– Тады самі і перадавайце! – нечакана для мяне дзёрзка запярэчыў заўсёды спакойны, вытрыманы, далікатны Гаўрыла Міхайлавіч. – Я ня маю права адмяняць пастанову бюро ЦК...
– Дык вось ты які!– узьвіўся пагрозьліва Паўлаў. – Чаго ж ты хочаш?!
– Каб была свая тэлепраграма... – коратка і спакойна адказаў Конанаў.
У кабінет заглянула сакратарка Сьвета Дрынеўская і сказала, што мяне тэрмінова шукае Кузьмін.
Аляксандр Трыфанавіч быў заклапочаны, папытаў, дзе знайсьці Бураўкіна. Я шчыра прызнаўся, што Генадзь учора прымаў намесьніка Лапіна (тады старшыні Дзяржтэлерадыё СССР) Папова і зараз адпачывае пасьля праводзінаў. АТК усьміхнуўся з разуменьнем, мусіць, прыгадваючы маскоўскага візіцёра, якога прымаў учора, і папрасіў тэрмінова зьвязацца з Бураўкіным, перадаць, каб ён неадкладна быў у яго, а на мой запытальны позірк пацьвердзіў тое, што я ўжо чуў ад Паўлава: пасьля абеду зьбіраецца бюро з намерам у сувязі з масавымі пратэстамі адмяніць прынятае рашэньне, вярнуцца на ранейшы рэжым тэлевяшчаньня, а рэспубліканскую праграму ўводзіць паступова. Я недаўменна паціснуў плячыма, сказаў, што не разумею, як гэта можна ўводзіць паступова – тут альбо ёсьць, альбо няма... Ён ня стаў нічога мне тлумачыць, нецярпліва прысьпешваючы: ты мне хутчэй шукай Бураўкіна, а потым разьбярэмся, што да чаго... Дарэчы, заходзьце разам...
Генадзь жыў недалёка на вуліцы Янкі Купалы, і пачуўшы пра сітуацыю, праз хвілінвў дзесяць занепакоены, нявыспаны быў у мяне. Настроены ён быў рашуча: не дадуць рабіць праграму – тут жа ідзе ў адстаўку. Я сказаў, што зраблю тое ж самае, аднак Генадзь разважыў: ты хоць кватэру атрымай, дый нельга рабіць гэтакі падаруначак Паўлаву...
АТК пачаў без усялякіх уступаў: напярэдадні зьезда кампартыі ўся рэспубліка пастаўленая на вушы, ведаеш, якія страсьці-мардасьці могуць разгарэцца? Таму трэба неадкладна адступіць, да сваёй праграмы рухацца паступова, паэтапна... І працягнуў яму кароценькі, на чвэрць старонкі праект пастановы бюро з двух пунктаў – адмяніць ранейшую пастанову і з заўтрашняга дня вярнуцца да былога фармату вяшчаньня. На паперчыне ўжо было некалькі подпісаў, у тым ліку Паўлава і ягоная, Кузьміна:
– Пазнаёмся, завізіруй і хуценька давай каманду неадкладна адкручваць усё назад...
Генадзь прачытаў уважліва, яшчэ больш пазмрачнеў і рашуча, зацята сказаў:
– Візіраваць гэтага я ня буду... І даваць каманду паварочваць назад – таксама. Хай адмяняе праграму іншы старшыня...
– Як гэта разумець? – сумеўся АТК.
– Проста, – адказаў Бураўкін. – Забароніце праграму – я тут жа іду ў адстаўку...
– Гэта ты сур’ёзна? – зьмераў яго зьдзіўленым і дапытлівым поглядам АТК, не зусім верачы, што ён насамрэч здольны на такое.
– Больш чым сур’ёзна. Завізірую толькі тады, калі ў пастанове будзе яшчэ адзін, трэці пункт: вызваліць Бураўкіна па ўласным жаданьні альбо па ягонай просьбе... – заявіў Генадзь, не пакідаючы ніякага сумненьня, што для яго гэта справа прынцыпу і не можа быць ніякага кампрамісу.
– Ладна, ты пасядзі тут адзін ды добранька падумай... – трохі разгублена сказаў АТК, кіўнуў да мяне: – А мы пайшлі, каб не замінаць яму думаць...
Моўчкі мінулі прыёмную, у калідоры ён павярнуў налева, пэўна, да Кісялёва, а я страшэнна прыгнечаны спусьціўся паверхам ніжэй у свой кабінецік, стаў нецярпліва чакаць Генадзя. Ён зьявіўся праз паўгадзіны. Сказаў, што зноў наадрэз адмовіўся візіраваць праект і ўрэшце рэшт расстроены АТК паслаў яго к чортавай матары...
Што мяне не запрасілі на бюро – зразумела, а вось чаму праігнаравалі, палічылі непатрэбнай Генадзеву прысутнасьць – гэта ўжо пытаньне... Ледзьве яно закончылася, як я ад Конанава даведаўся, што ніякага рашэньня не прынята і як усё адбывалася. Кісялёў пацікавіўся, чаму прадастаўлены праект пастановы не завізіраваны Бураўкіным і чаму той адсутнічае тут? АТК патлумачыў, што заняты з высокім маскоўскім госьцем, а візіраваць наадрэз адмовіўся, патрабуе, каб быў яшчэ адзін пункт аб вызваленьні яго ад пасады па ўласным жаданьні, прасьцей кажучы паставіў пытаньне рубам: альбо праграма, альбо ягоная адстаўка. Прайшоў незадаволены шумок: бач ты, надумаў ставіць ультыматумы... Конанаў не сказаў, хто высунуў, але тут жа стала абмяркоўвацца нечая радыкальна-рэвалюцыйная прапанова – адхіліць Бураўкіна ад пасады за стварэньне ідэалагічнай правакацыі, заадно – выключыць з партыі. Але страсьці-мардасьці астудзіў Кісялёў, разважыўшы: вызваліць, тым больш выключыць з партыі Бураўкіна мы заўсёды пасьпеем. А, магчыма, ён ведае нешта такое, чаго мы ня ведаем? І ў сваёй манеры нечакана зьвярнуўся да прысутных: хто з вас дзеля прынцыпу здольны паставіць на кон сваю пасаду, кар’еру, членства ў партыі, устаньце ці падыміце руку? Зьнячэўку ніхто не варухнуўся. Во, бачыце, працягваў Першы, то мо ня будзем пароць гарачку... І ўсе дружна пагадзіліся, што ня варта пароць гарачку...
Читать дальше