Першым чынам новы галоўны рэдактар пастараўся аднавіць ці актывізаваць супрацоўніцтва з “Вожыкам” такіх майстроў слова з тонкім адчуваньнем прыроды камічнага, народнага гумару, як Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Павел Місько, Алесь Петрашкевіч, Нэля Тулупава, Васіль Зуёнак, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Паўлаў, Аляксандр Капусьцін і іншыя, стварыць умовы, каб вакол часопісу гуртаваліся таленавітыя мастакі-карыкатурысты, фельетаністы. Але па вялікім рахунку час працаваў не на сатыру і гумар, хоць і сьмелы, вясёлы, дасьціпны “Вожык”, дзеля чаго выкладваліся спаўна і нашыя супрацоўнікі, і няштатныя аўтары, набываў аўтарытэт і папулярнасьць. За першы ж год ягоны наклад вырас больш як на 50 тысячаў экземпляраў, а галоўнае – заявіў пра сябе як адно з лепшых, найбольш прафесійных сатырычна-гумарыстычных выданьняў на прасторы СССР (іх мелі ўсе саюзныя і аўтаномныя рэспублікі). Надрукавацца ў “Вожыку” лічыў за гонар кожны пісьменьнік, мастак, журналіст, што зьяўлялася адзнакай высокай якасьці, прафесіяналізму і нават прэстыжу. Памятаю, напісаў для нас адзін з народных пісьменьнікаў. Мякка кажучы, атрымалася так сабе, ніжэй сярэдняга – і па гумары, і па мове, і па стылю. Яно і зразумела: важны аўтар практычна ніколі не зьвяртаўся да сатырычна-гумарыстычных жанраў. На старасьці ж гадоў заўважыў, што гэта недаравальны для класіка прагал у творчай біяграфіі: практычна ўсе народныя – і Купала з Коласам, і Броўка, Танк, Панчанка, Лынькоў, ня кажучы пра Крапіву, і Шамякін з Макаёнкам, і Брыль, Быкаў, Барадулін, Гілевіч пісалі сатыру і гумар, выдалі па адной, а то і па некалькі вясёлых кніжак, а ён застаецца на абочыне любімых у народзе жанраў. Прызнаўся, што рашыў адкласьці ўсё ў бок і неадкладна навярстаць упушчанае – пісаць гумарэскі, сатырычныя апавяданьні, падрукавацца ў часопісе, а як набярэцца на кіжачку, выдацца ў “Бібліятэцы “Вожыка”. Не надрукаваць такога паважанага і амбітнага аўтара, які мог з трыбуны пісьменьніцкага зьезу на поўным сур’ёзе задаць пытаньне зале: прашу падняць рукі, хто піша лепш за мяне, сьмяртэльна пакрыўдзіць, сказаўшы праўду, што ў сэньсе гумару яму трошачкі мядзьведзь на вуха наступіў, канечне ж, я не асьмельваўся, як і ня мог апускаць прэстыж высокага званьня “народны”, а найперш – дык часопісу, таму, расхваліўшы ягоную “сур’ёзную” прозу, папрасіў дазволу трохі прайсьціся рэдактарскім алоўкам, паколькі ў яго сям-там не праглядваецца вожыкаўская сьпецыфіка. Ён пагадзіўся пры ўмове, што да апошняй папраўленай косачкі ўзгадню з ім. Я добрасумленна прайшоўся па тэксьце, перадрукаваў на машынцы і чысьценькі арыгінал перадаў аўтару. Той ці не заўважыў, ці ўбачыў, што насамрэч стала лепш, і ўсё прыняў, як належнае. Пасьля публікацыі, праўда, расказвалі, што на пахвальныя водгукі сьціпла, са скрухай у голасе заўважаў: хм, пабачылі б вы, якое было, пакуль не пакалечылі ў рэдакцыі!.. Праўда, што там было, сьціпла змоўчваў. А рыхтуючы рукапіс кніжкі да друку, не вярнуўся ні да аднаго свайго ранейшага неадрэагаванага тэксту, хоць я шматзначна і намякнуў яму, што волен правіць, як захоча і што пажадае... (...)
Але грэх было б наракаць на свой лёс. Калі наракаць, то толькі на самога сябе. Лёс пакуль што быў літасьцівы, спрыяльны і ласкавы да мяне. Ён зводзіў пераважна з цікавымі, добрымі і шчырымі людзьмі, хто куды часьцей падстаўляў мне локаць і сваю плячо, чым падножкі. Тое ж было і ў “Вожыку”. Калектыў, дзе трымаліся традыцыі, закладзеныя яшчэ Кандратам Крапівой і памножаныя Уладзімірам Корбанам, адразу ж прыняў мяне як свайго, хоць прыйшоў да іх як партакрат, якіх тады недалюблівалі. Мо таму, што ня быў навічком у сатыры і гумары, а мо таму, што насуперак чуткам нібыта новы рэдактар мае прамое заданьне грунтоўна ператрэсьці калектыў, прыцягнуць сваіх людзей, ня звольніў нават кіроўцу, які здаў былога рэдактара міліцыі, што мне настойліва рэкамендаваў зрабіць Пячэньнікаў. І добра, што не паслухаўся. Саша аказаўся вельмі добрым і прыстойным хлопцам, з ім мы адпрацавалі дружна амаль дзесяць гадоў, аж пакуль са шчымлівым сэрцам адпусьціў яго на больш грашавітую работу – трэба ж карміць сям’ю. А ўвогуле за ўсе гады па сваёй ініцыятыве я ня звольніў ніводнага чалавека. Са многімі ветэранамі, якія прыйшлі яшчэ пры Корбане, як Майя Вінакурава, Галіна Афанасьева, Валянціна Шуст, адпрацаваў разам усе свае чатырынаццаць гадоў. Сярод іх, канечне ж, Уладзімір Правасуд, самы ветэраністы вожыкавец, прыроджаны гумарыст і сатырык, якому падуладны ўсе без выключэньне сатырычна-гумарыстычныя жанры, на жаль, здаецца, сёньня адзіны і, магчыма, апошні байкар у нашай беларускай літаратуры. З ім мы адначасова пайшлі з “Вожыка”. Уладзімір Рыгоравіч заўсёдны завадатар і арганізатар вясёлых сяброўскіх вечарынаў ветэранаў-вожыкаўцаў нашага прызыву, дзе ўволю адводзім душу, жартуем, рагочам, як колісь у былыя гады.
Читать дальше