ўмее ня толькі лётаць).
Мы доўга ляцелі над местам і,
спалохаўшы закаханых катоў,
селі на дах
змрачнаватай старой камяніцы,
схаваны замшэлым парапэтам
з грыфонамі,
што нядобра касавурыліся
на нас,
нэрвова чысьцячы пёры,
і мая сяброўка растлумачыла:
сюды зьлятаюцца
такія, як мы.
Далёка ўнізе
шумела места,
а там,
каля цёплага коміну,
было ціха і ўтульна,
толькі раз-пораз
шамацелі крылы,
бо зь неба апускаліся
новыя пары.
Яны выгуквалі свае нумары
і займалі чаргу;
хутка я зразумеў,
каго мы чакаем.
Вуліца Ніжнепакроўская ў Полацку
Вуліца зьліваецца з абалонай,
шматпавярховыя камяніцы
растаюць,
быццам кубікі рафінаду,
міма праплываюць
купецкія дамы
з лавачкамі і аканіцамі,
зялёная крыга вязе
жарага пеўня,
мы плывем
сярод дзіклівых дзьвінскіх самоў
і віленскага барока,
вейкі ператвараюцца
ў плаўнікі вачэй
аўтара мэтафары,
які вандраваў тут
раней за нас,
пад старой лодкай
схаванае маё адзеньне —
тады я ўпершыню
пераплываў гэтую раку,
ня ведаючы, што
яна вынесе мяне на бераг,
дзе каардынатамі будуць
твой голас
і твая ўсьмешка,
якія даверліва плывуць побач,
пэўныя, што я не прапушчу
той павароткі, адкуль
яшчэ ня позна вярнуцца
ў сакавіцкі ранак, калі
нашы душы прачнуліся
ў затоцы бязгрэшнага ложка,
дзе ў зарасьніку аеру
драмала
шэрая чапля
вечнасьці.
Картаген
Бляшанка з-пад кока-колы
на мініятурным саркафагу
з прахам ахвяраванага Ваалу
немаўляці,
пазычаны ў дзіцячых кніжках
сэміцкі профіль Ганібала
на дробнай купюры,
рэдкія фаласы калёнаў
і белы прэзыдэнцкі палац
(як іх цягне да вечнага!)
за сотню крокаў
ад капішча Тафэль —
вось ты і пераканаўся:
знакамітую пастанову
рымскага сэнату
пасьпяхова выканалі,
і цяпер
найлепей прысесьці
на адбітую капітэль
і, заплюшчыўшы вочы,
паслухаць тутэйшы вецер.
Замест адказу на пытаньне,
чаму картагенская цывілізацыя
не стварыла паэзіі
і прыгожага пісьменства наогул
(ці не таму былі прайграныя
Пунічныя войны?),
саланаваты брыз
пазнаёміць цябе
з уладаркаю плятынавых валасоў
і амаль свойскага імя
Аўшра,
што ў перакладзе зь літоўскай —
Заранка,
зь якой можна размаўляць
на мове,
што ў гэтых шыротах
не падасца табе чужою,—
пра Вільню, Менск
і містыку мужчынскіх вачэй
і жаночых ножак.
Тэмаў хопіць на ўсю вячэру
і на перапынкі між танцамі
ў дыскатэцы з падазронаю назвай
«Самара»,
дзе каля поўначы
ты будзеш адрэкамэндаваны
яе немаладому каханку
з Гамбургу,
які будзе паблажліва
сачыць за вамі,
але ўжо ня здолее перашкодзіць
твайму першаму афрыканскаму сну —
пра цырк
і сьветласкурую канатаходку,
што ў страшнай высачыні
ідзе над жаўтлявымі руінамі
Картагену,
дзеля раўнавагі
трымаючы ў вуснах галінку
дзікае ружы.
Нарач
У вазе на тваім стале,
схаваўшыся ў букеце
леташніх сухацьветаў,
сьпіць жнівеньская сьпёка,
якой сьніцца
кранутая лёгкім загарам,
стамлёная сонцам і любоўю
цеплакроўная рыбіна,
што лена варушыць
ружовымі плаўнікамі
ў смарагдавай сьвежасьці
падводнага лесу,
які ўзгадаецца раптам
на вышыні 35 000 футаў
над пашытай
з брунатных і зялёных лапікаў
вясковай коўдраю
Шатляндыі.
Люндуш белы, кір папяловы
Учора ўвечары
я адклаў
прапахлы восеньню
і салодкім жаночым потам
рукапіс аповесьці
і нечакана ўзяўся выпісваць
зь сярэднявечных хронік
назвы тканінаў,
якія падараваў бы табе
на сукенкі,
гарсэты й спадніцы
ў часы Берасьцейскай вуніі.
На дзень анёла
ты атрымала б
цяжкі куфар
заморскіх сувояў,
і ўсё дзеля таго, каб,
распаліўшы камін
і адаслаўшы пахолкаў спаць,
блытаючыся ў мудрагельлі
гузікаў і завязак,
шукаць у імбірным прыцемку
спачывальні
тваё маціцовае цела,
якое — удваіх з душою —
чакае мяне
праз чатыры стагодзьдзі,
пасьля палітычнага мітынгу
і вулічных боек зь міліцыяй,
у прадзьмутым ветрам пакоі,
сагрэтым толькі камінам
з імбірнай спачывальні,
чыя замочная шчыліна
сталася працягам вока
маладога слугі —
пакуль я адлічваю
флярыны й талеры за
фаляндыш брунатны,
Читать дальше