На думку Папы Бенедыкта XVI, гэты крызіс у значнай ступені бярэ пачатак з праблем у святой літургіі, якая крок за крокам псавалася пад уплывам новай тэалогіі і эксперыментаў. У выніку мы атрымалі замяшанне, трывогу і разбурэнне. Цягам той жа паловы стагоддзя ўсё большая колькасць каталікоў стала бачыць у традыцыйнай літургіі Касцёла адзін з яго найвялікшых скарбаў: сведчанне артадаксальнай веры, скалу духоўнага жыцця, бясконцую крыніцу сапраўднай і жывой пабожнасці, жывы выраз каталіцкага духу. Гэтыя вернікі далучыліся да невялікай групы тых, хто ўжо падчас Сабору альбо адразу пасля яго ведаў, што дагрукацца да сучаснага чалавека Касцёл можа не праз перастройванне сябе і ўсіх сваіх рэсурсаў пад цьмяную і няўстойлівую сучаснасць, а дзякуючы нястомнай працы па фарміраванні чалавека пад уздзеяннем спрадвечнага вучэння і пры дапамозе правераных і асвячаных стагоддзямі сродкаў, якія ён атрымаў ад Божага Провіду.
Падчас пантыфікату Папы Бенедыкта XVI мы сталі сведкамі 50-гадовага юбілею адкрыцця Другога Ватыканскага сабору, у якім ён прымаў актыўны ўдзел. Спачатку ён сімпатызаваў ліберальнай фракцыі, аднак пазней скардзіўся на тое, што вучэнне Сабору сказілі і выкарысталі ў сваіх мэтах, прыкрываючыся духам «віртуальнага» і «медыйнага» Сабору. Ён справядліва патрабаваў – як патрабаваў бы кожны каталік – каб дакументы Сабору чыталі, абапіраючыся на «герменеўтыку неразрыўнасці» з тым, што было перад гэтым, і з пазнейшымі тлумачэннямі. Займаючы ў папскім служэнні абарончую пазіцыю, Папа Бенедыкт XVI стараўся выправіць многія рэчы, якія за апошнія пяць дзесяцігоддзяў пайшлі ў абсалютна памылковым напрамку.
Каб зразумець, што адбылося цягам гэтай паловы стагоддзя, можна паразважаць над далікатным балансам паміж заданнямі Касцёла ad infra і ad extra , якія з’яўляюцца двума бакамі аднаго медаля. Можна сказаць, што Касцёл мае сваё ўласнае ўнутранае жыццё: літургічнае, сакрамэнтальнае, духоўнае, інтэлектуальнае – якое вызначаецца спалучэннем Святога Пісання, святой традыцыі і Магістэрыя. Гэтае жыццё трэба даглядаць, узрошчваць, ахоўваць, паглыбляць, каб яно само па сабе заставалася здаровым і актыўным. У той жа час Касцёл мае пастаяннае місіянерскае заданне – заклік выходзіць у свет няверуючых, прапаведаваць яму, навяртаць яго, асвячаць яго, супрацьстаяць яго памылкам і змагацца з яго праблемамі. Шляхетным намерам св. Яна ХХІІІ, вельмі традыцыйнага Папы ў многіх адносінах, было зрабіць так, каб скарбы ўнутранага жыцця Касцёла пачалі ўздзейнічаць на сучаснасць і на знешні свет. Менавіта з гэтай мэтай ён склікаў як Рымскі сінод, так і больш вядомы Другі Ватыканскі сабор. Ён жадаў, каб Каталіцкі Касцёл выдаў Божае святло і праўду, каб ён узмоцніў сваю апостальскую дзейнасць, якая квітнела ўжо пры пантыфікаце Пія ХІІ.
Што насамрэч адбылося ў гады Сабору і адразу пасля яго, добра вядома. Касцёл прайшоў праз перыяд амнэзіі ad intra і страціў сваю ідэнтычнасць з-за інтаксікацыі ad extra . Мы забыліся пра тое, што калі свой уласны дом, свая ўласная душа не ў парадку, то мы не маем нічога годнага, каб падзяліцца са светам; што прапаведаванне Добрай Навіны няверуючым эфектыўнае толькі тады, калі па прыбыцці ў Касцёл іх чакае штосьці неверагодна добрае. Аднак замест таго, каб заклікаць Божы люд да здаровага пакаяння і аб’явіць шырокае аднаўленне ad intra , Папа Павел VI і шматлікія іерархі працягвалі далей і далей, з усё большай нелагічнасцю прасоўваць непрадуманую праграму ad extra . Увядзенне радыкальна новай формы літургіі прыпячатала гэтую аднаўленчую траекторыю і на пэўны час прыдушыла выхаванне інстытуцыйнай памяці і ідэнтычнасці. Сапраўды, захаванне моцнай сувязі з мінуўшчынай пачало сярод многіх духоўных і свецкіх асобаў лічыцца небяспечнай справай, якая перашкаджае актуальнасці, эфектыўнасці, сціпласці і беднасці.
Кажучы коратка, гісторыя Касцёла ад Сабору да сённяшняга дня – гэта гісторыя зацятых высілкаў ad extra без дастаткова глыбокіх унутраных рэсурсаў альбо, што яшчэ горш, з адначасовым скажэннем і падаўленнем гэтых рэсурсаў. Як адзначалі многія, цягам апошніх пяцідзесяці гадоў часта здавалася, што інстытуцыянальны Касцёл нашмат больш клапоціцца пра атэістаў, мадэрністаў і не-каталікоў рознага кшталту, чым пра сваіх верных дзяцей, якія хочуць верыць у тое, у што верылі заўсёды, і жыць так, як святыя мужчыны і жанчыны заўсёды імкнуліся жыць, «у свеце, але не ад свету». На думку прыходзяць словы святога Паўла: «Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш – блізкім па веры» (Гал 6:10), і яшчэ: «Калі ж хто не апякуецца сваімі, асабліва хатнімі, той адкінуў веру і горшы за няверуючага» (1 Цім 5:8).
Читать дальше