Людзям ня надта падабаецца, калі ў іх адбіраюць нешта знаёмае, звыклае, нават калі ўзамен даюць больш дасканалае, лепшае. Таму прадбачылі, што гэтакая кардынальная ломка тэлеэфіру выкліча неадназначную рэакцыю. Канечне, больш за ўсё хвалявала, трывожыла непазьбежная пратэстная рэакцыя тэлегледачоў. Каб згладзіць, самартызаваць, зрабіць яе мінімальнай, важней за ўсё было заявіць пра сябе адразу, застведчыць свой твар з першых жа выпускаў. Таму праграму на першы тыдзень фармавалі асабліва ўважліва і патрабавальна. Разам з Генадзем, ягоным намесьнікам па тэлебачаньні Віталем Дзьмітравічам Чаніным, дырэктарам праграмаў Пятром Савельевічам Каваленкам, галоўным рэжысёрам і мастаком да позьняй ночы праглядалі, адбіралі ўсё лепшае, арыгінальнае, што падрыхтавалі галоўныя рэдакцыі, абноўленае мастацкае і музычнае афармленьне, застаўкі. Пайшоў насустрач і кінапракат, прадаставіўшы ня толькі лепшыя старыя, але новыя кінафільмы, якія яшчэ не былі ў тэлеэфіры. А ў Маскве выпрасілі копію папулярнага шматсерыйніка “Сямнаццаць імгненьняў вясны”, які ўжо даўненька не зьяўляўся ў тэлеэфіры.
Новагоднія сьвяты і яшчэ дні два-тры пасьля іх прайшлі адносна спакойна, хоць тэлефоны і ў Дзяржтэлерадыё, дый ў ЦК не змаўкалі з ранку да вечару. Званілі людзі з розных месцаў, хто вельмі ўхваляў перадзел тэлеэфіру, высока ацэньваў новую беларускую праграму, але пераважная большасьць званкоў была ад незадаволеных – і спакойных, і поўных абурэньня. Як і можна было чакаць, крайне незадаволенымі аказаліся тыя 5-8 адсоткаў тэлегледачоў, што з-за разводкі праграмаў пазбавіліся магчымасьці бачыць Менск. Найперш у беларуска-літоўскім і беларуска-латышскім памежжы, на паўднёвым усходзе Гомельшчыны і паўночна-усходнім рэгіёне Віцебшчыны. Каб супакоіць людзей, з дазволу ЦТ вечарам у лепшы вячэрні час выйшлі на першую праграму з перадачай, у якой сьпецыялісты рэспубліканскага тэлецэнтру і Мінсувязі падрабязна расказалі аб планах і персьпектывах поўнага ахопу праграмай Беларускага тэлебачаньня ўсёй тэрыторыі рэспублікі, дзе і калі ў бліжэйшыя два гады будуць устаноўлены новыя перадатчыкі, рэканструяваны тэлецэнтры ў Гомелі і Віцебску з заменай састарэлых перадатчыкаў і ўзьвядзеньнем новых, амаль удвая вышэйшых тэлевежаў. Тут жа даваліся кансультацыі па абсталяваньні складаных антэнаў, з дапамогай якіх можна прымаць перадачы з Менску практычна ў любым населеным пункце. З такімі кансультацыямі сьпецыялісты рэгулярны выходзілі ў эфір, парады, схемы друкаваліся ў рэспубліканскім і мясцовым друку яшчэ за два месяцы да гэтага, але праўду кажуць: мужык не перахрысьціцца, пакуль гром ня грымне...
На чацьвёрты-пяты дзень на ЦК абрынуўся літаральна вал пісьмовых пратэстаў, ад іх жа і аж раскаляліся тэлефоны. І амаль усе – на закрыцьцё перадачы “Добрый вечер, малыши”, якая трансьлявалася па другой праграме. Замест яе беларуская “Калыханка” з дзедам-Барадзедам, на думку пратэстуючых, і блізка не ішла ні ў якое параўнаньне. Прасілі, патрабавалі вярнуць дзецям любімых Хрушу і Сьцяпашу. Вайскоўцы з Паставаў і іхнія сем’і ў калектыўным лісьце з ледзь ці ня тысячай подпісаў абураліся, што першую праграму перакінулі на другую кнопку і яна прымаецца ў іх у горшай якасьці. Былі яшчэ трывожныя лісты футбольных балельшчыкаў: а што будзе з матчамі, якія часам трансьляваліся толькі па другой праграме? Ну і, канечне ж, лісты з рэгіёнаў, дзе ўвогуле перасталі прымаць Беларускае тэлебачаньне.
Назаўтра з самай раніцы мяне і Гаўрылу Міхайлавіча Конанава, які пасьля Каленчыца стаў намесьнікам загадчыка і курыраваў сродкі масавай інфармацыі, паклікаў да сябе радасна-узбуджаны Паўлаў і з ходу:
– Ну, што-о?! Дагуляліся!.. Пасьля абеду зьбіраецца бюро і ўсе вашыя эксьперыменты будуць пахераныя. Тэрмінова адкручвайце назад! Каб сёньня ж усё стала на сваё месца...
Мы дружна запярэчылі: ня трэба пароць гарачку, можна сёе-тое паправіць – і ўсё аціхне, уляжацца... Дый яшчэ невядома, якое рашэньне прыме бюро, ці захоча адмяняць сваю нядаўна прынятую пастанову аб арганізацыі рэспубліканскай праграмы. Ён катэгарычна стаяў на сваім. Я заявіў, што такой каманды аддаваць ня буду, а каб і аддаў насуперак сваёй волі, мяне ўсё роўна не паслухаюцца ні Бураўкін, ні Чанін. Такую каманду можа аддаць толькі Ціхан Якаўлевіч. Паўлаў глянуў на Гаўрылу Міхайлавіча: знайдзі Бураўкіна і перадай загад...
– Чый? – удакладніў Конанаў.
– Якая табе розьніца, хоць бы мой!..
Читать дальше