— Арэхі — гэта для мяне, — растлумачыла Кіра, паказаўшы на мяшэчак. — Дзядуля казаў, што ад арэхаў разумнеюць.
— А ключы навошта?
Кіра ўсміхнулася.
— Дзядуля збіраў ключы. Заўсёды падымаў, калі знаходзіў на дарозе. Казаў, што да кожнага ключыка адшукаюцца дзверцы. Часам ён рабіў замкі для сваіх улюбёных ключоў, каб ім не было сумна без працы.
Антон усміхнуўся.
— Некаторыя лічылі яго вар’ятам, — сказала Кіра. — Ды што некаторыя. Усе, акрамя бабулі ды мяне.
— Людзі часта асуджаюць тое, чаго не могуць зразумець, — сказаў Антон. — Толькі абраныя здольны разгледзець у геніі — генія. Большасці значна прасцей абазваць генія — вар’ятам.
— Добра, што мае бацькі не геніі, — сказала яна. — Інакш мне давялося б таксама даказваць, што я не горш. А мне зусім не хочацца быць часткай нейкай параўнальнай канструкцыі.
Антон задумаўся. Ён таксама не лічыў сваіх бацькоў геніямі. Першым геніем у сям’і будзе ён. Прынамсі, так ён думаў яшчэ некалькі дзён таму. Сёння ж разважаў пра тое, як бы не стаць першым у сям’і катаржнікам.
— У будучым годзе я паступаю ў школу вытанчаных рамёстваў, — прамовіла Кіра, калі паўза зацягнулася.
— А мне яшчэ два гады вучыцца, — адазваўся Антон. — Будзем бачыцца.
Яна чамусьці збянтэжылася. Адвярнулася да акна. І праз хвіліну Антон пачуў
дзіўна знаёмы трэск. Падышоў да падаконніка. Кіра задуменна круціла ручку жоўтага млына-кавамолкі. Крылы млына круціліся супраць гадзіннікавай стрэлкі.
***
Раніцай ішоў дождж. Антон сядзеў ля расчыненага акна і трымаў у руках Кірынага паяца. Што ж не так з гэтай старой цацкай? Можа, усярэдзіне нейкі механізм, які акісліўся? Ці сілкаванне скончылася? Распароць бы гэту рознакаляровую скурку ды зазірнуць унутр. Хоць усярэдзіне ніякай механікі не прамацваецца. Так, грэчка ці дробныя каменьчыкі. Паяц глядзеў на яго бесцырымонна. «Куды табе, прасцяку, раскрыць сакрэт майстра Люфта», — казала яго вышытая ўхмылка. Не, тут штосьці іншае, нейкая хітрынка, падвох, і каб яго разгадаць, трэба было паставіць сябе на месца майстра Люфта, старога, якому раптам уздумалася сшыць сваімі рукамі ляльку для ўнучкі. Антон паглыбляўся ў роздумы. Здавалася, ён вось-вось ухопіць нітку.
Дзверы нечакана расчыніліся. Здаецца, у Юліі з’явілася благая звычка — урывацца кожную раніцу ў яго спальню. Добра б, каб па вяртанні ў школу гэтая звычка знікла.
— Ну вось і ўсё, — сказала Юлія, пстрыкнуўшы паяца па носе. — Рабаўніка арыштавалі, і выкрадзеная разламашка вось-вось вернецца пад утульнае бабуліна крыло.
— Што? — падхапіўся Антон. — Як жа так? Арыштавалі? Каго?
— Адзінага, хто ў гэтым доме мог паквапіцца на чужую ўласнасць, — холадна вымавіла Юлія. — Маю стрыечную сястрыцу.
— Ёсць доказы? — спытаў Антон, спрабуючы здавацца спакойным.
— Ды якія там доказы, — яна паціснула плячамі. — Кіра і раней траплялася на дробязі, то грошы гаспадарчыя з кухні сцягне, то ключы ад кладоўкі. А цяпер вось на бабуліну спадчыну замахнулася. Нарэшце дзядзька Карл прыкусіць язык і перастане ўказваць маёй маці, як трэба правільна выхоўваць дзяцей.
Антон сядзеў на ложку і разгублена падкідаў паяца. Паяц шчэрыўся. Ён ведаў, хто быў сапраўдным вінаватым ва ўсёй гэтай мітусні.
— Так, дарэчы, нас усіх выклікаюць на допыт у паліцэйскі ўчастак, — сказала Юлія. — Давай пасля сняданку сходзім і скончым з фармальнасцямі.
***
Далейшае адбывалася, быццам у сне. Антон запомніў толькі забраныя ў краты вокны ўчастка.
«Не турма, але так падобна. А ў турму засадзяць зусім не вінаватага чалавека а я буду гуляць на волі. Я таксама невінаваты. Аднак разламашку ўзяў я. Ды яе ў мяне няма. Але хто мне паверыць?» — Ён сціскаў зубы, каб не застагнаць ад злосці і разгубленасці.
Дзверы кабінета адкрыліся, і дзядзька Карл вывеў цётку Аліну. Цётка прыціскала да твару хустачку.
У кабінеце апынуўся той самы паліцыянт, які ўчора папіваў наліўку ў доме Люфтаў. Цяпер ён дапытваў Антона і Юлію як сведак.
— Што вы рабілі ў доме Люфтаў? — грозна спытаў паліцыянт. Падаўшыся наперад, ён навіс над сталом, нібы жадаў учапіцца ў Антона зубамі і вырваць з яго прызнанне.
— Я прыехаў разам з Юліяй, — пачаў Антон, але дазнаўца яго перабіў:
— Я не пытаю, з кім ты прыехаў, блазнюк, я пытаю, для чаго ты пракраўся ў гэты дом, скарыстаўся гасціннасцю.
— Ён мой жаніх, — хутка адказала Юлія. — Прыехаў пазнаёміцца з сям’ёй.
— Дык гэта ж зусім іншая рэч! — расплыўся ва ўсмешцы паліцыянт. — Што ж ты маўчыш?
Читать дальше