Скончыўшы універсітэт, ён вярнуўся ў родныя мясціны і пачаў дзейнічаць. У Горадні Кастусь заснаваў таемную рэвалюцыйную арганізацыю. Разам з таварышамі ён нястомна ездзіў па наваколлі і рыхтаваў людзей да паўстання.
«Мужыцкая праўда»
Улетку 1862 года ў беларускіх вёсках і мястэчках пачалі знаходзіць невялікія друкаваныя лісткі. Іх можна было разгладзіць на каленях у хвіліны адпачынку проста на полі, а пачытаўшы — лёгка схаваць.
Гэта была першая ў гісторыі беларуская газета — «Мужыцкая праўда».
Прачытаўшы яе назву, пісьменны селянін вадзіў пальцам па радках і здзіўлена адкрываў для сябе, што газета на простай і зразумелай мове сапраўды гаворыць пра мужыцкія клопаты.
«Мужыцкую праўду» выдаваў Кастусь Каліноўскі і яго паплечнікі Фелікс Ражанскі, Станіслаў Сангін і Валер Урублеўскі. Пад кожным нумарам газеты стаяў подпіс — “Яська-гаспадар з-пад Вільні”. Гэтым таямнічым Яськам быў Каліноўскі. Ён сам рыхтаваў для газеты артыкулы, сам развозіў яе потым па вёсках, раскідваў на дарогах.
«Мужыцкая праўда» тлумачыла беларусам, як царская ўлада іх падманвае і прыгнятае, як адбірае ў іх не толькі цяжка заробленыя грошы, але і родную мову ды бацькоўскую веру.
У першым нумары Яська-гаспадар пісаў: “Дзецюкі! Цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаць такую праўду справядлівую, як Бог на небе. Загрыміць нашая праўда і, як маланка, праляціць па свеце! Няхай спазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, але яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўдзе...”
Усяго выйшла сем нумароў газеты. Апошні пабачыў свет ужо тады, калі на беларускай зямлі грымела паўстанне. Каліноўскі заклікаў сялянаў браць у рукі косы ды вілы і далучацца да тых, хто ўжо б’ецца за вольнасць.
Беларусь узнялася
Першыя паўстанцы з’явіліся на захадзе Беларусі ў студзені 1863 года. Вясною паўстанцкія аддзелы пачалі стварацца па ўсім краі. У іх уступала шляхта, чыноўнікі, студэнты і навучэнцы. Кожны пяты паўстанец быў селянін. На чале аддзелаў стаялі мужныя і адданыя справе вызвалення камандзіры Валер Урублеўскі, Рамуальд Траўгут, Людвік Звяждоўскі, Людвік Нарбут, Ігнат Будзіловіч, Фелікс Віславух...
Змагары атрымалі некалькі значных перамогаў. Яны авалодалі горадам Горкі і мястэчкам Свіслач, напалі на Ружаны. У каліноўцаў не хапала зброі, вайсковага майстэрства, але іх вяла наперад вера ў справядлівасць. Сваіх баявых узнагародаў яны не мелі, і камандзіры пасля бою ўзнагароджвалі герояў проста кветкамі. Часта гэта былі белыя кветкі каліны.
Расейскім уладам удалося рознымі абяцанкамі падмануць значную частку беларускіх сялянаў. Шмат хто паверыў, нібыта “паны б’юцца з маскалямі, каб вярнуць адменены царом прыгон”. Не было згоды і сярод кіраўнікоў паўстання. Некаторым не падабалася, што Каліноўскі і яго таварышы хочуць аддаць зямлю сялянам і зрабіць усіх людзей роўнымі перад законам. Усё гэта моцна аслабляла сілы змагароў.
На ўсходзе Беларусі карнікі задушылі паўстанне ўжо ў траўні. Былі разбітыя і амаль усе нашы аддзелы ў Менскай губерні. Толькі на Гарадзеншчыне яны былі доўгі час недасягальныя для карнікаў, бо там паўстанцаў працягвалі падтрымліваць сяляне. Самы вялікі бой адбыўся каля вёскі Мілавіды, недалёка ад Слоніма. Нягледзячы на адвагу і гераізм, пад націскам выдатна вымуштраваных і ўзброеных расейскіх войскаў каліноўцы мусілі адступіць далей на захад.
На беларуска-польскім памежжы асобныя аддзелы вялі барацьбу да самага канца 1863 года.
Мураўёў Вешальнік
Царскімі карнікамі кіраваў граф Міхаіл Мураўёў. Калі не дапамагала ўзброеная сіла, ён дзейнічаў подкупамі і ашуканствам, не грэбаваў ніякімі сродкамі. За сваю жорсткасць і крывавыя расправы Мураўёў атрымаў мянушку Вешальнік.
128 паўстанцаў былі павешаныя або расстраляныя. 850 змагароў адправілі на катаргу,
11 500 — у ссылку. Шмат за кім царскія ўлады ўстанавілі таемны нагляд. Пасля паўстання ў Беларусі на ўсе дзяржаўныя пасады прызначалі толькі перасяленцаў з Расеі. Усе школы былі расейскія. Па-беларуску забаранялася не толькі вучыцца і выдаваць кнігі, але нават гаварыць у дзяржаўных установах. Царскія ўлады на чале з Мураўёвым рабілі ўсё, каб беларусы забыліся, хто яны, і ператварыліся з вальналюбнага народа ў зацюканае, бяспамятнае і абязмоўленае насельніцтва, якое можна бязлітасна прыгнятаць і рабаваць.
Мураўёў казаў, што той жыхар нашага краю, які не захоча ператварыцца у расейца, будзе лічыцца іншаземцам і павінен назаўсёды пакінуць радзіму.
Читать дальше