Адразу ж пасьля гэтай размовы я пачаў ціха сьпівацца, каб заглушыць згрызоты сумленьня. Натуральна, гэта не магло не адбіцца на маёй працы, гэтак жа як на ёй ужо апісаным чынам адбілася разавае падвышэньне заробку ў сувязі з інфляцыяй. Таму на нашым сайце пачалі зьяўляцца неправераныя нікім, апроч мяне, зьвесткі. Гэтак, з маёй лёгкай рукі й цяжкога бадуна пры актуалізацыі якога-небудзь матэрыялу „сёньняшняя анлайн-канфэрэнцыя“ ператваралася ўва „ўсёрашнюю анлайн-канфэрэнцыю“, „Сьвятлана Алексіевіч“ у „Сьвятлана Алексеіча“, „Слуцкае паўстаньне“ ў „Суцкае“, а пасьля першага туру амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў уся Беларусь даведалася, што кандыдаты Буш і Керы маюць прыблізна роўныя канцы. Калі спадар дырэктар заўважыў на нашым сайце прыдуманы мною загаловак „Папа Бэнэдыкт XYI і патрыярх Філярэт абмеркавалі сямейныія пытаньні“, ён ужо ня вытрымаў і запрасіў мяне да сябе на кілім. Ягоная прамова складалася з адных пытаньняў: „Макатоўша, скажыце, гэта вашае сапраўднае прозьвішча — ці толькі псэўданім? Што вы сабе дазваляеце? Што гэта за загаловак, напрыклад: „У 2050 годзе меншасьці будуць складаць 70% насельніцтва ЗША“? Або: „У 5000 запрошаных генэрал Фралоў не патрапіў“? Або: „Ня піце кампоту, калі ў ім аса“? Гэта вы самі дадумаліся, ці нехта падказаў? Або: „Самотная жанчына спадзяецца толькі на канец Лукашэнкі“? Ну й самае маё ўлюбёнае вось гэта: „Грыбы — лякарства душы“ — вы асабіста якімі грыбамі лекуецеся? Не галюцынагенныімі? А мо гэта вы, як анархіст, наўмысна робіце? Каб падарваць нашую рэпутацыю? Льяце ваду на млын рэжыму?“ Мне зрабілася ясна, што мае хвіліны на Радыё зьлічаныя. Як прафэсійны журналіст я цалкам пагарэў: тут трэба й піць умець, асабліва па пятніцах, і тавар, што называецца, паказаць.
Тым ня менш я быў удзячны Радыё за тое, што яно карміла й паіла мяне цэлы год, а Габрусю — што ён, як сапраўдны сябрук, ня выгнаў мяне з радыйнай кватэры, цяпер ужо выключна ягонай, пакінуўшы мяне замест пакаёўкі. Мы сталі вымушана жыць выключна зь ягонага заробку, але розьніцы ўва ўзроўні жыцьця чамусьці зусім не заўважылі — гэтак я даведаўся, што Габрусю як творцу плацяць у разы болей, чым плацілі мне. Ягоная кар’ера дык наадварот набірала абароты: у вольны ад глядзеньня порнаканалаў і „Сам сабе рэжысэра“ час ён пачаў задумваць новую, гэтым разам не кулінарную, а аўтабіяграфічную кнігу зь лёгка запамінальнаю назваю „Пуцявіна: Прымакі — Гомель — Менск — Рыга — Хельсінкі — Стакгольм — Мальмё — Капэнгаген — Гамбург — Бэрлін — Варшава — Прага“, дзе зьбіраўся выказаць пра сябе ўсю праўду-матку да самага знаёмства са мною: як і з кім вучыўся на філфаку, як рабіў з жонкаю дзяцей, як уцякаў ад беларускіх гопнікаў, як нелегальна пераходзіў па лёдзе Батанічны заліў, каб трапіць у Швэцыю, і нямецкую мяжу, каб трапіць у Чэхію, як лавіў у Прыпяці асятроў... „Габрусь“, умяшаўся я, „слухай — я табе веру, але нельга ж меру перабіраць! У Прыпяці няма асятроў!“, на што Габрусь, крыху падумаўшы, адказаў: „Пападаюцца...“
Ад лішку вольнага часу й зайздрасьці да Габрусёвых пісьменьніцкіх ляўраў я ня ведаў, куды сябе падзець. „Дык ты жывапісам займіся“, параіў мне Габрусь, „гэта ж лёгка“. „Габрусь, слухай, ну я ж ня ты...“ „Тады кніжку напішы — гэта яшчэ лягчэй“. „Ну й пра што я пісаць буду?“ „Як пра што? Пра мяне!“ „Пра цябе ты лепш сам пішы...“ „Ну, тады пра сябе“. „А што пра мяне пісаць? Я ж асятроў у Прыпяці не лавіў“. „А ты напішы пра лягер, пра сквот, усё такое... А я табе прадмоўку чыркану — у „Бібліятэцы Свабоды“ адразу выдадуць, пабачыш... “
Нягледзячы на такія пэрспэктывы, апавядаць ні пра сябе, ні пра лягер мне не хацелася, таму кніжка пісалася досыць марудна, а на пачатку дык не пісалася зусім. Я ўсё ніяк ня мог увайсьці ўва ўласную колішнюю ролю й пагадзіцца з думкай, што я нядаўні й я цяперашні — ня два розных чалавекі. За сябе-нядаўняга мне было перад сабою-цяперашнім сорамна, да таго ж пасьля звальненьня з працы пагроза зноў ператварыцца ў сябе-нядаўняга памацнела й перасьледавала мяне ў начных і дзённых кашмарах: я рабіў усё, каб пра гэта ня думаць і нават ня згадваць — а пісаць успаміны бяз згадак у мяне не выходзіла. Але ж калі Габрусь на другія ўгодкі нашага знаёмства падараваў мне сваю прадмову, шляху да адступленьня не засталося, і я, як кажуць сярод графаманаў, паступова ўвайшоў у смак: пакуль Габрусь толькі прыдумляў эпіграф да сваёй эпапеі, я ўжо неўпрыкмет сабе настрачыў у суме ажно дваццаць два разьдзелы. Што да апошняга разьдзелу, то мы з Габрусём пастанавілі гэтак: хай яго піша само жыцьцё. Дакладна на гэтым месцы Маўр ува мне умывае рукі.
Читать дальше