Бог ім суддзя, але ніхто з кіраўнікоў, афіцыйных асобаў, апроч групы дэпутатаў, сярод якіх былі і Машэрава, Малафееў, ці то не палічыў патрэбным разьвітацца з народным пісьменьнікам, ці то збаяўся наблізіцца да небясьпечных колераў. Прыйшоў народ. Такога, бадай, пасьля пахаваньня Машэрава ў Менску яшчэ не было. Дзесяткі тысячаў людзей прайшлі ў жалобным маўчаньні ля труны Быкава, а потым несьлі яе на руках ад плошчы Перамогі да плошчы Якуба Коласа, запрудзіўшы амаль на ўсю шырыню прасьпект Скарыны. І ў гэтым таксама была сімволіка – шлях ад абаронца Радзімы да класіка літаратуры. Там, на плошчы, чакаў катафалк і аўтобус, адзін, замест дзесяці дамоўленых, і шматтысячная працэсія пад нацыянальнымі колерамі пайшла па прасьпекце аж да Усходніх могілак. Дзякуй Богу за тое, што абразуміў некага не даваць каманды АМАПу...
Бяру з паліцы апошнюю прыжыцьцёвую кнігу Васіля Быкава... “Доўгая дарога дадому”... У чорнай вокладцы, як і чорная дата, што тады няўмольна набліжалася... Ён, фаталіст па натуры, фаталіст ва ўсёй сваёй творчасьці, ведаў, ня меў ніякіх ілюзіяў, адчуваў, што тая дата няўмольна насоўваецца, і чакаў гэтую кніжку, як ніякую іншую (мо хіба толькі некалі першую). Яна была самай асабістай, самай дакументальнай ягонай кнігай, падсумоўвала і творчае жыцьцё пісьменьніка Васіля Быкава, і зямное існаваньне Васіля Уладзіміравіча Быкава як чалавека, як асобы. Ён сам выбраў для яе чорную апратку і быў шчасьлівы, што пасьпеў патрымаць у руках, падпісаць сябрам і блізкім людзям...
Адкрываю вокладку з ягоным апошнім аўтографам. Апускаю ўсё, толькі апошнія словы – “З даўняй, гродзенскай прыязнасьцю...” Дастаю і перачытваю зробленыя ў розны час ягоныя аўтографы на падораных ім практычна ўсіх, што выходзілі па-беларуску дый па-руску ягоных кнігах, і аж зьдзівіўся: усе яны – і кароткія, і разгорнутыя, наколькі дазваляла вольная плошча фарцтытульнага ліста, зробленыя ў Менску, маюць спасылкі на “незабыўную Гародню, дзе пачыналася наша сяброўства”, “сьвятую і пакутную Гродзеншчыну, дзе напісалася амаль усё”, што ўвайшло ў ягоны чатырохтомнік, і ва ўсіх – спасылка на гарадзенскае зямляцтва. Цяжка сказаць, якім ён больш быў – вушацкім ці гарадзенскім. У рэшце рэшт гэта ня мае істотнага значэньня: ён быў Вялікім Беларусам...
Як без ахвоты ехаў у Жалудок, так быў задаволены, рады, нават шчасьлівы, што прыехаў – мусіць, заўсёды так бывае. Зрабіў нечаканае адкрыцьцё: а жыць і працаваць у маленькім гарадку, дзе кожны кожнага ведае, дзе ты заўсёды ва ўсіх на віду, куды цікавей, чым у гарадской абязьлічцы. А галоўнае – тут была зусім іншая службовая атмасфера з больш шчырымі і цёплымі, пазбаўленымі інтрыжак і недобразычліўства стасункамі між людзьмі, у якой кожны пачуваў абсалютна натуральна, як рыба ў вадзе. Ва ўсякім разе я адчуваў сябе тут менавіта так, меў поўную свабоду дзеяньня, канешне ж, у межах літаўскага “Перечня”, установак ЦК КПСС і ўказаньняў райкаму партыі, якія пры добрым паразуменьні з ягоным начальствам можна было і беспакаранна праігнараваць альбо разумна абыйсьці. Рэдактар быў чалавек вельмі заняты – толькі першы сакратар райкаму і ён засядалі і на бюро, і на выканкаме, а тады было нормай, што гэтыя доўгія на ўвесь дзень пасяджэньні праводзіліся па разу, а то і па два разы на тыдзень. Да ўсяго як член бюро райкаму і выканкаму райсавету ён меў замацаваны калгас, за які як упаўнаважаны адказваў галавой і партбілетам. А яшчэ ў Абрама Данілавіча была і на ўсё жыцьцё засталася неадольная звычка корпацца ў машыне, за што меў вечныя канфлікты з жонкай Тацянай Іванаўнай – дужа экспрэсіўнай, але мілейшай і дабрэйшай душы кабетай. Ён мог доўгімі гадзінамі нешта прыкручваць, адкручваць у дабітым да ручкі рэдакцыйным “Масквічы”, каб раз выехаць, а потым зноў пачынаць нешта прымяраць-падкручваць, вяртацца дамоў у забруджанай, замасьленай адзежыне, чарговы раз атрымліваць ад жонкі на арэхі, якія адскоквалі ад яго, як гарох ад сьцяны. А мне дык падабалася і ягоная занятасьць, і прадастаўленая мне самастойнасьць. Бадай, нідзе і ніколі больш не працавалася так узьнёсла, з такім імпэтам, натхненьнем і самааддачай, імкненьнем самарэалізавацца, як тут. І ў калектыве, і ў раённага начальства, і ў гаспадарнікаў адчуваў да сябе добрае, прыязнае стаўленьне, быў дапушчаны да раённай кіруючай эліты ці, як сказаў сёньняшні народны класік, у “узкий круг ограниченых людей”...
У памяці захавалася шмат розных гісторыяў з тых часоў. Прыгадаю толькі адну – вясёлую і адначасова сумную пра Папялушку, якая на нейкі час стала прынцэсай, да чаго меў непасрэднае спрычыненьне...
Читать дальше