Тым не менш, час ішоў. І вобразы Яго «дарадцаў» развіваліся. Іх самастойнасць і самадастатковасць сталі такімі значнымі, што нярэдка Ён ужо ўступаў з імі ў дыскусіі, палемікі. Яны маглі спрачацца некалькі гадзін, і — што самае цікавае — гэтыя спрэчкі былі прадуктыўнымі для Яго. Неаднаразова пасля гэтага Ён прыходзіў да відавочнай думкі: калі яны — гэта Ён, то як пасля спрэчкі з самім сабой можна змяніць светапогляд і па-іншаму глядзець на рэчы? Таму пытанне забывалася. У крайнім выпадку, Яму падабалася лічыць, што гэты палілог — форма ўнутранага маналогу і нічога больш. А ўнутраны маналог — гэта натуральна... Менш натуральным было тое, што «дарадцы» нярэдка ведалі тое, чаго Ён не ведаў. Аднак і гэтаму знайшоў тлумачэнне: палічыў, што нейкую частку інфармацыі, якую засвойваў, натуральна, Ён, а не хтосьці яшчэ, мозг «хаваў» у пэўным сховішчы, калі яна, гіпатэтычна, падыходзіла пад мадэль вобраза Станоўчага ці Адмоўнага. І ўжо пасля, пры генерацыі чарговай рэплікі гэтых вобразаў, мозг даставаў яе з глыбінь памяці і падаваў праз словы аднаго з іх. Такая тэорыя здавалася цалкам лагічнай і верагоднай, і Ён зноў быў спакойны. Але іншым разам думаў: а раптам яны нейкім чынам маюць доступ да таго, што Леруа называў наасферай?.. Гэтая думка выклікала кепскія адчуванні, і Ён заўжды ад яе адмаўляўся.
Ён жыў з імі з ранняга дзяцінства. Аднак, яны былі толькі галасамі. Ён не мог уявіць іх знешнасць і нават не імкнуўся гэтага рабіць. Не бачыў у гэтым аніякага сэнсу. Тым не менш, час ад часу Ён усё ж думаў, што можна было б іх візуалізаваць: як анёла ці чорта ў стэрэатыпным выглядзе, ці як анёла светлага і анёла цёмнага — такога ж, толькі з чорнымі крыламі, ці, як гэта модна ў масавай культуры, як сябе — аднаго з німбам і крыламі, другога з рагамі і хвастом. Ад апошняга вобраза Яму было ўвогуле смешна, — настолькі гэта ўяўлялася недарэчным і нерэалістычным. Але навошта? Ніякай патрэбы ў гэтым Ён не бачыў. Тое ж было і з імёнамі. Зараз, для сябе, Ён умоўна называў аднаго Добрым, а другога — Злым. Каб была пэўная асацыяцыя з галасамі. Аднак гэтыя мянушкі ўжо не з’яўляліся адлюстраваннем іх сутнасці, а былі нейкай Яго звычкай. Іншым часам Ён называў іх Светлым і Цёмным таму, што яны былі антыподамі, хоць з цягам часу кантраст паміж імі памяншаўся. Даваць ім нейкія сапраўдныя імёны было бессэнсоўна, а самім ім было ўсё роўна...
Кім былі яны цяпер? Ён неаднойчы разважаў над гэтым пытаннем і меў некалькі меркаванняў. У першую чаргу, увасабленнямі Дабра і Зла — дзякуй байцы пра анёла і чорта. Аднак Добры і Злы, на Яго погляд, былі вельмі далёкімі ад абсалюта ў гэтых сферах. З іншага боку, Добры мог быць увасабленнем пачуццяў, а Злы — розуму, што было бліжэй да рэчаіснасці і пацвярджалася зместам і спосабам падачы іх слоў. Развіваючы гэтую думку, Ён прыйшоў да больш шырокай тэорыі: Добры мог быць увасабленнем жаночага пачатку, а Злы — мужчынскага. Аднак, пасля шматлікіх разважанняў, Ён так і не схіляўся ні да адного з тлумачэнняў. Па-першае, Яму здавалася, што ўсе гэтыя тэорыі ў пэўнай ступені правільныя, а па-другое, што было для Яго больш значным, — не існавала ніякага сэнсу ў аналізе вобразаў «дарадчыкаў». І ён жыў з імі — галасамі за сваёй спінай, якіх па звычцы працягваў называць Добрым і Злым.
НОЧ ЧАЦВЕРТАЯ
Першая прыкмета пачатку пазнання — жаданне памерці.
Ф. КАФКА
Ён ляжыць на сваім няўтульным ложку на спіне, амаль як нежывы. Думае пра словы Злога: «Што з’яўляецца большым эгаізмам: жаданне пасмяротнай пашаны ці прынцып «пасля мяне — хоць трава не расці»? Раней Ён часта разважаў над крыху іншым пытаннем: як усё скончыць, каб нікому не было дрэнна? Часта думаў пра самагубства, бо жыць так, як жыў Ён, далей не было ні сіл, ні сэнсу. Але заўжды прыходзіў у гэтых разважаннях да тупіка. З аднаго боку, Яму не давала спакою думка, што самагубства — самы страшны грэх. Пра гэта заўжды нагадваў Добры, ды і сам меў перад самагубствам нейкі страх. Бо верыў, што смерць — не канец. Апрача гэтага, Яму было страшна ўласна здзейсніць гэты ўчынак: страшна было адчуць фізічны боль, страшна зразумець, што гэта, верагодна, памылка. Была і нейкая дурная надзея, што «заўтра» нешта зменіцца, што Яго неўзабаве чакае нейкі прыемны падарунак лёсу, што жыццё ўрэшце палепшыцца. І гэтае «заўтра» чакалася кожны наступны дзень, год за годам. І нягледзячы на тое, што насамрэч усё толькі пагаршалася, надзея не знікала і не слабела. Таму і была дурной... І вось гэтая незразумелая сумесь рэлігійных уяўленняў, жывёльнага інстынкту самазахавання і наіўнай чалавечай надзеі была адной з прычын, якія не дазвалялі Яму здзейсніць самагубства і нават сур’ёзна думаць пра гэта.
Читать дальше