Селянін. На табе апаньчу, прападзі ты ад мяне.
Жыд. Ці мне ў хату тваю ісці?
Селянін. А цябе чы чорт там пагоніць?
Жыд. Відзь жа ты казаў мне пераз, каб я ў хату тваю пасоў і цябе цакаў.
Селянін. Добра, добра. Круціся, хоць к чорту!
Жыд. Будзь здароў! Дзякую, сто з дусою мяне пусціў.
Селянін. Бедны я, бедны чалавек! Вот і жыда чорт на маю галаву нагадзіў. Усяму гэтаму бацька наш першы, Адам, вінават. Каб то ён не саграшыў, то бы жыд пракляты, смярдзюх астатні, мне ў вочы за гарэлку не лез бы. А я б у раю штодзень на паўтара б гарца з квартаю і палавінкаю выпіваў бы і ўсё б сабе спяваў: ай, ай, аю, гога, гога, годзгі, дзга! А цяпер больш клопату, ніж піцця. Ага, ту на цябе! Адам, Адам, на ліха табе было слухаць жэншчыны? Было б табе яе вяроўкаю, вяроўкаю! От так, як я сваю часта свянчу, каб да яе ліха не прыступіла. Так бы і яна б табе ў вочы б не лезла. ( Тут селянін цмокае і кажа далей .) Эге! Каб то я быў табою, ужо б я і Еве задаў бы вяроўкаю. Ох, даў бы, даў бы! А сам у карчму, да й пагуляў бы. А цяпер хоць ты, пане, трэсні, гаруючы, працуючы. Ох, Адаме, Адаме!
Чорт, Селянін, Жыд
Чорт. За што ты так моцна наракаеш на Адама?
Селянін. Няўжо ж ты, пане, не ведаеш, што з яго ўсё на нас ліха ўзышло?
Чорт. Якое ліха?
Селянін. Вот і цяпер мазоліцца трэба, аддыхнуць некалі. Мала што кроўю не пацею, аж пакуль не пакуль хлеба кавалак зараблю. Зямля ўжо неўраджайная стала. Дужа многа наклапоцішся і нагаруешся, пакуль не ўродзіць. Усё нам напроціў ідзець. Усё на няшчасце. Не спадзявацца дабра. Нішто так не ўдаецца, як мы хочам. Чы пазнаў ты, вашэць, цяпер нашу бяду? А як жа нам на яго не наракаць і не плакаць? Хэ-хэ-хэ. ( Плача .) Ох, Адам, Адам! Каб цябе ніколі больш не ўспамінаў!
Чорт. Але хіба ў тым Адам вінаваты, што ты яго так часта і з дакорам успамінаеш?
Селянін. Эге! Калі ты, вашэць, не ведаеш і не спытваў яшчэ таго прабаваць, так і не пытайся.
Чорт. Але, а, а, а…
Селянін. Ідзі проч, кажу! ( Замахваецца .) Каб ты скрозь землі пайшоў!
Чорт. Але, а, а, а…
Селянін. Ага, ту на цябе! Усё толькі кажаш: а, а… А каб ты сам пайшоў да папрацаваў так, як мы, не бойся, і цябе б ліха ўзяло б.
Чорт. Але, пане Дзёмка, не будзь жа такім строгім.
Селянін. Адкуль ты, вашэць, ведаеш а маім іменю?
Чорт. Для мяне няма нічога тайнага, і таму я ведаю, што такое праца. Я толькі пытаюся, чаму ты на Адама наракаеш?
Селянін. Скажы ж ты, вашэць, мне, за што ты так чорны, як чорт?
Чорт. Я крыху, праўда, працаваў, але, аднак, аж счарнеў.
Селянін. Не пазнаў я, што ты казаў. Для чаго, для чаго?
Чорт. Таму, што не так рабіў, як мне належала.
Селянін. Да што да таго належыць? Я і часта так не раблю, як мне паны кажуць, аднак я не чорны.
Чорт. Ты часта быў чорным, толькі не бачыў сябе.
Селянін. Што ты кажаш, я сябе не відзеў? Ілжэш, ілжэш? Вот я табе кажу, што ты ілжэш.
Чорт. Ты і зараз чорны, паглядзіся. ( Паказвае люстэрка .)
Селянін. Прападзі ты! На што мне гэтае зеркала? Я сягоння, ідучы касіць, у чыстым ручаю, калі піць захацелася, глядзеўся, аднак не чорны.
Чорт. Не так, як належыць, глядзеў на сябе.
Селянін. А як жа там у чорта?
Чорт. Вось так, вось так. ( Скачучы каля яго, зноў паказвае яму люстэрка. )
Селянін. Не хачу, не хачу!
Чорт. Трэба ўсебакова сябе пазнаць.
Селянін. Як жа там належыць сябе пазнаць? Скажы ты мне.
Чорт. Недастаткова глядзець на сябе знешнім зрокам, трэба яшчэ і ўнутраным.
Селянін. Мой дабрадзею! Скажы ты, вашэць, мнё, чы душа маець вочы? Я ведаю, што маю душу і цела, і ў галаве ёсць дзве вочы; так у душы мусіць быць болей, бо мне казалі папы, што душа большая ёсць, як цела.
Чорт. Праўда, бо больш пазнаеш, чым бачыш. Бачыш толькі адну рэч, а з яе і дзесяць внёскуў зробіш.
Селянін. Ты, вашэць, мусіш быць дужа мудрым, бо калі што кажаш, так я і пазнаць не магу. Скажы ты, вашэць, мне, што гэта за падвёнскі? Ох не! – за звёнскі, за звёнскі?
Чорт. Я не кажу пра дзявочыя звёнскі, але пра тое, калі табе з адной пазнанай рэчы выплывае другая.
Селянін. Да душы ж, гэта праўда мусіць быць, бо мне часта кроў з носа плывець.
Читать дальше