Дзе на здымку каторая з пляменніц, пазначана не было, але гэтага Станіславу Мікалаевічу і не патрабавалася: здагадаўся, ледзь адчыніўшы файл ды ўзгадаўшы фотку, прадэманстраваную пару гадзін таму Раманам.
Ён прачнуўся пад ранне - ад болю ў грудзіне. Паспрабаваў прыўзняцца і не змог: цела быццам скалянела. Праглынуў, сяк-так дацягнуўшыся рукою да пудэлка, пару капсул з лекамі, хацеў запіць глытком вады, але шклянка была пустая. Пастукаў кійком у перагародку, каб паклікаць упомачкі Зіну, ды, успомніўшы, як яна збіралася звечара ў начную змену, зноў адкінуўся галавою на падушку. “Канец?” - падумаў і склаў на жываце рукі. Ні роспачы, ні страху не было, толькі нейкі няўцямны, незразумелы сверб у галаве. Усё адно як штосьці там муляла ды, разбітае на дробныя фрагменты, зыбалася-знібела між звілінаў і ніяк не давала рады аформіцца ў адзінае цэлае. Як з парваным ланцужком мітрэнга: звяно выпала, а вось чым замяніць яго - і не даўмецца, і не ўзгадаць.
Тым часам боль у грудзях пачаў пакрысе адпускаць. І неўзабаве, прыглушаны, відаць, лекамі, ужо адно ледзь-ледзь нагадваў пра сябе лёгкім паколваннем у спіне і плячах.
Першы сонечны прамень выбіўся з-пад гардзіны, пазыбаўся ў марыве з пылу і кволага ранішняга святла па-над падлогаю, упёрся ў прастакутнік шпалераў з гадзіннікам на сутыку сценаў. Палова сёмай, да сканчэння Зінінай змены паўтары гадзіны. Значыць, дахаты дзеўка вернецца не раней дзясятай. А можа, і пазней: штосьці ўчора намякала мімаходзь на прыезд Валеркі, дык, мабыць, адразу з працы паляціць на станцыю яго сустракаць. Дзіўная: ганіць каханка, а варта таму пальцам павабіць - і ляціць да яго як не на злом галавы, бы тая жамярына па нектар да кветкі, быццам нікога лепшага за яго і ва ўсім свеце для яе няма. І зразумей ты гэтых жанчын.
Гэтак во акурат, без жаночых дзівацтваў, і з Віцюнем у тое лета не абышлося. Невядома, чым ён іх там браў, тых маладзіц, але тры з шасцярых ягоных ахвяраў, як высветлілася, самі, без прынукі селі да незнаёмца ў аўто, зрабілі крок насустрач уласнай смерці. А падчас суда, сведкі пасля казалі, некаторыя жанчыны ў зале, магнезу ды абаяльнасці асобы забойцы, няйначай, паддаўшыся, нават і спачувалі яму, і слязіну, зычлівіцы, пускалі. А адна, з каханак ягоных быццам бы колішніх, тэхнікумаўскіх яшчэ, дык і наогул як звар’яцела, паўгода па агалашэнні выраку лісты-скаргі на дзеянні следства ў высокія інстанцыі дасылала.
Ён перакуліўся на бок, набраўшы ў рот паболей паветра, у тупым здранцвенні ўпетрыўся паглядам у сцяну. Колькі дзесяцігоддзяў прамінула, колькі забылася ўсяго, быльнягом зарасло, а зацята-неўразуменная ўсмешка братава, быццам учора тое ўсё здарылася, так і засталася перад вачыма. Змушаны, як праз сілу, усмех хворага чалавека, калі даваць веры высновам навукоўцаў, - прыкмета душэўнай неадэкватнасці асобы, так званай некрафіліі. Цікава толькі, як яны, некрафілы, пры іх любові да смерці, да пагрозы ўласнаму жыццю пры гэтым ставяцца? Мяркуючы па паводзінах Віцюні падчас суда, піетэту не выказваюць. Але ж каб і надта баяліся - таксама не скажаш.
Але пра што гэта ён? Ці не час ужо і насамрэч вартым, а не ўспамінамі тымі прадаўнімі, заняцца?
Стрэлка гадзінніка нервова тарганулася на цыферблаце, памарудзіла, бы ў одуме, на лічбе 7, пасунулася далей у адвечным сваім марным клопаце пагоні за часам. Дапяла да прыпарушанай пылам мінулага адзнакі гульні з Віцюнем у перайначванне словаў, хіснулася сюды-туды і спынілася, быццам чымсьці заварожаная.
“Ну, вось, і ўсё, мабыць, - адчуваючы, як слабее ды пачынае новым прыступам болю адзывацца сэрца, падумаў ён і падняўся з ложка. - Справу скончыць, і да пабачэння, белы свет. Як кажуць - быва. бываленя!”
Прыўзняўся на ложку, дастаў з кішэні цыдулу з Ромакавай паспешлівай крамзанінай, набраў нумар.
7.
- Усё, заўтра еду па Цёму. - Зіна імкліва паднялася з канапы, прайшлася сюды-туды па пакоі. - Адзін заставацца тут не пабаішся? Раптам гаспадар заявіцца ці яшчэ які прывід.
- Яшчэ чаго! - ускіпеў Валерка. - Знайшла баязліўца! Вось абы ўкалоць. Характар твой: тыдзень усяго разам пабылі, а ўжо колькі чаго ад цябе ні наслухаўся. І што ні слова, то знявага. І прайдзісвет я, аказваецца, і няздара, а цяпер во - і баязлівец яшчэ да ўсяго...
- Цябе зняважыш, ага. Паеду - клункі тыя з вопраткай Мікалаевіча, што ўчора напакавалі з шафаў, не забудзься павыносіць на двор, можа, прыдадуцца каму з суседзяў. Толькі абы-як не кідай, пакладзі акуратна. Не возьмуць - пасля, як вярнуся, у інтэрнат для старых аддамо. На могілкі схадзі. Вецер штоночы, каб вянкі не разбэрсаў. І наогул, падправіць што, можа, там трэба, дык пастарайся ўжо, не палічы за цяжар.
Читать дальше