І прайшлі так аж чатыры месяцы. Дваццаць чалавек хадзіла за мной следам:
- Дай мне, дай мне Ветрыка. Ты ўжо наездзіўся з ім...
Я толькі пасміхаўся ў адказ.
Бывала, едзем у тайгу, дык ён сам, без майго панукання, вылятае на абочыну, віхрам абганяе легцавыя сані ды зноў на дарогу і пайшоў...
А які ж ён ласкавы стаў! Падыду блізка - галаву паверне ды губамі мяне за вуха зловіць або пачне лёгенька іржаць. Вось як ён да мяне звык, як уразумеў, што я сябар яму, а не звер люты, не вораг які.
Парашылі вызваліць Ветрыка ад цяжкой работы, каб зноў ён цешыў людскія вочы, каб іншыя пабачылі, як можна аднавіць хараство ласкай, сардэчнасцю.
Сустрэча з кабаргою
Прыехаў я неяк на сваім Ветрыку ў тайгу. Узняліся на сопку. Усе бярвенні ляжалі зручна, ні варочаць, іні падцягваць не трэба. Я падвярнуў іх на пакатках - яны і леглі на калодку саней. Пачаў я іх увязваць ланцугом. Гэта была вельмі адказная частка работы: трэба так сплытніць воз, так моцна звязаць яго, каб ён не рассыпаўся на самых крутых паваротах, на самых нечаканых перашкодах, нават перакуліўшыся на якой валежыне. Стаўшы на калена, я рукой даставаў канец ланцужка, аж чую, мой конь, Ветрык, нешта пахропвае, нібыта што незвычайнае пабачыў і хоча звярнуць на гэта незвычайнае маю ўвагу. Падымаю галаву з-за бярвення, гляджу: праўда, нязвыклае відовішча! На фоне абсыпаных снегам цёмна-зялёных дрэваў стаіць на пні вялізным кабарга, злёгку як бы прытанцоўвае на гэтым пні, як бы нас на гульню якую ці на танец запрашае. Ніколі я жывое кабаргі так блізка не бачыў. Затое тады ўдосталь налюбаваўся на яе, разгледзеў усё ўбранне, вочы, беленькі гальштук на шыі, больш дакладна кажучы - на падгруддзі. Я пачаў з ёй размаўляць:
- Ах ты, мая прыгожая, ах ты, мая харошая, ідзі бліжэй, - ды з працягненай рукой стаў да яе падыходзіць. Яна - гоц! І знікла. Ну, зразумела, нам з Ветрыкам няма часу бавіцца. Я зноў пад воз, зноў за ланцуг, замацаваў як мае быць. Устаю на ногі - стаіць зноў красуня! Ды сонца пасвяціла ў наш куток, яе цёмна-карычневая поўсць зазіхацела, як нейкае старадаўняе золата... Так мы і пакінулі яе на пяньку. Памахаў я ёй рукой.
- Бывай, бывай, таежная красуня! Каб лёс сцярог цябе ад злых людзей!
Нідзе не бачыў я такую ненапалоханую кабаргу.
Неспадзяваны феерверк
Прыехаў я ў тайгу па бярвенне. Нічога падрыхтаванага пры дарозе, зразумела, не было. Трэба спушчаць з сопкі бярвенне самому. Зірнуўшы ў вышыню, я пабачыў добрыя, кубатурныя саракоўкі, - бярвенне да сарака сантыметраў у дыяметры. Адагнаўшы каня далей, кінуўшы яму сена, я палез угору. А трэба сказаць, што лесавозная дарога каля сопкі ішла літарай «г». У самым кутку быў распалены агонь. Каля яго грэліся людзі. Узняўшыся па адхоне да бярвенняў, я накіраваў іхнія канцы на дарогу, а пасля падумаў: «А што, калі яны пойдуць адразу, без затрымкі? Яны ж могуць пабіць або пакалечыць людзей!»
Вось я і пачаў крычаць усім, хто быў унізе, каб адышліся ўбок.
Марудна, пацягваючыся, не хочучы ад цеплыні ісці ў холад, людзі ўсё ж крыху паадыходзілі. Адзін, ужо стоячы на нагах, усё нейкім вожыгам распальваў сваю цыгарку. А мне нельга марудзіць. Закрануў я рычагом адно бервяно, закрануў другое, і - толькі іх і бачыў. Над дарогаю ўзняўся феерверк агнёвы, у паветры іскры, галаўні з агнём, попел, вуголле, чугны страшэнныя выбухі, як ад снарадаў, гэта - бервяно аб бервяно так грукочуць... Адным словам - жуда. Сеў я адразу на пень, ногі мае падкасіліся.
«Забіў, - думаю, - дурня, які з ражном стаяў...»
Але ж што было: каля самага вуха ў чалавека прасвісталі бярвенні, а яго не закранулі, толькі попелам ды вуголлем абкідала. Нічога не пабілі і не паламалі. Дзякуюць мне навальшчыкі, што я іх ад агню паадганяў заўчасна. А я слухаю і думаю: «Як добра, што лёс злітаваўся і пазбавіў мяне такога няшчасця». Бо не было б мне спакою ўсё жыццё.
Пільная варта
Дзве невялікія таежныя рэчкі - Тара і Чайгашэт, - не даходзячы да ракі Бірусы, злучаліся ў адзін паток і тады ўжо ўліваліся ў вялікую раку. Паміж імі, перад такою злукай, ляжала вялікая паляна, нібы востраў. Калісьці тут была тайга, але пасля па суседству з паселішчам лес высеклі, пакінуўшы толькі хмызняк ды валежыны. Пнёў засталося вялікае мноства. І вось на гэтым месцы, на гэтай паляне або востраве, - называйце як хочаце, - аблюбаваў я са сваёй жонкай месца для пабудовы жытла. Паколькі праз Тару моста не было, усе будаўнічыя матэрыялы павінны былі падвезці зімой, па саннай дарозе. Летам - трэба было пераносіць на сабе.
Читать дальше