Гутарку прадоўжылі ў зале, заняўшы “свае” месцы – ён з Генадзем на канапе справа, мы з Сяргеем насупраць на крэслах. Ірына Міхайлаўна, як заўсёды, прысела на хвілінку на нізенькі зэдлік у тарэц стала, нешта пыталася, але, як і звычайна, ня надта ўмешвалася ў нашу мужчынскую гамонку: пасядзіць – і зноў бяжыць шчыраваць на кухню. Васіль Уладзіміравіч засыпаў нас пытаньнямі – і пра здароўе, і пра нашых сямейнікаў, і пра літаратурныя справы, а больш за ўсё – што робіцца тут, на Беларусі, як тут зблізку мы бачым і разумеем розныя падзеі апошняга часу. Ён выслухоўваў нас і меў свае меркаваньні. Лёс роднай Беларусі заўсёды востра хваляваў і трывожыў яго, нават цяпер, зьняможанага, спакутванага сьмяртэльнай хваробай.
Фізічныя дый, вядома, душэўныя пакуты, немаладыя гады зьнешне зрабілі з яго зусім старога, на той дзень амаль што нямоглага чалавека, што адразу ж кінулася ў вочы. Ён страшна здаў у параўнаньні з тым, якім быў год назад. І ўвогуле ў эміграцыі ён здаў неяк рэзка, абрывіста, асабліва калі памяняў звыклую быкаўскую прычоску “набок”, з якой глядзеўся маладзейшым. А ўвогуле ён заўсёды выглядаў значна маладзейшым на свае гады. Колісь мне, васемнаццацігадоваму, калі ўпершыню ўбачыў Быкава ў сакратарыяце “Гродненской правды”, ён падаўся ледзь не равесьнікам. Дый потым ягоныя аднагодкі старыліся куды хутчэй, чым Быкаў. А зараз ён быў зусім стары, стомлены, змучаны страшнай хворобай чалавек. Але трымаўся малайцом, нават чарачку прыгубіў за кампанію са мной, пацьвельваючыся з Генадзевага і Сяргеевага цьвярозага ладу жыцьця, да якога ніяк ня мог прывыкнуць дый прыняць усур’ёз таксама, хоць сам ужо добрых гадоў з дзесяць не браў нічога, апроч чарачкі сухога віна...
Гадзіны праз тры мы заўважылі, што ён стаміўся, і сталі сьпешна зьбірацца. Ён у адрозьненьне, як гэта бывала заўсёды, на гэты раз не настойваў пабыць яшчэ, выпіць “на дарожку”, не хаваў, што яму хочацца прылегчы, хоць ні словам не абмовіўся пра сваю немач. Ён ніколі не любіў скардзіцца на свае болькі і нягоды, якіх аж занадта хапала ў ягоным, як многім здавалася, надта ж удалым і шчасьлівым лёсе. На разьвітаньне Васіль Уладзіміравіч падарыў кожнаму з нас сваю “Доўгую дарогу дадому” са зробленымі яшчэ да нашага прыходу подпісамі-аўтографамі і абавязковыя для яго памятныя сувенірчыкі, якія заўсёды прывозіў з замежных вандровак. У гэтым сэнсе ягоная ўважлівасьць была проста ўнікальнай. Не памятаю, каб ён калі забыўся павіншаваць з днём нараджэньня ці нейкай іншай сямейнай урачастасьцю, нават знаходзячыся за тысячы кіламетраў. Нягледзячы на рашучыя пярэчаньні, Васіль Уладзіміравіч, як тое бывала заўсёды, пайшоў праводзіць нас да самага ліфта...
Гэта было наша апошняе “зьбяганьне” ў Быкава з Быкавым. Але не апошняя сустрэча з Васілём Уладзіміравічам. Апошняя адбылася праз няпоўны месяц – 19 чэрвеня, у 79-тыя ўгодкі ягоных народзінаў, якія ён сустракаў у бальнічнай палаце ў Бараўлянах. Мы згаварыліся з Барадуліным, Кудраўцом, Вярцінскім ехаць разам вялікай групай, каб меней стамляць Васіля Уладзіміравіча. Ён ужо не падымаўся, хоць ўрачы, што лячылі яго, былі на той момант настроены вельмі аптымістычна. Урач забараніла заносіць у палату кветкі – яны выклікалі ў Васіля Уладзіміравіча прыступы астмы, якая мучыла яго не адно дзесяцігоддзе. Шматлікія букеты, прынесеныя некім да нашага прыходу, стаялі і ляжалі на стале ў калідоры. Дабавілі да іх свае і запоўнілі палату. Павіншавалі, узялі нават, стоячы, па кілішачку за ягоны дзень анёла і – галоўнае за здароўе. Васіль Уладзіміравіч спрабаваў усьміхацца, але і ўсьмешка, і словы даваліся яму цяжка. Выслухаў аўдыёпасланьне ад Рыгора Бакланава, якое прынёс і ўключыў па прыёмніку Рыгор Барадулін, і ўрач нагадала, што хвораму трэба адпачыць...
Праз тры дні вялікі пісьменьнік і грамадзянін, народны ня толькі па званьні, але і па існасьці, аб чым як нельга лепш засьведчылі ягоныя сапраўды ўсенародная праводзіны, спачыў назаўсёды...
Улады больш за ўсё непакоіла, каб на разьвітаньні і ў Саюзе пісьменьнікаў, дзе была ўстаноўленая труна з целам нябожчыка, і на вуліцах, і на Усходніх могілках не зьявіліся бел-чырвона-белыя колеры. Аднак на разьвітаньні з самым знакамітым Беларусам яны проста не маглі не зьявіцца. І калі, выконваючы волю нябожчыка, на труне Васіля Уладзіміравіча зьявілася нацыянальнае бел-чырвона-белае палотнішча, урадавая камісія на чале з міністрам культуры Гулякам панічна зьбегла. Можна толькі дзіву давацца, але сёй-той у нас стаў шарахацца ад гістарычных нацыянальных колераў, як чорт ад крыжа ці ладана, неўспрымаць іх ледзь ні на астральна-ірацыянальным узроўні...
Читать дальше