«Эй, студенты! - цяжкавата варочаючы языком, загаварыў дзядзька Коля-масквіч. - Я вот этими руками, - крыху пагойдваючыся на таўстых, як бёрны, нагах, ён растапырыў перад сваім налітым злосцю тварам шырозныя далоні з кароткімі і мясістымі, бы сардэлькі, пальцамі, - вот этими руками семерых ребят замочил. Для меня зона, что для вас - воля, а химия - так, ни рыба ни мясо, ни тайга ни тундра».
Праваруч мяне, дзе займала абарону Аміна, пачуліся дзіўнаватыя гукі. Я асцярожліва скасавурыўся: татарка, сціснуўшы стрэльбу, напаўголаса спявала ваяўнічую песню свайго народа.
«Слушайте сюда, - казаў далей дзядзька Коля. - Фиксатого отдайте, боксера х...ва, а вас нам и на... не надо...»
Я выцер аб калашыны будатрадаўскіх штаноў узмакрэлыя рукі і падумаў, што сустрэча са смерцю адтэрміноўваецца. Мы крыкнулі, што фіксатага, гэта значыць Толіка, у доме няма і дзядзька Коля-масквіч можа выслаць да нас двух хімікаў-кантралёраў.
Пачаўшыся на драматычнай ноце, прыгода скончылася бурлескна. Абшнарыўшы дамок і напалохаўшы ў салуне дзяўчат, кантралёры патапталіся на ганку, няўдала паспрабавалі ўшчыкнуць Аміну і раптам нязмушана-элегантна падхапілі нашую скрынку з партвейнам і, не надта прыспешваючы хаду, рушылі ў свой стан. Дачка татарскіх стэпаў ускінула дубальтоўку. «Аміна! Па сраках!» - адчайна і ўадначас спуджана выгукнуў Міхась Чарніловіч, але Генік з Джонам Галяком ужо віселі ў татаркі на руках.
Свята згэмталася. У адрозненне ад мясцін, дзе служыў Міша Бугор, так нікога і не зарэзалі. Недзе хаваўся ад дзядзькі Колі-масквіча Раслінскі з баксёрскімі пальчаткамі; недзе скрыгатаў зубамі ад болю настаўнік Сацук з пяціканцовай зоркаю на лбе; Аміна, уладкаваўшыся на ганку, гартанна спявала пераможную татарскую песню, а ў салуне жавалі ад хвалявання беларускае сала, запіваючы яго цёплым партвейнам, нашы бясстрашныя сяброўкі.
У панядзелак ваяўнічыя хімікі працверазелі і даведаліся, што фіксатага з Бугром перакінулі верталётам у Бл. Яр, а паколькі дзядзька Коля-масквіч меў даўгія рукі і словамі не кідаўся, герояў Дня будаўніка, выключыўшы за п'янку з атрада, хуценька адправілі на Вялікую зямлю ў родны Менск. Дзядзька Коля загадаў за недагляд зрабіць некалькім сваім людзям «самавучку», а сам у раздрыпаных пачуццях на ўсю ноч зачыніўся з дзвюма хіміцамі.
Са жнівеньскай непазбежнасцю восені набліжаўся гаркавы момант расстання. Вада ў кар'ерах прыкметна пахаладнела, а вечаровыя вогнішчы зрабіліся цішэйшымі і маркотнейшымі. Хімікі зайздросцілі нам, мы папрывыкалі да амазонак, а некаторыя з іх, як засведчылі будучыя падзеі, клапатліва ўзгадоўвалі ў сваіх дзявочых сэрцах не абы-якія надзеі. Моўчкі ўзіраўся ў агонь «цяжкі» падлетак Віця, якому за два месяцы выпала прайсці некалькі курсаў мужчынскіх універсітэтаў. Нават пасялковыя падлеткі ўжо не пускалі нам у вочы чмуту, а сарамліва пыталіся, якія ў Менску ёсць інстытуты і ці цяжка туды паступіць.
У апошні дзень маленькая Віка, расчэсваючы грабянцом кудзеркі, дрыготкім галаском прамовіла: «Ну вот и все. Теперь будем только вспоминать», - а потым ціха, як мышанё, заплакала. Дробныя слёзкі капалі ў шклянку з «трыма сямёркамі», а я не плакаў, а недарэчна думаў, што калі нават Віка будзе капаць у шклянку ўвесь дзень, яе слёзы ўсё адно не зменяць колеру віна.
Чарніловіч са сваёй Насцяю дамовіліся, што яна прыедзе ў Менск і яны занясуць у загс заяву. Джон Галяк з цёмненькай Святланкаю да самага вечара адсутнічалі. Варвара, непрыгожа скрывеліўшыся, таксама заплакала, а Аміна, што пасля Дня будаўніка заслужана прыбілася да нашае кампаніі, выпіла тры шклянкі віна і тры разы пальнула ў цёмнае неба з дубальтоўкі.
Чмыхлівы дызель прывёз нас па «нашай» вузкакалейцы ў Бл. Яр, дзе мы ўбачылі будатрад «Victoria» ў апагеі разброду і маральных хістанняў. Шырыню фронту работ вызначала замова на дзве прыбіральні-шпакоўні для аэрадрома, дзе нам з Генікам як ужо вядомым спецыялістам з ходу даверылі выканаць пачэсную частку працы. Не маючы за што зацяць рукі, байцы СБА выпівалі, гулялі ў карты на вушы, задзіраліся з мясцоваю шпаной і лавілі брадніком у старыцах рыбу. Камандзір атрада, аспірант Валодзя Засохін, нажлукціўшыся грамадскага каньяку, вырашыў пакатацца на грузавіку і знёс палову дашчанай сталоўкі.
Рэпін-дацэнт тым часам выйшаў на волю, а цыганаваты Сашка вярнуўся на зону: акуратна разабраў у прадуктовай крамцы шыферны дах, украў дзве пляшкі гарэлкі і пару селядцоў, выпіў на мураве проста пад крамнаю сцяной, пажаваў салёны рыбін хвост і бесклапотна задрамаў на месцы злачынства, дзе і быў праз гадзіну забраны міліцыянтамі.
Читать дальше