Чорт. Ох! Не пра гэта я табе кажу. Але калі ты бачыш, што жонка твая, разлажыўшы агонь для прыгатавання вячэры, ідзе на агарод, дык ты падумаеш сабе, што ёй якойсьці рэчы не хапае для прысмаку.
Селянін. Да душы ж, гэта заўсім шчырая праўда! Я ёй часта прыпамінаю, каб яна мне хрэну, часныку, рэдзькі, цыбулі, пастарнаку, пятрушкі ды агурцоў прынясла.
Чорт. Вось і ведай, што такое внёсэк.
Селянін. Знаю. Але ты, вашэць, мой дабрадзею, калі ты, вашэць, гэтак мудры, парадзь мне, якім спосабам я магу быць багатым; бо, здаецца, што я досьць дужа цяжка працую, аднакава як не маю нічога, так не маю. Ох, Адам, Адам! У якое ты нас гора ўвёў!?
Чорт. Чым жа вінен перад табою Адам? За што ты яго клянеш?
Селянін. А як жа не клясці, каб яго чорт узяў! ( Б’е сябе па губах .) Адпусці, Божа, грэха! Відзь жа ты відзіш, як я працую. А гэта ўсё з яго ласкі.
Чорт. Цыц жа, цыц! Не ўскладай на яго віну. Ты сам часта больш вінаватым бываеш.
Селянін. Адкуль ты знайшоўся ў ліха гэтакі патрон? Ведама нет. Я знаю, што ён мяне ў гэтае ліха ўправіў і ўсіх нас мужычкоў паеў.
Чорт. Якім чынам?
Селянін. Ох, які ж ты вялікі дурак! ( Смеючыся, кажа. ) А звёнсках мне гаварыў, а гэтага не знаеш.
Чорт. Я ведаю ўсё. Аднак хачу ведаць, якім чынам цябе Адам згубіў?
Селянін. Вот як сарваў яблычак з дзерава праклятага, так і сам пракляты застаў, і нас праклятымі пачыніў. Ох, каб я тагды на яго мейсцы быў, так бы я ніколі таго не ўчыніў, прападзі яно!
Жыд( крычыць, выходзячы ). Дзёмка! Дзёмка! Гдзе ты ў ліха згінуў? А я… ( Хоча далей казаць, але, убачыўшы Чорта, просіць прабачэння. ) Выбач, вашмосць пан, што я, не заўважыўшы васпана, крычаў Дзёмку, бо ён мне вінаваты.
Чорт( да Жыда ). Ніякай крыўды гэтым ты мне не ўчыніў. ( Жыд кланяецца, а Чорт, махаючы рукой, тым часам кажа селяніну. ) Не ведаеш, што пляцеш. Вось ты меншай рэчы не ўберажэш!
Жыд. Дзёмка! Пытайся, якое.
Селянін. Смярдзюх, пайшоў ты вон! Я без цябе з гэтым панічком разгаваруся.
Жыд. Да ну ты, дурак! Пытайся, якое.
( Чорт прыглядваецца да іх .)
Селянін. Да ўжо ж папытаюся… Ох, ох, забыўся, прападзі ты! Эге, эге! Якое ты, панічок, казаў рэчы?
Чорт. Не вытрымаеш вось, каб на працягу адной гадзіны нічога не сказаць і не піснуць.
Жыд. Гэта праўда, што васпан-дабрадзей мувіс.
Селянін. Ідзі проч, смярдзюх! Я не выцерплю, калі табе ў морду [не] дам. А што маўчаць, без цябе патрафлю.
Чорт. Не здолееш!
Селянін. Аб заклад хадзі са мною.
Чорт. Добра. Аб які заклад?
Жыд( кажа ўбок ). Дай бог Дзёмку выграць: то бы мне зараз за гарэлку заплаціў!
Селянін. Ты, вашэць, мне дасі сто рублей, калі я дацярплю!
Чорт. Добра, добра! Дам і дзвесце, і трыста.
Жыд( зноў убок ). Ох, ох! Які ён будзець вялікі пан, калі губу засыець!
Селянін. Пад сумленнем толькі кажы ж, вашэць, што аддасі.
Чорт. Так і ёсць. Але калі ты не вытрымаеш, што будзе?
Селянін. Тагды я тваім буду падданым.
Чорт. Добра, добра.
Жыд. Дзёмка, скарэй перабівайце рукі!
Селянін. Дай жа ты, вашэць, на тым мне руку, што калі я дацярплю, грошы мне аддасі.
Чорт. Памятай жа, што будзеш маім падданым. ( Дае селяніну руку .)
Селянін. Пане арандару, перабій, вашэць, нам рукі.
Жыд. Дай бог Дзёмку выйграць! ( Тут жа перабівае ім рукі .)
Чорт. А чы ведаеш, хто я такі?
Селянін. Не ведаю.
( Жыд прыглядаецца .)
Чорт. Я – д’ябал! ( І скідае з сябе плашч .)
Жыд( уцякае і, лямантуючы, крычыць ). Гвалту! Гвалту!
( Селянін хоча уцякаць. Чорт трымае яго за рукі. Селянін трасецца .)
Чорт. Калі не вытрымаеш закладу, душу тваю вазьму ў пекла і ўжо без ніякага прабачэння. Памятай жа аб гэтым!
Селянін. Ах, ах! Да што тут мне рабіць? Да ўжо ж, пане д’ябле, датрымаю, датрымаю.
Чорт( адыходзячы, кажа ). Глядзі ж!
Жыд( з парывам да Селяніна ). Дзёмка! На табе іголку, засый губу сабе.
Селянін. Ну ж папаў жа я залажыцца!.. Ох, каб я ведаў, хто ён ёсць, не ашукаў бы тагды ён мяне! А цяпер і рады сабе даць не магу; што маю рабіць? Аднак заклад датрымаць трэба, бо з д’яблам жартаваць не патрафлю. Ашукаў жа ён мяне! Каб то можна было, адрокся б і закладу, ды ён не адступіць. Вот бяда. Не а цяжкую то, праўда, рэч тут ідзець. Маўчаць, здаецца, патрафлю. Гэта ж невялікая рэч – пераз гадзіну маўчаць. Я на пару пераз цалюхенькі дзень маўчу, калі ў полі раблю. Так мне няцяжка будзець закладу дадзяржаць. Да як жа ўжо дадзяржу, так буду мець сто рублей, а можа, і болей, як ён сам казаў. Тады ж я сабе статку накупляю; пану, што вінен, аддам і яшчэ на гарэлку, з малацьбы ідзя напіцца, застанецца. Арандар тагды не скажэць, што не дам. Ох, каб ён тагды сказаў, што не дам, то я б яго ў морду, у морду. Або адною рукою за пэйсахі, а другою паказваў бы грошы. Тагды б ён быў для мяне лепшы! ( Размаўляючы так, паказвае, як бы біў Жыда. ) І суседзі тагды будуць мне кланяцца, калі абачуць, што я багаты. А Гарасім, хоць мой вялікі непрыяцель, аднак, спадзяюся, што будзець кланецца, каб я толькі яму на чынш грошы пазычыў. Ды нет! Не вырвець. З’есць чорта – не дам… Не дам, хоць бы і з’еў. Няхай розуму наўчыцца…
Читать дальше