Дэп. Зданевіч: „Вы!.. Вы! Вы!..” — з такім абурэннем і так рэзка крычаў на дэпутатаў — праціўнікаў прыватызацыі зямлі, то ў яго адабралі мікрафон. Як вадой сцюдзёнай абдалі!..
Дэп. Гаркун: Продаж зямлі ўсё адно ідзе! Але — падпольны. Незаконны. Без дазволу дзяржавы, у абыход Закона. Дэп. Лукашэнка: Хто пралічыў, што будзе з эканомікай, калі пачнецца купля і продаж зямлі? Дэп. Марыніч: Увесь свет чакае, калі ён зможа ўкладаць інвестыцыі ў эканоміку Беларусі. Дэп. Малашка: Трэба выдзяляць зоны, дзе могуць у нас купляць зямлю замежнікі, каб — не ўсюды, дзе ім захочацца, не любы ласы кавалак!..
10 чэрвеня
У „Розным”. Дэп. Зарэцкі: Пакуль не вызначылі, якое грамадства мы хочам пабудаваць, — няма сэнсу прымаць закон аб праве ўласнасці на зямлю. І не трэба ставіць сёння пытанне аб прыватнай уласнасці на зямлю. Гэтаксама і наконт прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. (Правільна! Сур’ёзная перасцярога!) Дэп. Сечка праінфармаваў аб стварэнні дэпутацкай групы „Згода”. У групу ўвайшлі: Сапронаў, Карпенка, Марыніч, Булахаў, Даўгалёў, Драбышэўская, Сукач, Сярдзюк, Кічкайла і інш. — усяго 20 чалавек. Цікава, хто ініцыятар стварэння „Згоды”? І на якой платформе згода? Што агульнага, напрыклад, у Карпенкі з Булахавым?
Дэп. Волкаў: Калі Беларусь пакінулі стратэгічныя сілы СССР, засталіся пуставаць 150 ваенных гарадкоў. Гэта — багацце беларускага народа. Размешчаны яны ў экзатычна прыгожых мясцінах: зялёных, чыстых, упарадкаваных. Іх трэба аддаць для чарнобыльскіх дзяцей — для аздараўленчых комплексаў. Іначай гэтыя гарадкі захопяць камерцыйныя структуры. (Правільна, сп. Волкаў! Абавязкова захопяць! І не агледзімся, як захопяць. Вельмі слушна сказалі!)
Працяг абмеркавання закона Аб праве ўласнасці на зямлю. Дэп. Грынёў: артыкул аб чарнобыльцах і чарнобыльскіх землях не ўзважаны, з істотнымі заганамі. Дэп. Скарабагацька падтрымлівае Грынёва і патрабуе артыкул зняць і дапрацаваць. Дэп. Смоляр абвяргае Грынёва, яго заўвагі трэба абмеркаваць асобна. Дэп. Лукашэнка: па Смоляру — дык там жывуць не людзі. Гэтага артыкула мала, трэба даць яшчэ адзін артыкул аб абароне чарнобыльцаў!
Дэпутат-генерал Гетц: трагедыя ў тым, што ўсё гэта транслюецца па тэле. „Товарищ Лукашенко! Или оставьте этот Верховный Совет, или перестаньте заниматься словоблудством!”
Дэп. Станкевіч: Хопіць спекуляваць на чарнобыльскай тэме! Не бяры, не прыватызуй, калі забруджаная — і ўсё!
Дэп. Сасноў: Ідзе свядомая блакіроўка Закона — і толькі! Блакіроўка „чарнобылем” — каб не зрабіць хоць маленькі крок наперад да прыватнай уласнасці на зямлю.
11 чэрвеня
„Рознае”. Дэп. Сапронаў выказаў абурэнне, што на яго запыт міністру няма ніякага адказу. „Гэта дзяржава — ці што? Адно прадпрыемства спаганяе з другога плату ў валюце, не маючы ніякага юрыдычнага права! Ідзе нарастанне крытычнай масы! Скора выбухне!..”
Дэп. Сумар — аб бясчынствах у сферы рынку збыту, аб бедах вытворцаў гародніннай прадукцыі.
Дэп. Зяленін: што за парадак і дысцыпліна? Зарэгістравана 232 дэпутаты, а ў зале — 156. Суседзі рэгіструюць адсутных! Трэба пазбавіць такіх дэпутатаў мандата і правесці ў акругах новыя выбары! Чаму пакрываем мы іх?
Пытанне „Аб статусе дзяржаўнай граніцы”. Дэп. Бачароў зрабіў добры аргументаваны даклад. Прагаласавалі: за — 202. Упэўнена прайшло. Цікава, як некаторыя пытанні праходзяць. Здавалася б, у пафасе многіх прамоўцаў: „Ніякіх граніц! Ні з Украінай, ні з Расіяй!” А вось жа прагаласавалі. Значыць, за „адмежаваную” Беларусь?..
15 чэрвеня
У „Розным” — дэп. Піскароў, іранічна кагось цытуе: „Вярхоўны Савет працуе добра?”. Нельга так ацэньваць работу ВС — калі рэзка павышаюцца цэны, ідзе сацыяльнае расслаенне грамадства. „Даць сацыяльна-эканамічную інфармацыю”, — гэта — да Шушкевіча і Кебіча.
Дэп. Вярцінскі А. І. даў адпор выдавецтву „Эрыдан” за яго праект Закона аб мовах. Зачытаў зварот гр. Саламонава ў абарону беларускай мовы. Дэп. Лукашэнка: патрабуе неадкладнай справаздачы кіраўнікоў дзяржавы аб сацыяльна-эканамічным становішчы ў краіне. І прафсаюзаў таксама! І нельга спешна згортваць работу Сесіі! (А гэта правільна.)
Закон Аб дзяржаўнай службе (працяг абмеркавання). Дэп. Заблоцкі. Зноў: у служачых трэба прымаць прысягу! Паставілі на галасаванне. За — усяго 167. Завязалася спрэчка. За прысягу выступілі дэпутаты Вярцінскі (А. І.), Грыб. А дэп. Савіцкі супроць (іранічна-здзекліва). Дэп. Бабачонак: або здымайце законапраект зусім — або абавязкова з прысягай! Яшчэ раз заклікае галасаваць за прысягу Заблоцкі, спасылаецца на Гарыбальдзі: „Создали идеалы, теперь создадим гражданина” (мудра!). Зноў на галасаванне — і зноў недабор. Не праходзіць! Цікава! Не хочуць нашыя дэпутаты цырыманіялаў!
Читать дальше