– Я яго не баюся, – запэўніў і сябе, і сястру Віцька.
– А яшчэ Эдзік прыехаў, – дадала Жэнька як аб не надта вартым увагі.
– Настусін?
– Ага.
– А чаго ты маўчала ўчора?
– А ён толькі сёння ранкам прыехаў. Я карову выганяла, то бачыла.
– Ух ты! Тады я пайшоў.
– Ідзі.
Ля парога Віцька прыпыніўся, азірнуўся:
– А яму прывет ад цябе перадаць? – і падміргнуў па-змоўніцку сястры.
Жэнька хмыкнула, крутнулася да дзвярэй, нічога не адказаўшы.
– Я перадам! – паабяцаў Віцька.
Ён ведаў, што Жэнька пісала Эдзіку лісты. І ён ёй пісаў. Толькі апошнія два месяцы нешта не заўважаў Віцька канвертаў у скрыні.
З двара Віцька выходзіў у добрым настроі. О, гэта добра, што Эдзік прыехаў. Ну, няхай ён трохі задавака, затое столькі ўсяго ведае, столькі ўмее выдумляць. З ім цікава. І добры магнітафон у яго ёсць, і плэер з маленькімі навушнікамі. Праўда, запісы на касетах Віцьку не надта спадабаліся, але гэта – справа густу.
Ля хаты бабкі Настусі на лавачцы сядзеў Эдзік – Віцька яго здалёк пазнаў. І яшчэ Віталь стаяў, рот разявіўшы.
Віталь – аднакласнік Віцькі. Як быццам нечым зачараваны. Ды не нечым, а кніжкамі. Як пачытаў быў “Прыгоды Тома Сойера”, а потым “Востраў скарбаў”, цяпер сам скарбы шукае. Усе вушы прагудзеў за гэтую зіму Ведзьмінай тоняй. То, кажа, загадка. Падалося яму, быццам усе пяць астравоў вакол возера стаяць роўным паўкругам і на аднолькавай адлегласці адзін ад другога. “Значыць, гэта справа рук чалавека,” – кажа і такі твар загадкавы робіць, аж смех бярэ. Гэтым летам плануе цэлую навуковую экспедыцыю арганізаваць на астравы Ведзьмінай тоні. Усё падбухторвае Віцьку. Віцька, па праўдзе, і сам трохі зацікавіўся гэтымі астравамі. Ніколі ж на ўсіх астравах не быў, толькі на Заікіным. Рыба там добра зранку бярэ, але каб зранку палавіць, трэба на ноч там заставацца. Аднаму жудасна, удваіх – весялей. Во Эдзіка з сабой возьмуць – і дні на тры на астравы! Цікава будзе!
Павіталіся.
Настусін Эдзік – аднагодак Віцькі і Віталя. Трохі вышэйшы за Віцьку і ў плячах шырэйшы. Пастрыжаны вельмі коратка, валасы белыя. Сядзеў, упёршыся спінай у агароджу палісадніка, ногі выцягнуў і ў такт музыцы энергічна ківаў галавой.
– Ну, адчуваю, вы тут у сваім балоце па вушы бытам заплылі, – насмешліва загаварыў ён. – Чым хоць займаецеся?
– Гуляем, – Віцька апусціўся на лаўку побач. – Давай прапаноўвай што-небудзь цікавае.
– Ат, з вамі тут... Што я вам – масавік-зацейнік?
– Ну, ты ж у райцэнтры, давай, выцягвай нас з балота, – ужо з ледзь улоўным выклікам сказаў Віталь.
Эдзік змерыў Віталя прыжмуранымі вачыма.
– Так, трэба зрабіць калекцыю чучал птушак!
– Ух ты! – выгукнуў Віцька. – Як гэта?
– А так: падстрэльваем, здымаем скурку з пер’ем, прамываем, прасушваем на каркасе, набіваем прадэзінфіцыраваным пілавіннем – чучала амаль гатова, – Эдзік далёка цвыркнуў слінай. – За добрае чучала можна неблагія грошы атрымаць.
– Дзе атрымаць? – здзівіўся Віцька.
Для яго чучала птушкі з першага моманту асацыіравалася са школай – у кабінеце прыроды і біялогіі было толькі адно старое чучала савы, пер’е з якой, колькі яго біялагічка Ганна Іосіфаўна ні падклейвала, лезла ў розныя бакі.
– Дзярэўня! – працягнуў Эдзік. – У Мінску ўсё трэба. А чучалы птушак – тым больш. Заходзіш у бар – а там бутэлькі з напоямі ахоўвае коршак з крыламі распрастанымі... Ого, я бачыў – класна глядзіцца.
Але Віцька гэтаму “бізнесу” не асабліва ўзрадаваўся, а вось папаляваць на птушак, павучыцца з іх чучалы рабіць, а потым восенню занесці ў кабінет біялогіі – будзе радасці ў Ганны Іосіфаўны...
– А ведаеце, дзе многа птушак? – загаварыў па-змоўніцку Віталь. – На астравах, на Ведзьмінай тоні! Так жа на Савіным востраве соў колькі! Гэта табе не верабей.
– От, зноў ты з Ведзьмінай тоняй! – рагатнуў Віцька, павярнуўся да Эдзіка. – Ён у нас хоча раскрыць тайну пяці астравоў!
– А што, – сеў прама Эдзік. – Савінае чучала будзе каштаваць не мала. Добрая ідэя.
– А заадно і замеры ўсе зробім, – узрадаваўся Віталь.
– Якія замеры? – здзівіўся Эдзік.
– От глядзі, – прысеў Віталь насупраць Эдзіка, знайшоў у траве трэску, стаў чарціць на зямлі і горача каменціраваць: – Гэта – возера, сама Ведзьміна тоня. Вакол яе – пяць астравоў. Трэба змерыць дакладна адлегласць ад вострава да вострава, вызначыць напрамак, і тады нешта абавязкова намалюецца!
– Ужо намалявалася, – усміхнуўся Эдзік, гледзячы на малюнак Віталя на зямлі, дзе атрымалася кветка з пялёсткамі. – А дзе той востраў, дзе совы водзяцца?
Читать дальше