У беларускіх гарадоў адабралі ўсе даўнейшыя правы і вольнасці. Каб хутчэй сцерці памяць пра той час, калі наша Бацькаўшчына была незалежная, новая ўлада забараніла нават старадаўнія гербы.
Падаткі на беларускіх землях былі ў пяць разоў цяжэйшыя, чым на расейскіх. Маладых здаровых мужчынаў пад прымусам забіралі ў царскую армію. Родныя развітваліся з імі так, быццам праводзілі на той свет, бо салдаты павінны былі служыць цару ўсё жыццё. Потым гэты тэрмін зменшылі да дваццаці пяці гадоў, але пасля такой доўгай службы ўсё роўна амаль ніхто не вяртаўся дадому жывы.
Царскія ўлады не прызнавалі беларусаў за народ і змагаліся з нашай мовай. Вучыцца на ёй было забаронена. Нашых продкаў пазбаўлялі права нават на свае імёны і прозвішчы. Адразу пасля захопу ўсходніх беларускіх земляў царскія пісарчукі перарабілі Міхасёў у “Михаилов”, Язэпаў у “Иосифов”, а Тамашоў у “Фомы”. Жукі ператварыліся ў “Жуковых”, Кавалі — у “Ковалевых”...
Новыя гаспадары ўчынілі з паняволенага народа яшчэ адзін здзек. Большасць беларусаў была тады вуніятамі, якія добра ведалі, што яны не расейцы і не палякі. Каб хутчэй ператварыць беларусаў у расейцаў, царская ўлада забараніла народную вуніяцкую веру, якая была апірышчам беларускай мовы.
Тых, хто не хацеў ісці да праваслаўных царскіх папоў, усяляк каралі і часам збівалі да смерці. У адной з тагачасных газетаў расейскі пісьменнік Аляксандр Герцэн расказаў пра выпадак, калі хлопчыку-вуніяту, які адмаўляўся прыняць чужую веру, царская паліцыя загадала даць дзвесце бізуноў.
Трапіла пад забарону не толькі беларуская мова, але і сама назва Беларусь. Адмысловым указам цар загадаў ва ўсіх дзяржаўных дакументах называць нашую Бацькаўшчыну “Северо-Западным краем”. Расейскія ўлады хацелі, каб беларусы забылі пра сваю былую незалежнасць. Каб забылі нават найменне сваёй зямлі.
Але беларусы не змірыліся з чужынскім панаваннем.
На працягу няпоўных ста гадоў пасля захопу Беларусі нашы вальналюбныя продкі тройчы браліся за зброю, каб вырвацца са смяротных абдымкаў царскай імперыі.
Першым у гэтай барацьбе было паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, пра якое пойдзе гаворка ў наступным апавяданні.
Пытанні і заданні
1. Чаму беларусы не хацелі жыць пад уладаю маскоўскіх цароў?
2. Раскажы пра парадкі ў Расейскай дзяржаве.
3. Чаму слабела нашая краіна?
4. Што ты ведаеш пра падзелы Рэчы Паспалітай? Чым яны скончыліся?
5. Раскажы пра жыццё ў Беларусі пад царскім прыгнётам.
6. Як захопнікі ставіліся да нашай мовы? Як яны перакручвалі беларускія імёны і прозвішчы?
7. Чаму расейскія ўлады забаранілі вуніяцкую веру?
8. Дзеля чаго цар забараніў назву Беларусь?
Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі
Чалавек, які стаў правадыром паўстання нашых прадзедаў супраць расейскага панавання, добра вядомы ва ўсім свеце. Ён лічыцца нацыянальным героем не толькі Беларусі і Польшчы, але і Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэтаму чалавеку стаяць помнікі ў польскіх гарадах Кракаве і Лодзі, у швейцарскім горадзе Салюры, а таксама ў Вашынгтоне, Чыкага, Кліўлендзе ды іншых гарадах Амерыкі. Ягоным імем названыя самая высокая гара Аўстраліі, горад у адным з амерыканскіх штатаў і астравы на Алясцы. У Беларусі імя паўстанцкага камандзіра маюць вуліцы ў Берасці, Горадні і Косаве. Ягоная памяць ушанаваная некалькімі мемарыяльнымі знакамі. А вось помніка нашаму герою ў Беларусі дагэтуль няма. Напэўна, таму, што гэтага не хочуць ворагі нашай незалежнасці. У іх Касцюшка выклікае страх і праз дзвесце гадоў пасля паўстання.
Правадыр змагароў
Тадэвуш Касцюшка належаў да старажытнага беларускага роду. Ягонае дзяцінства прайшло ў бацькоўскім маёнтку Мерачоўшчына паблізу ад мястэчка Косава (цяпер Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці). Сям’я Касцюшкаў жыла ў сціплым драўляным доме пад саламянай страхой. Шмат вандруючы па свеце, Тадэвуш потым часта ўспамінаў прыгожыя беларускія краявіды вакол ракі Шчары, у якой у дзіцячыя гады любіў купацца і вудзіць рыбу.
Спачатку хлопчык засвойваў навуку ў недалёкай ад роднага дома навучальні манахаў-піяраў. Тут ён вывучаў гісторыю і лацінскую мову, матэматыку і фізіку, красамоўства і культуру паводзінаў.
Пасля вучэльні Касцюшка паступіў у Варшаўскі кадэцкі корпус. Такія корпусы рыхтавалі афіцэраў для войскаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. У тыя гады сябры празвалі Тадэвуша “Шведам з-пад Берасьця”.
Читать дальше