Назва аддзелу палохала Вераніку, да такіх сур’ёзных справаў яна яшчэ не дарасла, што яна будзе рабіць там, а раптам памыліцца (а яна абавязкова спачатку будзе памыляцца!), а праца ж зь людзьмі, з жывымі, яе памылка можа каштаваць ім многага!.. І ці хопіць ёй бесстароннасьці, ці хопіць вытрымкі, гэта ж пекла – працаваць з такім кантынгентам... Таму яна патэлефанавала толькі празь месяц, калі невыносна стала ўжо пад цяжкімі поглядамі бацькоў, і спадзявалася ўпотай, што малады спэцыяліст адміністрацыі ўжо не патрэбны, што ўжо ўзялі кагосьці. Прыемным мужчынскім голасам ёй прызначылі дзень. “І чаму я не бухгальтар?” – думала яна з прыкрасьцю, падымаючыся па лесьвіцы ды заходзячы ў фае. “Запрашалі ж калісьці дзеўкі зь імі на курсы...”. Ліфт падняў Вераніку на пяты паверх, яна знайшла патрэбныя дзьверы й пабачыла Яго.
Не было патрэбы ведаць Яго імя. Ён быў проста Ён, заўсёды зь вялікай літары. Ён быў неапісальна прыгожы, ад яго пахла шчасьцем, ён выпраменьваў пэўнасьць, ён быў вясёлы ды ўсеўладны, хаця пакуль быў толькі намесьнікам. З таго самага моманту Вераніка вырашыла: яна будзе тут працаваць. Чаго б гэта ні каштавала. Яна адчула Яго ўсім сваім няспраўджаным целам маладога спэцыяліста, ажно да самых кончыкаў валасоў. Ён адкінуўся ў крэсьле ды зірнуў на яе насьмешліва-запытальна. Яна, заікаючыся, назвала сваё імя. “А, Вераніка... Вераніка вырашае памерці,” – засьмяяўся ён. – “У інтэлектуальныя гульні гуляеш?” Вось так, на “ты”, а быў жа відавочна ненашмат старэйшы за Вераніку. “Гуляю,” – прамовіла яна дурнаватым голасам. “Бярэм!” – Ён зноў засьмяяўся і павёў яе да Чэслава Карлавіча, які й галавы ня ўзьняў, толькі мэкнуў нешта ўхвальнае, а потым адправіў яе афармляць дакумэнты. І ўжо назаўтра яна сядзела за круглым сталом з таблічкай “Каманда Цэнтральнага раёну”, у чыне малодшага спэцыяліста, і справа сядзела бледнаватая ад перажываньняў Ларыса, зьлева нейкі студэнт, а насупраць Веранікі ўзвышаўся Ён, такі нязмушаны, у футболцы колеру хакі, са сьветлай пасмай на лбе, ды ўсьміхаўся судзьдзям. “Да знаўцаў зьвяртаецца студэнтка палітэхнічнай акадэміі Вераніка Дрозд!” – заверашчаў вядучы, і Вераніка пазнала ў гэтым стручку з маторчыкам адну з узыходзячых маладых тэлезорак. Гульцы напружыліся, толькі Ён працягваў спакойна ўсьміхацца, хіба што пад бялявай пасмаю зьявілася прыгожая маршчынка. “Увага! Пытаньне! Што агульнага, пытаецца пэнсіянэрка Вераніка Іванаўна Дрозд, паміж мной і...” – вядучы зрабіў паўзу, – “Астранамічным атласам!”. “Адказ гатовы!” – кінуў нібы праз плячо непараўнальны Ён, і каманда хорам выдыхнула, з захапленьнем пазіраючы на капітана. “Мы лічым, што існаваньне сузор’я пад назвай Валасы Веранікі... даказанае навукова й не падлягае сумневу”.
***
На чацьвертым курсе Вераніка пазнаёмілася зь Лёнькам. Ніякім ільвом ён ня быў, так, дварняк, зь ветрам у галаве, у вечных пошуках косткі, яна разьвіталася зь ім праз тры месяцы без праблемаў, дарма што Лёнька адыграў дзякуючы супадзеньню невядомых абставінаў вельмі спэцыфічную ролю ў яе жыцьці. Вераніка пагарджала сабою праз наяўнасьць гэтага пэрсанажа ў яе асабістай гісторыі, але рабіць было няма чаго, Лёнька несумненна існаваў, і выкінуць яго ў сьмецьцеправод было немагчыма, а хацелася. Проста гэты ідыёт сапраўды выкінуўся, у вакно, і відавочна празь яе, і яна на нейкі тыдзень праніклася да яго павагай, зьмяшанай са шкадаваньнем. Лякарня, гіпс, нават даводзілася прасіць у бацькоў грошы на перадачы, і калі ён выйшаў, яна саступіла... Ну, можа, яшчэ была цікаўнасьць. Потым Вераніку скаланала, калі яна яго ўзгадвала.
“Ты нічога не заўважаеш?” Лёнька спалохана ўзіраўся ў яе ўжо раззлаваны, але яшчэ гатовы дараваць твар. Ён падсьлепавата вывучаў чамусьці напружаны нос Веранікі й потым матляў галавой: “Не-а”. “Ты што, ідыёт?”. Лёнька пачынаў румзаць і потым няўмела абараняўся басам: “А чаго?... Ну чаго ты, Веранічка?”. “Ну паглядзі на мяне”. Лёнька глядзеў на яе грудзі, а потым рабы твар наведвала ўсьмешка прасьвятленьня, ён кідаўся да Веранікі й намагаўся яе распрануць, прычым пачынаў са станіка, недаробак: “Угадаў?”. Вераніка ўздыхвала ды засоўвала станік на месца. “Паглядзі на маю галаву!”. “Ды няма там сінякоў”, – запэўніваў яе Лёнька, – “хочаш, я халоднае прыкладу”. “Ды якія сінякі!” – крычала Вераніка, яна ўжо адчувала тады, што ёсьць выпадкі, калі можна крыкнуць. “Ты дэбіл ці прыкідваешся? Ты сам мусіш заўважыць, а ня я табе павінна нагадваць! Ну чаму ты ня можаш сказаць адразу ж, як я да цябе прыходжу, што табе падабаецца мая...”. Лёнька чырванеў ды садзіўся на падлогу, зьбянтэжана пасьміхаючыся: “Ну што ты, натуральна, Веранічка... Твая... твая... Яна такая... Бліна, я нават ня ведаю, як назваць... Пацаны звычайна...”. Вераніка закочвала вочы ды садзілася зь ім побач. “Я пастрыглася, Лёня”, – халодна й бясьсільна гаварыла Вераніка. “І пафарбавалася. І зрабіла сабе нарэшце манікюр. Цікава, калі я раптам памру, ты...”. “А-а-а”, – перабіваў яе радасна Лёнька. “Ясьненька. А я вось сабе гітару думаю купіць...”
Читать дальше