Купрэйчык, ускочыўшы на ногі, кінуўся да абрэза. Схапіў яго і гучна крыкнуў:
— Ні з месца! Рукі ўгару!
51 Капітан міліцыі Славін
Славін упершыню ўбачыў мора. Велізарнае, ласкавае, цёплае. Яно вабіла да сябе, вабіла разгарачанае сонцам цела. Безліч галасоў адпачываючых змешваліся з крыкам чаек, шумам набягаючых на пясчаную водмель хваль. Спакой і пачуццё ціхамірнасці ахапілі Уладзіміра Міхайлавіча.
Ён стаяў каля каменнай балюстрады і не мог адарваць вачэй ад сіні, якая раскрылася перад ім. Так, Славін упершыню бачыў мора і цяпер думаў, што ён такім сабе яго і ўяўляў, употай не раз марыў пра сустрэчу з ім. І вось гэта сустрэча адбылася, але злучана яна была з працай, і Уладзімір Міхайлавіч прымусіў сябе адарваць вочы ад хвалі, што набегла на пясок, і паглядзець туды, дзе праз невялікую плошчу віднеўся двухпавярховы будынак, каля якога стаялі дзве міліцэйскія машыны. Там размяшчаўся аддзел міліцыі. Славін усміхнуўся загарэламу, зусім голенькаму малому, які стаяў недалёка ад яго, і накіраваўся да міліцыі.
Пасля яркага сонца ўсярэдзіне памяшкання было змрочна. У невялікім пакоі знаходзіліся тры работнікі міліцыі і двое цывільных — малады і пажылы мужчыны. Яны абодва былі апрануты ў чорныя гарнітуры. Гутарка ішла на павышаных тонах. Але пра што спрэчка, Славін зразумець не мог, ён не ведаў грузінскай мовы. Уладзімір Міхайлавіч збянтэжана спыніўся каля дзвярэй, чакаючы, пакуль старшы лейтэнант з чырвонай павязкай дзяжурнага на рукаве зверне на яго ўвагу.
Славін адчуў, што да яго пляча нехта лёгка дакрануўся і адразу ж пачуў, як хтосьці па-руску ветліва сказаў:
— Дазвольце, калі ласка.
Уладзімір Міхайлавіч зразумеў, што ён стаіць у праходзе, і паспешна зрабіў крок у бок. Міма яго прайшоў мужчына, апрануты ў светлую кашулю з кароткімі рукавамі. Ён падышоў да дзяжурнага і спытаў:
— Дзе матэрыял для мяне?
Старшы лейтэнант, не перастаючы штосьці тлумачыць наведвальнікам, дастаў з высоўнай скрыні тоненькую папку і працягнуў яе.
— Двух мужчын абакралі ў санаторыі. Начальнік тэлефанаваў, сказаў, што хутка будзе. — Ён працягнуў вялікі журнал. — Распішыся, што атрымаў.
Мужчына ў светлай кашулі павярнуўся да Славіна тварам, і Уладзімір Міхайлавіч ледзь не ўскрыкнуў. Перад ім стаяў Антон Крайнюк. Баявы сябар і таварыш, з якім яны разам ваявалі ў адным партызанскім атрадзе, а затым служылі ў аддзеле па барацьбе з бандытызмам. Яны рассталіся ў сорак пятым, калі паранены ў адной з баявых аперацый Крайнюк патрапіў у шпіталь, а Славін з’ехаў на вучобу ў афіцэрскую школу. Час, адлегласць, бурныя пасляваенныя гады разлучылі былых сяброў. І вось Славін бачыў жывога і цэлага Крайнюка перад сабой. «Апрануты ў цывільнае, — думаў Уладзімір Міхайлавіч, разглядаючы Крайнюка, — матэрыял пра крадзеж атрымлівае. Значыць, гэтак жа як і я, у крымінальным вышуку працуе». Крайнюк, не зважаючы на гучную гутарку, пачаў гартаць паперы, якія знаходзіліся ў папцы. Паступова карціна спрэчкі станавілася зразумелай і для Славіна. Атрымлівалася, што спрачаўся са старшым лейтэнантам толькі малады мужчына. Другі, старэйшы, хутчэй за ўсё знаходзіўся ў міліцыі па іншым пытанні і з цікавасцю слухаў гучную тэмпераментную гутарку. Славін жа працягваў глядзець на Крайнюка. «Як Антон змяніўся за гэтыя гады! Цікава, ці пазнае ён мяне?»
Крайнюк нарэшце адарваўся ад папер, зірнуў на маладога хлопца і звярнуўся да дзяжурнага:
— Паслухай, Джэмал, пра што вы спрачаецеся?
— Ды ты паглядзі на гэтага чалавека! — абурана загаварыў старшы лейтэнант. — Ці бачыш, учора ён, каб пачаставаць сваіх сяброў шашлыком, узяў у нейкай атары барана. А сёння прыйшоў і патрабуе, каб мы знайшлі яму гаспадара атары. Ён, разумееш, хоча заплаціць за барана. А дзе я яму знайду гэтага гаспадара, калі ён нават не памятае, у якім месцы забраў гэтага чортавага барана. Быў п’яны! Таксама мне тлумачэнне. Калі я пяць літраў вып’ю, я ўсё адно не забываю, дзе знаходжуся, і на чужых бараноў не кваплюся. А ён і сёння падвыпіўшы. Прыйшоў у міліцыю і лае нас, што мы дрэнна працуем, не ведаем, у каго з жыхароў, а можа быць, у якім-небудзь калгасе Абхазіі барана ў атары нестае. Прыстаў да мяне, лаецца. Абражае.
— Як абражае?
— Кажа, што я таксама з той атары.
Крайнюк усміхнуўся:
— Што, пазнаў?
— Ды ты што? — ускіпеў і без таго гарачы старшы лейтэнант. — Я табе што, баран?
— Не кіпяціся, Джэмал, я ж пажартаваў, — усміхнуўся Крайнюк і звярнуўся да маладога мужчыны: — Ідзіце, дарагі, дахаты. Прыйдзіце ў сябе, супакойцеся і пачынайце шукаць гаспадара атары, з якой вы пазычылі барана.
Читать дальше