Калі я разважаў над гэтым пытаннем, усепранікальная адсутнасць урачыстасці здавалася мне хутчэй праблемай людзей і іх пастыраў. Яна выклікана тым, што бацькі называюць «кепскімі манерамі». Гэтыя манеры можна ахарактарызаваць як збянтэжанасць або (няхай дапаможа нам добры Бог) нудоту ад згадвання самой толькі ідэі ўрачыстасці, ад праяўлення выражанай пашаны хоць да чаго – ці то мова ідзе пра пашану, якая выяўляецца ў анельскай музыцы, ці то пра ціхае сузіранне. На жаль, вынікам становіцца не проста «недахоп» урачыстасці, а занядбанне і пагарда той урачыстасцю, якой патрабуе эўхарыстычная таямніца. Звычайную форму рымскага абраду можна выканаць добра, аднак яна рэдка служыцца ў духу ўсеабдымнай урачыстасці, тады як для надзвычайнай формы ўрачыстасць, або прынамсі сакральная годнасць, гэта тая атмасфера, у якой яна жыве і рухаецца, у якой знаходзіцца яе самае існаванне. Асабліва моцна гэтую праўду ілюструе ўрачыстая спяваная Імша, хоць спяваная Імша, альбо Missa cantata , таксама не адстае ў гэтым, а прыватная Імша адданага манаха можа быць пераломным момантам у жыцці кожнага, хто меў прывілей удзельнічаць у ёй. Падтрыманы багатай літургічнай культурай Еўропы ХІІІ ст., св. Тамаш Аквінскі мог спакойна сцвярджаць: «Паколькі гэты сакрамэнт [Эўхарыстыі] заключае ў сабе ўсю таямніцу нашага збаўлення , мы цэлебруем яго больш урачыста, чым астатнія сакрамэнты» 4 4 Св. Тамаш Аквінскі, «Сума тэалогіі» (далей – ST), III, q. 83, a. 4, вылучэнне аўтара.
. На ўвазе маецца, што ўсе іншыя сакрамэнты таксама цэлебраваліся (і павінны цэлебравацца) урачыста.
Смерць урачыстасці, пра якую сведчыць нудная музыка Імшаў на народных мовах, убранне і млявая выпраўка святароў і прыслугоўваючых, размяшчэнне нязграбнага стала, які выконвае функцыю развернутага алтара, адцягванне ўвагі знакам супакою і іншыя падобныя рэчы, паказвае на страту веры, на страту ўпэўненасці, на страту адказнасці і духоўнага аўтарытэту. Святар больш не ўпэўнены ў сваёй ролі настаўніка, кіраўніка і асвячальніка sub et cum Christo . Гэты крызіс упэўненасці адлюстроўвае больш агульную страту веры ў высокае службовае пакліканне святара да таго, каб стаяць на месцы Хрыста, прадстаўляючы Найвышэйшага і Вечнага Святара 5 5 Усе гэтыя каментарыі можна таксама прымяніць і да смерці гамілетыкі ў нашыя часы. Толькі нямногія святары могуць прапаведаваць, як гэта рабілі Айцы Касцёла або святары Сярэднявечча; няшмат таксама і тых, хто хоць бы імкнецца да высотаў і глыбіняў св. Грыгорыя, св. Аўгустына, св. Бэрнарда або св. Банавентуры! Мы часта чуем гісторыі, банальнасці, агульныя парады, але мала гучыць чагосьці падобнага да працяглага і яснага тлумачэння Святога Пісання, мала падобнага да правакацыйных закідаў супраць папулярнай культуры, мала падобнага да заклікаў да аскетызму, пакаяння і прынясення кампенсацыі. У цэлым, святары вырастаюць мяккімі, і іхняе пасланне – гэта мяккасць. Патрэба ў святарах, якія могуць эфектыўна прапаведаваць Слова ў час і не ў час, заахвочваючы людзей да навяртання сэрца, сёння настолькі ж вялікая, як і ў часы св. Дамініка і альбігойскага крызісу.
. Страта ўрачыстасці наўпрост звязана са стратай веры ў Сапраўдную Прысутнасць, ахвярную прыроду Імшы і духоўны аўтарытэт святарскага служэння. Таму яна звязана з пасіўнай або актыўнай абаронай такой заганы, як бестурботнасць у адносінах да боскіх рэчаў, і гэта прыводзіць да таго, што ў нашых вачах яны перастаюць выглядаць боскімі, нават калі яны застаюцца боскімі самі па сабе. Аслабляецца сур’ёзнасць, падрываецца ўрачыстасць, што сама сабою прыходзіць да сур’ёзнага святара, які сціпла служыць святым Божым таямніцам 6 6 Важна разумець, што існуюць культурныя і палітычныя прычыны, якія прывялі да страты ўрачыстасці, але якія не звязаны непасрэдна з уласнымі слабасцямі Novus Ordo. Магчыма, мы сталі б сведкамі падобнага заняпаду ўрачыстасці ў Трыдэнцкай Імшы, калі б яе месца не заняла Імша Novus Ordo (гэта маглі б быць спробы «інкультураваць» лацінскія Імшы, што ўжо здаралася перад Саборам). Магчыма, Трыдэнцкая Імша захавала здольнасць выстаяць супраць гэтых культурна-палітычных сілаў часткова таму, што яе выключная ўрачыстасць – найбольш прывабная мэта для секулярызацыі – была афіцыйна маргіналізавана, а цяпер яна з’яўляецца прывабна контркультурнай.
.
Адной з многіх памылак, якія атруцілі літургічную рэформу, была пагарда да рытуалу, якая паходзіла з меркавання, што рытуал трымае людзей наводдаль і перашкаджае святару «ўступаць у кантакт» з людзьмі. Новы Імшал быў «дэрытуалізаваны», альбо прынамсі ён дазваляе святару і нават заахвочвае яго дэрытуалізаваць Імшу: дадаваць у літургію імправізаваныя рэмаркі, рухацца нефармальным чынам і запрашаць у прэзбітэрый шматлікіх не апранутых адпаведным чынам свецкіх асобаў, што цалкам супярэчыць духу рытуалу і Божага культу. Томас Дэй у сваёй кнізе «Why Catholics Can’t Sing» («Чаму каталікі не могуць спяваць») прыводзіць захапляльнае (і жахліва праўдзівае) апісанне таго, як цяперашнія рубрыкі ў спалучэнні з кепскай адукацыяй і неразумнымі традыцыямі прыводзяць да шызафрэнічных літургій, да відавочна рытуальнай цырымоніі, у якой людзі паводзяць сябе так, быццам бы цырымонія не з’яўляецца рытуалам. Святар у рытуальным убранні выходзіць у бакавую наву, пачынаючы спяваць гімн. Ён падыходзіць да алтара. Ён папраўляе мікрафон. Ён глядзіць на сабраных. Ён усміхаецца і пераходзіць да поўнай банальнасці: «Добры дзень, браты і сёстры!» І зноў да рытуалу: «У імя Айца…» І зноў да балбатні: «Сёння літургія нам кажа пра тое, што, як бы мы ні стараліся, мы ўсё адно робім памылкі, і таму мы звяртаемся да Бога з просьбай аб міласэрнасці». І зноў да рытуалу: «Пане, змілуйся над намі». І гэтае туды-сюды працягваецца, пакуль ён не адпускае народ са словамі «Усім добрага дня!»
Читать дальше