2. Публікуецца “Закон Саюзу ССР “Аб індывідуальнай працоўнай дзейнасьці”. Гэта значыць, што партыя, урад і кадэбэ перад усім сьветам прызнаюцца, што сацыялістычны спосаб гаспадараньня зьяўляецца неэфектыўным. Што на дапамогу яму заклікаецца “індывідуаліст”, “прыватнік”, які і павінен выратаваць сацыялізм ад канчатковага краху.
У “Законе” пералічаныя ня толькі віды “індывідуальнай дзейнасьці”, якімі можна займацца, але ж і тыя, якімі не дазваляецца займацца.
Нельга, напрыклад, вырабляць: множыльныя апараты, капіравальныя апараты, штампы, штэмпелі, пячаткі, шрыфты.
Забараняецца арганізоўваць заняткі грамадзянаў “па прадметах і курсах, якія не ўваходзяць у вучэбныя планы агульнаадукацыйных школаў, прафесійна-тэхнічных, сярэдніх сьпецыяльных і вышэйшых навучальных установаў СССР”.
Не дапускаецца таксама прыватны промысел у сферы відовішчных мерапрыемстваў.
Ох, як выразна тырчаць рогі з гэтага меху! Апроч гэтых, у “Законе” расстаўленыя і іншыя жандармскія кропкі і клічнікі. Цытую “Закон”:
“Дзейнасьць гэтага Закону не распаўсюджваецца на творчую дзейнасьць грамадзянаў у сферы навукі, тэхнікі, літаратуры і мастацтва…”
Пасьля пераліку забароненых відаў саматужна-рамесных промыслаў чытаем:
“Заканадаўствам Саюзу ССР і саюзных рэспублік могуць быць забароненыя заняткі таксама іншымі відамі саматужна-рамесных промыслаў, калі гэта супярэчыць інтарэсам грамадства”.
Дакладна такія самыя перасьцярогі вянчаюць параграфы пра бытавое абслугоўваньне насельніцтва і пра дзейнасьць у сацыяльна-культурнай сферы.
3. Не ад добрага жыцьця публікуе “Правда” “артыкул” акадэміка Г. Арбатава “Не ад добрага жыцьця. З прычыны выступленьня Р. Рэйгана”.
Артыкул займае прыкладна палову вялікай праўдзінскай паласы. І што ж даведаўся чытач пра тую прамову прэзідэнта Рональда Рэйгана? А нічога, калі не лічыць даты (18. ХІ. 1986 г.) і месца прамовы (Цэнтр дасьледаваньняў у галіне этыкі і грамадскай палітыкі). “Акадэмік” не працытаваў ніводнай фразы прэзідэнта! Значыць, прамова была густая. Кожная фраза трапіла ў цэль. Так трэба разумець дзіўны арбатаўскі метад абвяргаць штосьці і не сказаць што. Аналагічна ж паступіла і ЦТ. Яно нават і папярэдзіла слухачоў, што няма чаго цытаваць прамоўцу, паколькі, вядома ж, ён нічога вартага і ня можа сказаць.
Арбатаў “вучоную” “спрэчку” зьвёў да вулічнай лаянкі, вядома ж, з непрыстойнымі выпадамі на адрас свайго дзяржаўнага праціўніка.
24 лістапада 1986 году. Божа, што гэта робіцца на сьвятой Беларусі! Усе яшчэ дагэтуль кажуць, што гэта самы ціхі, самы сьціплы і самы сумленны край на ўвесь Савецкі Саюз. Але мы бачым, што гэта край як край – тыповая “савецкая зямля”, дзе беспакарана свавольнічаюць “верныя ленінцы”, дзе пануе насаджанае імі беззаконьне.
Днямі нарэшце арыштавалі прарэктара Менскага дзяржаўнага медыцынскага інстытуту камуніста Паўла Касько. У час арышту знайшлі проста ў яго кабінеце больш за шэсьцьдзесят тысячаў рублёў. А ўсяго канфіскавалі пакуль што быццам бы крыху больш за сто тысячаў. Гэта, кажуць, маленькая частка з яго “непрацоўных даходаў”, што меў ён за “ўладкаваньне” на вучобу ў свой інстытут бяздарных тупых юнакоў і дзяўчат. Як высьвятляецца, ёсьць і сьпецыяльная такса за такія паслугі – пяць тысячаў рублёў за “паступленьне” ў інстытут і дзьве тысячы рублёў за жаданае разьмеркаваньне на працу пасьля яго заканчэньня.
У тым жа самым інстытуце да нядаўняга часу загадваў кафедраю нехта Шпілеўскі. Вядома ж, доктар навук, прафесар і г. д., – як і той Касько. Яшчэ задоўга да гарбачоўскага закону “аб дробных промыслах” Шпілеўскі адкрыў свой промысел пад дэвізам “Навука – вытворчасьці!”. Ад імя сваёй кафедры ён заключаў з рознымі арганізацыямі ўмовы на выкананьне за пэўную плату патрэбных ім навуковых досьледаў. Гэтай самай кафедрай, універсітэтам выконваліся адпаведныя партыйна-ўрадавыя рашэньні, якія патрабуюць такіх “узаемасувязяў” паміж навукай і “жыцьцём”. Але ж неяк высьветлілася, што Шпілеўскі частку тых грошай бярэ ў сваю кішэню. Суд прымусіў яго вярнуць прысвоеныя ім пяць тысячаў рублёў. Злодзея пагналі з працы, але ж не з навукі: ён перайшоў у іншую вышэйшую навучальную установу. А вось нядаўна раскапалі, што тады справу не давялі да канца. Ня пяць, а шэсьцьдзесят пяць тысячаў рублёў дапамаглі партыйныя дырэктывы “зарабіць” палітычна актыўнаму навукоўцу! Варта толькі ўважліва чытаць “дакументы партыі і ўраду”!
Читать дальше