Цяпер правяраюць навуковую вартасьць выкананай Шпілеўскім чужымі рукамі “гаспадарча-дагаварной” тэматыкі. Можна ня надта дзівіцца, калі пасьля такой праверкі будзе пастаўленая самая папулярная ў народзе адзнака за патрыятычныя намаганьні палітыканствуючых ленінцаў – нуль.
Цяпер мы пераканаліся, што маштаб “беларускай” карупцыі адпавядае маштабу ўсесаюзнай карупцыі. Гэта і вядома: аўтары іх – усё тыя самыя выхаванцы і пасьлядоўнікі, як яны сябе ўсюды велічаюць, ленінскай партыі.
Нядаўна мы ўжо згадвалі пра забойствы і суды несправядлівыя, што чыняцца тымі ж ленінцамі на Беларусі. А цяпер прасачыліся зьвесткі пра серыю новых забойстваў. Ужо на Магілёўшчыне (тыя, ранейшыя, былі на Гомельшчыне і Віцебшчыне).
25 лістапада 1986 году. Нарэшце адазваўся Генрык. Вось перада мною яго сьляды – заадрасаваны ім на маё імя паштовы канверт. У канверце – доўгачаканая мною вестачка. Нават вестка-запрашэньне. Ксёндз-прыміцыянт Генрык Акалатовіч з адчувальнай радасьцю запрашае на свае прыміцыйныя ўрачыстасьці. Падзея гэтая адбудзецца праз чатыры дні, 29 лістапада, у горадзе Браславе.
Во аж куды занесла хлопца! У Менску, куды ён быў накіраваны рэлігійнай уладаю, прадстаўнікі савецкай улады не дапусьцілі яго. А перад Менскам быў жа яшчэ і Нясьвіж! Паезьдзіў Генрык па Гродзенскай вобласьці, згодна з самавольствам залескіх, і там нідзе не прыткнуўся. Карацей кажучы, палётаў малады сьвятар па сваёй бацькаўшчыне – Беларусі, як тая райская мухалоўка Muscicapidae, што выдрукавана на гэтым ягоным канверце. Цяпер во Віцебшчына. Пакуль гісторыя больш падрабязная мне не вядома. А яна ж, вядома, была. І магчыма, багатая на прыклады рэлігійнай “свабоды” ў СССР.
Апроч запрашэньня, Генрык даслаў таксама і вельмі сімпатычную Памятку сваёй ужо абвешчанай Першай Імшы: на верхнім баку шматкаляровая выява вялікага папы Яна Паўла ІІ з надпісам унізе: “Anno Santo della Redenzione 1893”; на другім, ніжнім, баку – тэкст, які Прыміцыянт палічыў неабходным даць тут у якасьці свайго першага пастырскага бласлаўленьня.
Ох, як яскрава сьведчыць гэтая Памятка пра цяжкія ўмовы функцыянаваньня рэлігіі ў СССР!
1. Тэкст надрукаваны на канцылярскай пішучай машынцы. Ва ўсім сьвеце гэта спрадвеку робіцца друкарскім спосабам. Але ж тут, у гэтай дэмагагічнай краіне, нават Патрыярхія агромістай царквы – Рускай праваслаўнай – ня мае ніводнай сваёй друкарні!
2. Дастаць больш-менш значную колькасьць патрэбных абразкоў прыміцыянту недаступна. Генрык раздае свае Памяткі, якія падрыхтаваў яшчэ ў 1984 годзе для Нясьвіжа. Так браслаўчане і атрымаюць ад яго абразкі з выдрукаванымі на іх 1984 годам і парафіяй Нясьвіж. А дзе ж і як дастанеш новыя абразкі, каб прывесьці ўсё ў адпаведнасьць?!
3. Неадпаведнасьць надрукаванага на абразку з сапраўдным станам рэчаў сьведчыць не пра што іншае, як пра зацятую барацьбу савецкай улады з рэлігіяй: Генрыка не дапусьцілі туды, куды яго рыхтавалі.
4. Замежнае выданьне абразка, прыстасаванага Генрыкам пад сваю Памятку, зьяўляецца тэрміновым, сезонным. Аб гэтым сьведчыць і надпіс пад ім. Аднак у СССР нават духоўным асобам ён трапіў у рукі з вялікім спазьненьнем, а да зацікаўленых веручых ён, як мы бачым, трапляе праз тры-чатыры гады.
У такіх вось умовах будзе несьці сваю ганаровую, архіпатрэбную народу службу сьвятар Генрык Акалатовіч. Дай Бог яму моцы трываць і вытрымліваць!
А я між іншым вельмі хачу быць сьведкам і ўдзельнікам гэтай яго ўрачыстасьці…
26 лістапада 1986 году. 16 гадзінаў 40 хвілінаў. Адзін з герояў Цэнтральнага тэлебачаньня заяўляе: “Каб ад працоўнага чалавека была большая аддача, ён заўсёды павінен думаць толькі пра сваю працу” (!)
1 сьнежня 1986 году. Нечакана для ўсіх Алег Бембель стаў хрысьціянінам. Пішу “стаў”, бо такім ён ня быў ад нараджэньня. Продкі яго – іудзеі, бацькі, “вядома”, – “атэісты”, прынамсі, бацька. І вось Алег “явачным” парадкам сам ператварыў сябе ў хрысьціяніна, прытым актыўнага. Цяпер ужо хрысьціянская тэматыка нярэдка выходзіць на першае месца ў яго літаратурнай творчасьці.
Алег па сваёй ініцыятыве пазнаёміўся з мітрапалітам Менскім і Беларускім Філарэтам, перадае яму свае вершы. Часам некаторыя творы сьпецыяльна прысьвячаюцца ім гэтаму іерарху.
Неяк Алег завітаў да мяне, паказаў тое, што нясе да мітрапаліта. Паводле маёй парады сёе-тое перарабіў, перадрукаваў, паклаў у мой канверт.
Цяпер вось Алег зноў наведаў мяне, ідучы ў кансісторыю. І зноў мне давялося наводзіць марафет у яго карэспандэнцыі, забясьпечыць яе адпаведным канвертам.
Читать дальше