Надзея ўскладвалася на самадастатковасць душы. На роднасць душ. На шчаслівы выпадак... А на таго „старэнькага, трапятлівага, з дзіцячым мудрым сэрцам дамавіка” мала каму шанцавала. Не шанцавала, здаецца, i Міхасю Стрельцову. Ці сам ён быў у тым вінаваты? Ці хто іншы? Не ведаю. Але нездарма ён пакутліва i многа думаў пра тое. Ці мелі гэты вялікі талент жанчыны, што былі побач з ім? Згадаю яшчэ i ячшэ. Быць жонкай, каханкай таленту, ахоўніцай хатняга ачага... Не проста гаспадыняй, што ўмее смажыць, варыць, прыбіраць, даглядаць дзяцей, а — ахоўніцай дому i берагіняй таленту? Ці мелі талент разумення, самаахвяравання, такту? Нездарма, мабыць, адзін талент толькі зрэдзьчасу сыходзіцца з другім талентам. Хто ж не ведае гісторыю адносін Аўроры Дзюдэван i вялікага музыкі с Жалязовай Волі, Барыса Пастарнака i яго першай жонкі, мастачкі Яўгеніі Лур'е-Пастарнак... I... I... Хіба што Луі Арагон i Эльза Трыале? A асабісты лёс Максіма Багдановіча?
Сам Стральцоў у „Загадцы Багдановіча” ў раздзеле „Мадонны’ так вядзе думку пра згрызоты душы Максімавай: „Багдановічу не асабліва шанцавала ў каханні... Сказаўшы так, мы маем права задумацца — чаму? Тое, што Багдановіч быў варты кахання i сам быў несумненна здольны на моцнае пачуццё, — даказваць гэта сёння не трэба, i колькі пылкіх сённяшніх паклонніц ягонага таленту з радасцю захацелі б узнагародзіць яго за колішнюю несправядлівасць лёсу? Толькі Багдановічу сёння гэта не трэба, ды i не ўпэўнены мы, што, каб з'явіўся Багдановіч сёння, усё не паўтарылася б спачатку”.
Міхась Стральцоў, здаецца, не быў абыдзены ўвагай жанчын. I апошнія гады, пасля звароту з Мазыра, на свой літаратурны круг, ён зазнаваў вялікі жаночы інтарэс да сваёй асобы. Бескарыслівай, карыслівай, імгненнай, сталай. Капланкі кахання, закаханыя толькі ў яго, Стральцова, вечныя курсісткі, якія павінны былі мець абавязкова суб'ект захаплення — акцёра, паэта, скептычнага мысленніка... Рыбы-лоцманы, якіх вабіла слава Міхася Стральцова, хай не вельмі гучная, прымглёная, але бясспрэчная, надзейна „забяспечаная” ў часе, жанчыны, для якіх каханне магло быць сэнсам жыцця, урэшце — кабеты, якіх зваблівала i яго сапраўднае літаратурнае „я” i няпэўнасць сямейнага статуса: ён не ўзнаўляў афіцыйна шлюб з Аленай Дзмітраўнай i не рабіў з гэтага таямніцы. Было i тое, пра што яго вялікі i любімы ім папярэднік пісаў: „Быть может, и на мой закат печальный блеснет любовь улыбкою прощальной?” (Нездарма, мабыць, перакладаў Міхась Стральцоў „Элегію”.) Дык была i гэтая, развітальная, успешная „улыбка”, Але ці была тая, адзіная, жанчына? I ці ўвогуле, згадаю зноў i зноў, ці можа яна быць — адпаведная вобразу, мары? I хіба кожны з нас, меўшы нейкі жыццёвы i начытаны вопыт, не пацвердзіць гэта? I — хто ведае, ці можа: паэт! — быць адноечы i назаўсёды закаханы. Ці мелі б мы лірыку Аляксандра Сяргеевіча, калі б ён сустрэў сваю Ганчарову гадоў у -наццаць, ажаніўся i былі б яны верныя адно аднаму дзень пры дні? Не ведаю. Ці калі б наш Багдановіч не меў пакут сэрца, хіба прачыталі б мы:
О, як прыгожы-дзіўны ты!
Двойной красы аблік ядыны!
Ажыў у ім твой вечны цэль,
Мадонн тварыцель, Рафаэль!
Пастарнак правы. Хаця „прататып” пачуцця, мары — ён існуе ў часе i прасторы, i мае больш ці менш дасканалы i адухоўлены выгляд. Але ж — ці ў падзейнай рэчаіснасці рэальная Любоў Мендзялеева была тоеснай Чароўнай Даме, якую ведае свет? „Величавая Вечная Жена” — яна таксама была ўвасабленнем платонаўскіх i піфагарэйскіх міфаў. Эзатэрычная зададзенасць цыкла вершаў пра Чароўную Даму, уяўленне паэта пра „Уладарніцу Сусвету” як ахоўніцу таямніц быцця i трагедыя рэальных узаемаадносін — Блока i Мендзялеевай — ці не яскравы ўзор таму? Блок i Багдановіч — блізкія Міхасю Стральцову паэты. I мара пра Жанчыну Жыцця, як i ў ix, заўсёды была з ім. Менавіта — так. Мара пра Чароўную Даму. Ці быў нехта, хто рэальна адпавядаў гэтаму вобразу ці мог бы аднавядаць — не ведаю. Тэарэтычна здаецца — наўрад. Ці бывае эквівалент мары? Хто адпавядае кожнай рысачкай — яму, Вобразу? Тут трагедыя паэтаў, i тым шчаслівы ix лес, што Мара выяўляецца ў Вобразе. Вобразе, што з'явіўся дзякуючы нейкай рэальнай жанчыне, пэўнага росту, пэўных параметраў, з рэальным колерам вачэй, у канкрэтных строях. Жанчыне, вабліва далёкай ці спакусліва блізкай.
Адсюль — i донжуаны ўсіх часоў. Тут i Блокава, жорсткае: „Да, есть печальная услада В том, что любовь пройдет, как снег”, „Нет, с постоянством геометра Я числю каждый раз без слов Мосты, часовню, резкость ветра, Безлюдность низких островов”. I гэтыя іранічныя радкі М.Кузьміна (таго самага, з Цэха паэтаў, акмеіста i кларыста): „И снова я влюблен впервые, Навеки снова я влюблен”, — ці няма тут нейкай усмешлівай ісціны? Адсюль — вершы, музыка, танец, адсюль — той стан i настрой, што ўзвышаюць над будзённым днём, над звычаёвасцю.
Читать дальше