакна, нібы адпачыць; асенні вецер шумеў у густой акацыі, хвалявалася мора, а пан Рылец, пазіраючы на чорныя валы, што разбіваліся аб бераг, так пачаў гаварыць:
Читать дальше